Гэта тэма была разгледжана падчас рэспубліканскага семінара «Турысцка-экскурсійная дзейнасць як адзін з рэсурсаў патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Абласны праект „#Мая_Зямля_Прыдняпроўе“ ў сістэме развіцця адукацыйнага турызму ў рэгіёне». Сустрэча адбылася, дзякуючы намаганням Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага абласнога цэнтр творчасці. Удзел у ёй узялі каля 80 прадстаўнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі.
Праект «#Мая_Зямля_Прыдняпроўе» рэалізуецца ва ўстановах адукацыі Магілёўскай вобласці з сакавіка па снежань 2024 года.
— Ён праводзіцца з мэтай удасканалення дзейнасці ўстаноў адукацыі па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей і навучэнскай моладзі праз іх актыўнае ўключэнне ва ўсебаковае вывучэнне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны малой радзімы, — паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці. — У рамках яго адбываюцца розныя конкурсы, чэленджы, экспедыцыі. Напрыклад, конкурс відэазамалёвак «Маўклівыя сведкі» прадугледжваў стварэнне відэаматэрыялу пра галоўную сямейную рэліквію, а экспедыцыя-пошук «Альбом памяці» — падрыхтоўку інфармацыі аб знакавых асобах свайго краю. Гэтыя напрацоўкі з’яўляюцца асновай для развіцця адукацыйнага турызму ў вобласці.
Удзельнікі семінару наведалі агульнае месца смутку ў Кіраўскім раёне, дзе знаходзіцца мемарыяльны комплекс, прысвечаны памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці.
У чэрвені 1942 года фашысцкія карнікі знішчылі разам з жыхарамі вёску Боркі і шэсць прылеглых пасёлкаў. Гэта адна з самых маштабных крывавых трагедый на тэрыторыі Беларусі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі прынеслі даніну павагі загінуўшым, прыняўшы ўдзел у мітынгу-рэквіеме «Памяць не згасае.» Наступным месцам прыпынку стала яшчэ адно гістарычнае месца Кіраўскага раёна — «Жыліцкі гістарычны комплекс-музей». Летась Жыліцкі палац вядомага магнацкага роду Булгакаў адзначаў сваё 200-годдзе. Ён быў адноўлены па рэспубліканскай інвестпраграме «Культура Беларусі». На базе комплекса-музея прайшло пашыранае пасяджэнне рабочай групы па развіццю адукацыйнага турызму.
У ходзе пасяджэнняў семінара былі прэзентаваныя праекты некалькіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Сваім вопытам падзяліліся і прадстаўнікі іншых абласцей Беларусі. Напрыклад, загадчыца аддзела турызму і краязнаўства Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Прыскока паведаміла пра эфектыўныя практыкі адукацыйнага турызму для дзяцей і моладзі ў ходзе работы над праектам «Вольны час», а настаўніца пачатковых класаў гімназіі імя Ф.Скарыны з Гродна Тамара Гайдук расказала пра адукацыйнае падарожжа «Слонімшчына — край цудаў».
— Падобныя семінары накіраваныя на актывізацыю дзейнасці ўстаноў адукацыі па развіцці адукацыйнага турызму і павышэнні ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі педагагічных работнікаў у гэтым кірунку, — паведамілі арганізатары. — Сумесная дзейнасць садзейнічае пабудове адзінага інфармацыйнага, метадычнага і камунікатыўнага асяроддзя і дапамагае павысіць якасць работы па патрыятычным выхаванні.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.