Сёлета кукурузны год, гавораць навукоўцы. Рэкордная спякота ў жніўні, якая негатыўна паўплывала на ўраджаі іншых культур, кукурузе пайшла толькі на карысць: ураджайнасць яе па краіне — у межах сярэднесусветных паказчыкаў. Звярнуўшы на гэта ўвагу, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй паездкі ў Шклоўскі раён паставіў задачу замяніць імпартныя сарты гэтай культуры якаснымі айчыннымі. Аб тым, у якіх кірунках працуюць у Акадэміі навук нашай краіны, ствараючы новыя гібрыды кукурузы, і чаму гэта работа сёння асабліва важная, расказаў першы намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Эрома Урбан.
— Эрома Пятровіч, давайце пачнём з таго, наколькі прыдатныя ў Беларусі кліматычныя ўмовы для вырошчвання такой цеплалюбівай культуры, як кукуруза?
— Умовы цалкам прымальныя. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што кожны год і стабільна ўраджай кукурузы ў нашай краіне перавышае мільён тон — больш за тое, часам дасягае і каля двух мільёнаў тон зерня. Сёлета пасяўныя плошчы на зерне склалі больш за 297 тыс. га, на сілас — 950 тыс. га. Пры гэтым доля пасеваў кукурузы насеннем айчыннай вытворчасці вырасла з 32 % у 2016 годзе да амаль 60 % у 2023 годзе і наблізілася да нарматыўнага паказчыка, які складае як раз 60 %. Адзначу і яшчэ адзін факт: праз два гады мы плануем выйсці на паказчык у 80 % забеспячэння беларускай сельскагаспадарчай галіны ўласнымі сартамі і гібрыдамі кукурузы, і гэтыя планы цалкам рэальныя.
У дадзеным напрамку і працуем.
— Такім чынам, селекцыю кукурузы ў Беларусі можна лічыць даволі паспяховай?
— Селекцыя гібрыдаў кукурузы была распачата ў Рэспубліцы Беларусь у сярэдзіне 1990-х гадоў — то-бок, адносна нядаўна. І да магчымасці поспеху беларускіх селекцыянераў у гэтым кірунку спачатку калегі з іншых краін ставіліся з недаверам, паколькі кукуруза — цеплалюбівая культура, а клімат Беларусі далёка не ідэальны для атрымання паўнацэннага насення цеплалюбівых культур, якое адпавядае міжнародным стандартам па пасяўных якасцях. Поўнамаштабны селекцыйны працэс кукурузы быў арганізаваны на поўдні краіны, у Палескім інстытуце раслінаводства, які ўваходзіць у якасці даччынага прадпрыемства ў склад Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве.
Па сутнасці, гэту работу мы пачыналі з нуля. Калі ўспомніць 1960-я гады, тады таксама адбывалася нарастанне пасяўных плошчаў пад кукурузу, то ў Савецкім Саюзе беларускія вучоныя ў асноўным распрацоўвалі тэхналогіі вырошчвання кукурузы, а селекцыяй займаліся ў іншых рэспубліках з больш цёплым кліматам. Так што ўласную селекцыю, паўтаруся, пачынаць прыйшлося ў прамым сэнсе з самага пачатку. На гэтым этапе выкарыстоўвалі ў асноўным малдаўскі матэрыял, частку расійскага і ўкраінскага. І першыя гібрыды ствараліся на сілас, на зялёную масу. Потым быў напрацаваны наш уласны зыходны матэрыял, і ў 2000 годзе мы пашырылі селекцыйныя праграмы і пачалі ствараць універсальныя гібрыды — на сілас і на зерне, вырашыўшы, што дзяліць іх на спецыялізацыі ў нашых кліматычных умовах нерацыянальна. Хаця цяпер ужо ствараем і спецыяльныя сарты і гібрыды зерневага кірунку. У цэлым, у выніку рэалізацыі мэтавых селекцыйных праграм за 30 гадоў выдзелена, вывучана ў сістэме Дзяржаўнага сортавыпрабавання і ўключана ў дзяржаўны рэестр 15 гібрыдаў кукурузы рознага кірунку выкарыстання і хуткаспеласці.
— Чаму гэта работа настолькі важная на ўзроўні эканомікі краіны?
— У апошнія гады пасяўныя плошчы пад кукурузу істотна павялічаны — больш за мільён гектараў па краіне. І ў гэтым ёсць і неабходнасць, і мэтазгоднасць. Справа ў тым, што менавіта гэтая культура аптымальная для збалансавання канцэнтраваных кармоў для буйной рагатай жывёлы. Акрамя таго, кукуруза — найважнейшы дадатак да корму ў птушкагадоўчай галіне, ідэальна паказала сябе і па амінакіслотным складзе, і па іншых складніках у рацыёне свіней. Атрымліваецца, што для Беларусі, дзе сёння актыўна развіваецца жывёлагадоўчая галіна, менавіта кукуруза на бягучы момант — адна з ключавых культур.
— І ўсё ж аграрыі-практыкі часам аддаюць перавагу замежным сартам і гібрыдам, аргументуючы гэта тым, што кукуруза айчыннай селекцыі саступае па ўраджайнасці імпартнай…
— Сапраўды, нашым селекцыянерам даводзіцца працаваць у жорсткай канкурэнцыі з буйнымі сусветнымі карпарацыямі і замежнымі селекцыйнымі фірмамі. У Дзяржаўным сортавыпрабаванні прадстаўляюць свае гібрыды кукурузы каля 30 замежных кампаній са стагадовай гісторыяй вядзення селекцыйнага працэсу. Яны маюць сетку даччыных прадпрыемстваў, у іх ёсць магчымасць праводзіць ацэнку і абмен селекцыйнага матэрыялу ў розных экалагічных пунктах. Маюць яны таксама адпаведную колькасць кадравага патэнцыялу і адпаведнае фінансаванне. Але калі ўлічваць той факт, што селекцыйны працэс па стварэнні сорту любой расліны працягваецца ў сярэднім 10–12 гадоў, а селекцыя гібрыдаў кукурузы ў нашай краіне пачыналася практычна з нуля, то поспехі беларускіх селекцыянераў па кукурузе трэба прызнаць дастаткова значнымі. Па выніках выпрабавання за перыяд гэтай работы ў дзяржаўны рэестр уключана пяць гібрыдаў кукурузы селекцыі інстытута: «Вівален 3218» (2022 год), «Вівален 1118» (2022 год), «Дар’ян» (2022 год), «Вівален 3419» (2023 год), «Вівален 3620» (2024 год). Гібрыды з лінейкі «Вівален» — новай фармацыі, з высокімі паказчыкамі адаптыўнасці і прадукцыйнасці, створаныя з выкарыстаннем абсалютна новага зыходнага матэрыялу. Яны забяспечваюць узровень прадукцыйнасці збожжа 140–160 ц/га, зялёнай масы — 240–250 ц/га сухога рэчыва, што адпавядае сусветнаму ўзроўню. Яны ў поўнай меры могуць замяніць гібрыды заходнееўрапейскай селекцыі. Але пры адной умове: скрупулёзнага захавання тэхналогіі апрацоўкі. Важна вытрымліваць тэрміны і тэхналогію сяўбы, выкарыстоўваць якасныя прэпараты для аховы раслін і адпаведныя ўгнаенні на кожным этапе вырошчвання культуры. Калі гэтага не рабіць, страты ўраджаю ў параўнанні з прагнознымі паказчыкамі могуць дасягаць 50 %. Дарэчы, гэта датычыцца любых сучасных інтэнсіўных сартоў і гібрыдаў — і замежнай селекцыі ў тым ліку.
— Над чым сёння працуюць навукоўцы? На што ў найбольшай ступені звяртаюць увагу пры селекцыі кукурузы?
— У першую чаргу — на адаптыўнасць, на фактар холадаўстойлівасці. Айчынныя гібрыды і сарты павінны быць устойлівыя да паніжаных тэмператур, таму што сяўба ў паўднёвых рэгіёнах, на Брэстчыне пачынаецца ўжо ў трэцяй дэкадзе красавіка, а часам нават крыху раней. Справа ў тым, што ўвесну ў апошнія гады глеба хутка ссыхае, а каб насенне кукурузы прарасло, зярняткам неабходна набраць 150–200 % вільгаці да ўласнай масы.
Цяпер у сістэме дзяржаўнага сортавыпрабавання праходзяць ацэнку восем гібрыдаў кукурузы селекцыі інстытута, у тым ліку гібрыды новай лінейкі «Белатрыкс» (з высокімі якаснымі паказчыкамі кармавой прадукцыі): «Белатрыкс 2301», «Белатрыкс 2302», «Белатрыкс 2303». Вялікая ўвага — наладжванню прамысловага насенняводства айчынных гібрыдаў кукурузы ў сыравінных зонах беларускіх кукурузакалібровачных заводаў. Штогод вырабляецца больш за 10 тысяч тон кандыцыйнага насення гібрыдаў селекцыі Палескага інстытута раслінаводства, што складае больш за 60 % патрэбы краіны ў насенні гібрыдаў кукурузы ранняспелай і сярэднеранняй груп спеласці. У Палескім інстытуце раслінаводства наладжана арыгінальнае і прамысловае насенняводства новых гібрыдаў «Вівален 118», «Вівален 3218» і «Дар’ян».
У 2022–2023 гадах выраблена больш за 50 тон насення бацькоўскіх форм гэтых гібрыдаў, у сыравінных зонах Мазырскага і Івацэвіцкага ККЗ у 2023 годзе выраблена больш за 2,5 тыс. тон гібрыднага насення новых гібрыдаў кукурузы «Вівален 3218» і «Дар’ян». Наладжванне прамысловага насенняводства айчынных гібрыдаў кукурузы мае высокі эканамічны і выразны імпартазамяшчальны эфект (больш за 10 млн долараў у год) за кошт вытворчасці айчыннага гібрыднага насення кукурузы і эканоміі валютных сродкаў на закупку дарагога насення бацькоўскіх форм гібрыдаў кукурузы.
— А ў цэлым якая патрэба ў насенні кукурузы ў Беларусі?
— У нашай краіне пры існуючай структуры пасяўных плошчаў патрэба ў насенні кукурузы складае 33 тысячы тон. З іх 52 % у апошнія чатыры гады прыпадалі на айчынныя. Як я ўжо казаў, доля пасеваў кукурузы насеннем айчыннай вытворчасці вырасла з 32 % у 2016 годзе да 60 % — у 2023-м. Увага ўдзяляецца адпрацоўцы асноўных элементаў вырошчвання кукурузы на насенне (бацькоўскія формы, гібрыднае насенне F1). Усе тэхналагічныя аперацыі па вырошчванні беларускіх гібрыдаў кукурузы на насенне ў сыравінных зонах Мазырскага і Івацэвіцкага ККЗ на плошчы 7-8 тыс. га праводзяцца ў адпаведнасці з Галіновым рэгламентам «Апрацоўка кукурузы на насенне». Строгае выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў дасць магчымасць павысіць ураджайнасць насення на ўчастках гібрыдызацыі на 20–30 %, а эканамічны эфект будзе вылічацца сотнямі тысяч долараў за кошт дадатковай вытворчасці насення высокай якасці.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».