Ваеннны гісторык член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Барысенка выдаў багатую на факты і іх публіцыстычнае асэнсаванне кнігу-хроніку «Свабода прыйшла з усходу: ад Хоцімска да Магілёва і Бабруйска».
На старонках грунтоўнага навукова-папулярнага выдання даследчык разглядае тэму вызвалення ўсіх раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці часцямі Чырвонай Арміі і партызанамі, пачынаючы з канца верасня 1943 года і завяршаючы поўным выгнаннем нямецкіх акупантаў з тэрыторыі Магілёўшчыны 30 чэрвеня 1944 года. Асобнае месца ў кнізе займае аповед пра баявыя дзеянні на тэрыторі вобласці ў час Беларускай аперацыі «Багратыён». У выданні ўпершыню шырока выкарыстаны шматлікія архіўныя дакументы, рэдкія фотаздымкі і ўспаміны ўдзельнікаў вызвалення.
Расказваецца пра асабліва цяжкія баі на рацэ Проня ў Дрыбінскім, Чавускім, Слаўгарадскім (ранейшая назва — Прапойскім) раёнах восенню 1943 года, а таксама пра Магілёўскую і Бабруйскую наступальныя аперацыі ў чэрвені 1944 года.
Выдадзеная пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэялагічнай працы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама кніга разлічана на ўсіх, хто зацікаўлены ў вывучэнні ваеннай гісторыі Магілёўшчыны. Можна смела адзначыць і тое, што выкладаць гісторыю ў агульнаадукацыйных школах і ВНУ Магілёва, Магілёўскай вобласці цяпер ужо нельга без такога выдання, як «Свабода прыйшла з усходу...» Мікалай Барысенка, які найперш у нашай краіне вядомы як пошукавік, руплівы краязнаўца, гісторык, які прайшоў многія кіламетры ў пошуках астанкаў чырвонаармейцаў і камандзіраў, што навечна засталіся ў беларускай зямлі, з’яўўляецца членам Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За пошукавую працу, за аднаўленне і захаванне праўды пра Вялікую Айчынную вайну гісторык і пісьменнік адзначаны кіраўніком нашай дзяржавы медалём Францыска Скарыны, ордэнам Францыска Скарыны.
Саюз пісьменнікаў Расіі і ўрад Белгародскай вобласці адзначыў беларускага даследчыка і літаратара прэстыжнай прэміяй «Прохараўскае поле».
На старонках новай кнігі Мікалая Барысенкі — безліч імёнаў, багацце фактаў, якія раней не гучалі са старонак нават самых паўнавартасных энцыклапедычных, даведачных выданняў. Чытач пазнаёміцца на старонках унікальнага выдання з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, якія вызвалялі Магілёў і Магілеўшчыну. Ужо зараз, як толькі што кніга прыйшла з варштатаў Магілёўскай абласной узбуйненай друкарні імя Спірыдона Собаля накладам 500 экзэмпляраў, зразумела, што «Свабода прыйшла з усходу...» патрабуе болей масавага, болей тыражнага перавыдання. І, зразумела, — распаўсюджвання па ўсёй краіне і таксама ў Расійскай Федэрацыі, у іншых краінах, чые сыны і дочкі вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Будзем спадзявацца, што ў 2025-м, да 80-годдзя Вялікай Перамогі, агульнай перамогі савецкага народам над нямецкім фашызмам, кніга будзе выдадзена наноў і стане добрым падарункам усім, хто шануе памяць пра нашых гераічных прашчураў.
Мікола Берлеж
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!