Мастацка-дакументальная выстава «Мая сям’я» адкрылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Не сакрэт, што для паэта сям’я мела вялікае значэнне. Ён рана страціў маці, і ва ўсіх жанчынах, якія былі побач, заўжды стараўся адшукаць яе вобраз. А яшчэ ён вельмі хацеў асабістую сям’ю і марыў пра чарнавалосую маленькую дачушку Ганну Максімаўну, але лёс вырашыў інакш. Тым не менш у яго сямейным дрэве шмат цікавостак, дык давайце пазнаёмімся з выставай крышачку бліжэй.
Трэба адзначыць, што гэта экспазіцыя — сумесны праект Літаратурнага музея М.Багдановіча і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Па словах дырэктара Літаратурнага музея М.Багдановіча Міхаіла Бараноўскага, тут прадстаўлена больш за 100 арыгінальных экспанатаў. Гэта нематэрыяльныя сведкі жыцця сем’яў, сярод якіх фотаздымкі з дароўнымі надпісамі, лісты і паштоўкі, прадметы побыту, кнігі, дакументы. Усе рэчы захаваліся дзякуючы непрамым нашчадкам Максіма Багдановіча па лініі маці і бацькі.
— Для мяне адзін з самых цікавых экспанатаў — гэта гадзіннік для сляпых адзінакроўнага брата Максіма Багдановіча Паўла. Мы ніколі яго не выстаўлялі, бо ён зусім нядаўна да нас вярнуўся з Яраслаўля, — дадаў Міхаіл Бараноўскі.
Выстава падзелена на тры часткі. Цэнтр адведзены сям’і самога Максіма Багдановіча. Увазе гледачоў прадстаўлена карціна Віктара Маркаўца «Маці паэта», на якой намалявана Марыя Апанасаўна разам з маленькім Максімам.
— Гэта праца патрапіла ў фонды музея, як толькі ён стварыўся. Гэта адна з нашых любімых карцін. Але мы не так часта яе выстаўляем, бо яна вельмі магутная і забірае ўсю ўвагу на сябе, — распавяла вядучы навуковы супрацоўнік літаратурнага музея М.Багдановіча, куратар выставы Ірына Мышкавец.
Таксама побач размясціліся партрэты двух братоў паэта: старэйшага Вадзіма і малодшага Льва, а яшчэ ў цэнтральнай частцы выставы можна пабачыць яшчэ адзін рарытэт музея: лісты бацькоў Максіма Багдановіча адзін да аднаго. Яны пісалі пра ўсё, што думалі, і пра ўсё, што адчувалі: сямейныя клопаты, падарожжы, дзеці...
Далей экспазіцыя разыходзіцца на два бакі. Адзін расказвае пра сваякоў па лініі бацькі, а другі — па лініі матулі.
— Думалі пра тое, як зрабіць гэтую выставу. Атрымалася ў нас залатая сярэдзіна. Мы расказваем пра тых нашчадкаў Максіма Багдановіча, якія былі побач з ім, пра родных цётак і іх дзяцей, — падзялілася Ірына Мышкавец.
Цікава разглядаць старыя фотаздымкі і слухаць гісторыі сям’і, якая сфарміравала асобу паэта. Так, яго бацька калісьці ўзяў на сабе адказнасць за будучыню трох сваіх сясцёр, вучыў, выхоўваў і арганізоўваў іх сямейнае шчасце. Менавіта ад цётак Максім чуў успаміны пра родную даўніну, аповеды і гісторыі з мінулага, а таксама песні, казкі і крылатыя выразы. І вось зараз Магдаліна, Паўліна і Марыя глядзяць на нас з чорна-белых партрэтаў, быццам бы жывыя, і гатовыя расказаць яшчэ шмат цікавых гісторый.
— Мы вельмі часта размаўляем пра людзей мінулага, і нам падаецца, што яны былі вельмі падобныя да нас. На самой справе, яны маглі не тое самае есці, не так спаць, не так працаваць, але самае галоўнае, што нас аб’ядноўвае — гэта тое, што мы ўсе паходзім з нейкай сям’і. Сям’я Багдановічаў — гэта значна больш, чым толькі сям’я Максіма Багдановіча. Гэта вельмі вядомая сям’я ў беларускай гісторыі, значэнне яе выходзіць далёка за межы гэтай выставы, — адзначыў вядучы навуковы супрацоўнік беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Дзмітрый Самахвалаў.
Канешне, вельмі сімвалічна пазнаёміцца з такой выставай падчас пяшчотнага тыдня бацькоўскай любві. Але ўвогуле наведаць яе і раскрыць для сябе незвычайны свет сям’і Багдановічаў можна ажно да 15 мая.
Лізавета ГОЛАД
фота аўтара.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!