Вераснёўскі нумар і сапраўды дазваляе паглыбіцца ў штосьці аддаленае ад нашага свету. Навуковая фантастыка і фэнтэзі, даўняя гісторыя і сучаснасць, нязменныя аргументы жыць, а не існаваць, пошукі ў творчай працы... Папаўненне раздзела прозы адбываецца дзякуючы творам Цімафея Савянка, Аляксея Дзямідчыка, Сашы Тэмлейна, Таццяны Марозавай, Зінаіды Дудзюк, паэтычнага — плёну Марылі Буйны, Ірыны Макарчук, Анжэлы Ярмалінскай, Віктара Шніпа. Апрача гэтага, апублікаваны вынікі конкурсу «БРАМАМАР». Працяг хронік літаратурнага жыцця 1976–1979 гг. прапануе Кастусь Лешніца, Наталля Святлова пагутарыла з паэтам Рагнедам Малахоўскім. Вітаўт Чаропка распавёў пра мастака Казіміра Альхімовіча. Ясенія Аляксеева разгледзела спектакль «Мудрамер» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Наталля Бахановіч працягнула рубрыку «(Аб)меркаванне». Аздобу форзацаў вераснёўскага нумара складаюць рэпрадукцыі работ Таццяны Савік. Бліжэй пазнаёміцца з аўтарамі часопіса дазваляюць анкеты, якія ўключаюць пытанні аб любімых кнігах юнацтва, літаратурным маст-хэве для кожнага беларуса, стаўленні да электронных носьбітаў, а таксама аб першых публікацыях.
«Сціплы вартавы цывілізацыі, што прыносіць святло на вуліцы і яснасць у мапы — да вашых паслугаў». Рубрыка стартуе навукова-фантастычнымі апавяданнямі Цімафея Савянка. Калі прачытаць біяграфію аўтара, то робіцца зразумелым, што бэкграўнд яго істотна адлюстроўваецца ў творчасці. Малады пісьменнік дэманструе, якой можа стаць блізкая будучыня, калі ўлічыць сучасныя асаблівасці выкарыстання прыродных рэсурсаў. На мой погляд, у творах падкрэсліваецца і далейшая ключавая роля чалавека ў лёсе Зямлі, адпаведна, адчуваецца, што людзі адаптуюць пад сябе асяроддзе, працягваючы ствараць зручныя сродкі існавання. Пры гэтым героі ўсё яшчэ не пазбаўлены пачуццёвай сферы, гэта значыць, што, хаця і робіцца больш рацыянальнай істотай чалавек будучыні, ён усё яшчэ здольны суперажываць.
«Адчуў яшчэ адзін удар і страціў прытомнасць». Апавяданне тэатральнага рэжысёра і сцэнарыста, дэбютанта-празаіка актуальнага нумара «Маладосці» Аляксея Дзямідчыка «Вусач» вяртае да нашай будзённасці, але нейкім шокавым чынам. Трывіяльная гісторыя пра хлопца-геданіста (зрэшты, не пазбаўленага некаторых унутраных хістанняў і пакут сумлення) мае незвычайную сюжэтную развязку. Праўда, не хочацца заўчасна раскрываць фінал.
«У іх быў Пагорак. І казкі, легенды, гісторыі Пагорка. А над імі звінела і спявала лета!» Наступны твор малой прозы — аўтапераклад апавядання «Пагорак» ужо знаёмага чытачам пісьменніка Сашы Тэмлейна. Своеасаблівы эскапізм — збягаць ад рэчаіснасці ў іншыя няісныя сусветы, прыдуманыя: праз кнігі, кіно, музыку, выяўленчае мастацтва — праз фэнтэзі. Здаецца, я трапіла з героем на знакамітую аглядную пляцоўку Гродна, даволі круты пагорак Нёманскага берага (толькі здагадка — але адтуль відаць прыблізна тое, што апісана ў тэксце). Пазнаюцца апісаныя аўтарам дэталі з твораў Джона Рональда Руэла Толкіна: назвы мясцовасцей, расы, імёны персанажаў...
Апрача таго, дасведчаны чытач фэнтэзі пазнае і іншыя рэчы, напрыклад, штосьці з даўняй сусветнай гісторыі, міфалогіі і фальклору. І пасярод гэтага разгортваецца рамантычны сюжэт знаёмства і адносін маладых хлопца і дзяўчыны, з яго вынікае, што бегчы ад рэчаіснасці часам з’яўляецца неблагой ідэяй…
Прытчавасцю вылучаецца філасофская мініяцюра Таццяны Марозавай «І на чым яна трымаецца». На мой погляд, адным з істотных для спасціжэння твора з’яўляецца наступны дыялог:
— Высокія дамы сталі будаваць. Мінулы раз не было вунь таго, з залатым купалам.
— Гэта яшчэ адна царква, — адказаў Вік.
— Можа, ім варта было б спачатку паглядзець на сваю зямлю, потым ужо думаць пра неба?
Мяркую, у ім заключаны сэнс сумленнага будзённага жыцця чалавека.
«Калі хрысціянін забівае хрысціяніна, парушаючы запаведзь „не забі“, дык вучэнне гэтае слабае і выклікае нявер’е нават у самых перакананых вернікаў». Буйная проза нумара — пачатак публікацыі гістарычнага прыгодніцкага рамана лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Зінаіды Дудзюк «Кошт волі». Вядзецца гаворка аб лёсе старажытных славянскіх плямёнаў рарогаў-абадрытаў, якія змагаюцца за сваю незалежнасць.
Публікацыя складаецца з шаснаццаці частак, дзе распавядаецца аб лёсе княжыча Годслава (пасля хрышчэння — Готшалка), які быў вымушаны пакінуць жыццё манаха, каб вярнуць сваю спадчыну і адпомсціць за смерць бацькі. Варта адзначыць, што ў 2023 годзе «Маладосць» апублікавала твор пісьменніцы «Сыны Рарога» (у № 4, 5, 6, 7), сугучны цяперашняму, які таксама прысвечаны падзеям тысячагодняй даўніны (гэты раман ужо ёсць і ў выглядзе свежага кніжнага выдання, дарэчы).
«Няўжо ты лічыш, што магчыма ад сябе ўцячы?» Марыля Буйна праводзіць чарговую філалагічную гульню ў нізцы «Вершы без людзей». У аснове, сярод іншага, біблейныя і міфалагічныя сюжэты, абыграны крылатыя выразы, якія прыйшлі са старажытнасці. Здаецца, у апісанні пачвар, складзеных з частак цела розных жывых істот, праглядаецца шумлівая ўнутраная існасць, эклектычная і мітуслівая. У гэтых творах ёсць чалавек са спектрам сваёй ідэнтыфікацыі — сама паэтэса, якая не можа «пісаць пра людзей»:
Чаму я не пішу пра людзей?
Чарніла не помніць,
хто пасадзіў пяро.
Човен сплыў.
І полыя, поўныя лютасці
чорныя цені
пытаюцца:
«Чаму ты не пішаш пра людзей?»
«Хто дапаможа мне?»
Яшчэ адна маладая пастаянная аўтар «Маладосці» — Ірына Макарчук з падборкай «На вострых вуглах» у своеасаблівай манеры, у вобразах, розумам не дужа спасцігальных без каментарыя, выклікае адчуванні на ўзроўні цела, здаецца, нейкія калючыя і знаёмыя.
А потым,
На наступны дзень,
Я ванітую зямлёю
І спрабую забыцца
На яе боль і на яе
Праўду.
Таму што ведаць
Гэтую праўду — невыносна.
«***Я адчыняю шуфляды...»
Анжэла Ярмалінская з генерацыі сталых паэтаў прапануе два ўзнёслыя аптымістычныя вершы. Адзін — восеньскі:
Сяброўка-восень сёння з намі!
Красуй, пануй, твой час, бясспрэчна!
І шэпча лісце пад нагамі
Аб нечым дзіўным, тайным, вечным...
«І шэпча лісце пад нагамі»
Другі — як тая песня са знаёмай старой камедыі, утульны, дзе паэтэса дэкларуе, што ў прыроды няма дрэннага надвор’я, адухаўляючы вечар, як час для сябе ў кожную пару года.
Вялікая вершаваная нізка «Жыццё — як агонь...» ад Віктара Шніпа — каралі з вершаў у вераснёўскай «Маладосці». Мінорныя матывы, самота, развагі аб паходжанні рэчаў, зменлівасці і пастаянстве навакольнага свету гучаць на гэтых старонках. Бадай, адна з самых заўважных філасофскіх тэм, абдуманых паэтам неаднаразова, — сэнс жыцця — і ці сапраўды ён істотны, ці не марнае існаванне наша на зямлі. Неаднаразова выкарыстаны выраз пра час раскідваць камяні і час збіраць — у кантэксце падтрымкі раўнавагі, напрыклад:
Ты доўга ішоў і забыўся,
навошта дарогу
Ты выбраў у поле, дзе сёння не знойдзеш
нікога.
І ты азірнуўся, і ўміг ты зрабіўся
травою,
І вецер варонай узмыў над маўклівай
зямлёю,
Дзе поўня была, быццам камень
апошні на полі,
Які не сабраць анікому й ніколі...
«***Ты выйшаў у поле,
дзе ўсе камяні пазбіраны...»
Віктар Шніп узбагачаецца вобразамі з прыроды, ачалавечвае іх, ахайна прысвойвае. Гэтым разам шмат жывых істот, асабліва птушак. Быццам адчуваецца туга цяперашняга гарадскога жыхара па вёсцы, па прасторы наваколля, па мінулым, па блізкіх людзях — гэта асабліва выклікае суперажыванне. Робіцца скрушна, быццам міжсезонная беларуская шэрань ахінае сам розум... Ды ўсё ж не без веры ў лепшае і не без малітвы.
Вынікі рэспубліканскага літаратурнага конкурсу студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар» імя У. А. Капцава прадстаўлены ў аднайменнай рубрыцы. Апублікаваны, зразумела, найлепшыя работы лаўрэатаў. Сярод паэтаў — Маргарыта Стрыевіч, Раман Гадун, Ангеліна Мацюшонак. Сярод празаікаў — Лера Гілеўская, Арцём Салькоў і Паліна Корнева. Некаторыя імёны шаноўны чытач ужо сустракаў на старонках «Маладосці». Нагадаем, што ў намінацыях сёлета адбыліся змены: да традыцыйных «Студэнцкай прозы», «Студэнцкай паэзіі», «Школьнай прозы» і «Школьнай паэзіі» дадалася новая — «Сцэнарыі камп’ютарных і настольных ролевых гульняў».
«У чэрвені 1979 года на пасяджэнні ЮНЕСКА ў Парыжы з дакладамі, прысвечанымі Ф. Скарыну, выступілі беларускія даследчыкі Г. Галенчанка, В. Чамярыцкі, В. Шматаў». Архіўныя старонкі аддадзены матэрыялу Кастуся Лешніцы — ужо чацвёртай частцы з хронікі самых важных падзей літаратурнага жыцця ў 1966–1985 гг., а дакладней, цяпер месцу і ролі беларускай літаратуры ў свеце ў 1976–1979 гг. «Упэўнены, у маладой беларускай паэзіі яркая будучыня». Рубрыка «Асоба» — гутарка Наталлі Святловай з паэтам, намеснікам старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнедам Малахоўскім. Інтэрв’ю прысвечана біяграфіі, шляху ў творчасць, пытанням жыццёвых прыярытэтаў і погляду на сучасную беларускую літаратуру ва ўсёй яе разнастайнасці.
«Нягледзячы на змрочнасць палоцен Казіміра Альхімовіча, яго амаль містычны песімізм, мастак верыў у светлую будучыню сваёй Радзімы». Навукова-папулярны матэрыял Вітаўта Чаропкі пра ўраджэнца Лідчыны, аднаго з пачынальнікаў гістарычнага жанру ў беларускім жывапісе Казіміра Альхімовіча (1840–1916) з’яўляецца першым у традыцыйнай рубрыцы «Мастацтва». Як мінімум для зацікаўлення шаноўнага чытача прыгадаем яго карціны «Свіцязянка» — паводле хрэстаматыйнай балады Адама Міцкевіча ці, напрыклад, «Абарона Гольшчына» — напісана на аснове п’есы Уладзіслава Сыракомлі «Каспар Карлінскі».
«Нам цяпер замест маралізатарства і натацый хочацца элемента пазнавання і настальгіі па незнаёмым мінулым». Далей Ясенія Аляксеева аглядае сцэнічную класіку — спектакль «Мудрамер» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (рэжысёр-пастаноўшчык — Аляксандр Гарцуеў) паводле п’есы Міколы Матукоўскага.
«...даць прывабныя звонку карысныя чалавеку плады». Тэкст Наталлі Бахановіч пад назвай «Цуды інтэрпрэтацыі, альбо Як мы выходзім з берагоў...» непазбежна запрашае да дыскусіі ў «(Аб)меркаванні». Аўтар звяртае ўвагу на адметныя рэчы нашай сучаснасці, на іх медыйнасць. Гэта значыць, аб’ектам грамадскага абмеркавання можа стаць літаральна што заўгодна: ад рэцэпта яечні на сняданак ці прысутнасці мукі ў драніках і да сусветна прызнаных твораў мастацтва. Ці маю я права пракаментаваць прачытанае? Дазволю сабе. Мяркую, сёння кожны чалавек выбірае, што яму спажываць, на чым выхоўваць сваё цела і свядомасць. А ў адносінах да мастацтва — тым болей (усплыў жарт пра колер і смак фламастараў). А яшчэ я б хацела аспрэчыць ідэю элітарнасці мастацтва. Кожны чалавек здольны ўзяць ад пэўнага твора нешта, калі толькі пажадае (нават у выпадку адсутнасці пошуку глыбінных сэнсаў, напрыклад, вызначыць прыгожа яму ці не, радасна ці тужліва — мастак быў бы рады даведацца, што закрануў пачуцці свайго рэцыпіента). Але хочацца пагадзіцца з Наталляй Бахановіч у тым, што перадача зместу твора, які трапляе на агляд блогера, павінна захоўваць максімальную дакладнасць, як кажуць, «блізка да тэксту», інакш мы і страцім мастака, і перастанем верыць папулярызатару.
Кацярына ЦІМАНОВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.