Горад Масты сёння прымае галоўнае свята хлебаробаў Гродзенскай вобласці. Гасцей раённага цэнтра і яго жыхароў чакае надзвычай разнастайная праграма яскравых мерапрыемстваў.
Традыцыйнымі і вельмі насычанымі абяцаюць быць падворкі кожнага раёна. Тут можна ўбачыць усю гісторыю развіцця тэрыторыі. Напрыклад, пляцоўка гаспадароў свята верне прысутных у 1997 год, калі Масты прынялі рэспубліканскі фестываль «Дажынкі» з удзелам кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Як гэта было, раскажуць кадры фотахронікі. Таксама тут можна даведацца аб самых унікальных рамёствах раёна і паўдзельнічаць у майстар-класах па травапляценні.
Наведвальнікі Лідскага падворка пазнаёмяцца з гісторыяй аграрнай галіны ў пасляваенны перыяд 1943–1955 гадоў. Менавіта ў гэты час пачалася работа ў новых умовах калектыўных гаспадарак раёна. А прадстаўнікі Ваўкавыска адлюструюць усе этапы станаўлення горадаўтваральнага прадпрыемства ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат», які сёлета адзначае 60-гадовы юбілей. Падворак Свіслацкага раёна пакажа і раскажа аб эвалюцыі брэндавага свята — каравай-фэсту «Бацькава булка». Астравецкі раён прадэманструе дасягненні ў малочнай галіне. Акрамя таго, усе прысутныя змогуць ацаніць разнастайныя караваі і снапы, якія прадстаўлены на конкурс кожным раёнам.
Да свайго галоўнага свята аграрыі Гродзеншчыны падыходзяць з добрымі вынікамі. Рэгіён трывала займае лідарства па сельгасвытворчасці ў краіне. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур склала сёлета 48 цэнтнераў з гектара — найлепшы паказчык краіны. Усяго атрымана звыш 2,2 мільёна тон зерня, што з’яўляецца другім вынікам пасля Мінскай вобласці.
У Гродзенскай вобласці сёлета нямала і асабістых рэкардсменаў на жніве. Ёсць нават камбайнер-шасцітысячнік. Найвышэйшы вынік па краіне на жніве 2024 прадэманстраваў працаўнік СВК «Гродзенскі» Гродзенскага раёна Сяргей Шантыр, які намалаціў 6655 тон збожжа. Вядома, падчас свята найлепшыя хлебаробы атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Пераможцаў чакаюць таксама каштоўныя падарункі.
Канцэртная праграма парадуе выступленнямі знакамітых беларускіх і расійскіх выканаўцаў. Некалькі музычных пляцовак, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў дзіцячых музычных школ вобласці, не дадуць засумаваць нікому. А аматарам тэхнікі даспадобы прыйдзецца выстаўка рэтрааўтамабіляў і сельгастэхнікі. Усіх наведвальнікаў чакае шмат цікавых лакацый і інтэрактыўных пляцовак.
Рэгіён вельмі адказна падышоў да падрыхтоўкі свята. Добраўпарадкаванне горада пачалося яшчэ на пачатку года. Было адноўлена 13 кіламетраў гарадскіх вуліц, работу вялі некалькі дарожна-будаўнічых упраўленняў, у тым ліку з іншых раёнаў вобласці.
Змянілася і само аблічча горада. Прыведзены ў парадак будынкі жылых, сацыяльных, культурных аб’ектаў. Па-новаму стаў выглядаць фасад цэнтральнай раённай бальніцы, каля будынка з’явілася вельмі прыгожая інсталяцыя — сэрца ў далоні медыцынскіх работнікаў. Цікавае афармленне атрымаў раённы Дом культуры — яго фасад распісаны беларускім арнаментам.
Горад увогуле вельмі змяніўся ў эстэтычным плане. Прыцягвае ўвагу вялікі мурал на дзевяціпавярховым доме на ўездзе з боку Мінска. Лірычная кампазіцыя спалучыла сям’ю, хлеб, беларускую прыроду. Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік, работы па ўпрыгожванні вяліся ў адпаведнасці з канцэпцыяй у стылі нацыянальнай сімволікі. З’явілася нямала ўнікальных фотазон. У іх ліку і стары дуб у цэнтры горада, які аформлены казачнымі персанажамі. Сімвал 2024 года — дракон — таксама атрымаў увасабленне на адной з цэнтральных пляцовак.
А падарункам для жыхароў стаў шматпавярховік на 56 кватэр, дзе выдзелена жыллё для шматдзетных сем’яў, маладых спецыялістаў, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Асаблівасць новага дома ў тым, што гэта першы ў раёне жылы будынак, які поўнасцю на электразабеспячэнні.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота grodnonews.by
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.