Даследванне роднай мовы, вызначэнне гістарычных шляхоў яе развіцця — гэта не толькі праца дасведчаных супрацоўнікаў акадэмічнага інстытута. Скарбы роднай мовы даследуюць і ў рэгіёнах. Як вынік такой працы — і падрыхтаваны ў 1920-я гады «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» Івана Бялькевіча (выдадзены, праўда, толькі ў 1970 годзе, пасля смерці даследчыка). І яшчэ — «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» Мікалая Шатэрніка (1890- 1934; кніга была выдадзена ў 1929 годзе). Мову, гаворкі родных мясцін настойліва даследаваў краязнаўца і пісьменнік з Магілёўшчыны Міхась Карпечанка. Здаецца, асобнай кнігай яго ўнікальная праца так і не знайшла свайго выдаўца...
Падзеяй моўнага краязнаўства можна лічыць толькі што выдадзеную кнігу Алега ГАЛАЎКОВА «Жывое слова Кругляншчыны: слоўнік. У двух тамах. Том 1». У адмысловым слоўніку сабраны дыялектны матэрыял, прааналізаваны асаблівасці гаворкі Крупскага раёна. Такога характару выданне, даследванне — не частая з’ява ў беларускім мовазнаўстве. Як правіла, слоўныя залацінкі шукаюць на працягу многіх гадоў мясцовыя краязнаўцы.
Вось што расказвае Алег Уладзіміравіч пра сваю працу: «Характэрнай рысай мовы Кругляншчыны з’яўляецца тое, што яна арганічна ўвабрала ў сябе ўласцівасці паўночна-усходняга і паўднёва-заходняга дыялекту.
Гаворка раёна амаль што не даследавана, нягледзячы на тое, што раён мае вельмі важнае „стратэгічнае“ значэнне: ён знаходзіцца на мяжы Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей.
На ўзроўні марфалогіі гаворцы Кругляншчыны ўласцівы катэгорыі, як і літаратурнай мове. Гэта праяўляецца ў аднолькавай колькасці часцін мовы, у такіх граматычных катэгорыях, як трыванне, стан, асоба, час, род, лік, склон і іншыя.
У гаворцы, як і ў літаратурнай мове, кожны назоўнік належыць да аднаго з трох граматычных родаў: мужчынскага, жаночага, ніякага...»
Дарэчы, у інтэрв’ю газеце «Звязда» Алег Галаўкоў заўважыў, што да росшукаў моўных скарбаў, разгляду адметнасцяў гаворак Кругляншчыны яго падштурхнула знаёмства з «Краёвым слоўнікам Усходняй Магілёўшчыны» Івана Бялькевіча...
Сотні слоў, пададзеных з прыкладамі іх выкарыстання, існавання ў гаворках Кругляншчыны, уяўляюць характэрны, маляўнічы моўны ландшафт... Абабіцца — стаць падбоным да бабы; абагнацца — разагнаць плугам, узараць; абагнаць — разагнаць плугам, прайсціся за плугам; абагрэць — моцна выцяць ( «К Валіяну дужа блізка не падхадзі, бо можа так кійком абагрэць, што пераксцішся» — так гавораць у вёсцы Смагілаўка)... Абшастаць — абхадзіць, абшукаць («Дзе тут пасля яго які грыб нойдзешь, калі ён ужо ад кароў праснуўся і ўвесь лес абшастаў» — і гэтае выслоўе са Смагілаўкі). Са Смагілаўкі — і такія яркія залацінкі: адбараніць — заступіцца («Як стаў біць, саўсім прыбіў, і ніхто не адбараніў»; аддудурыцца — адтапырыцца, выставіць напаказ («Я б гэту бутылку і не замеціла, калі б карман не аддудурыўся»); атопак — малы ростам, нікчэмны чалавек («Ну што ты, атопак, апяць на печы ляжыш, няўжо не можаш пайсці паработаць?»)... Выпінацца — гэта і крыўляцца, непрыстойна паводзіць сябе («Не, дзеткі, відна, хваціць мне на гэтай рабоце са ўсёй сілы выпінацца: усё роўна спасіба ад вас не дажджэшся»), і рваць жылы, імкнуцца паказаць сябе («Нашоў дзе выпінацца — тут цябе знаюць як аблупленага! Так дзеўка як дзеўка, толькі парой дур у галаву заходзіць — ну і пачне выпінацца: маўляў, яна луччая ў свеце»); выхадзіць наружу, выдавацца наперад («Паглядзі ці выпінаецца кабат цераз плацця»). Таксама запіс — са Смагілаўкі... Са слоўнікам Алега Галаўкова варта вандраваць па вясковых паселішчах, артыкулы з кнігі «Жывое слова Кругляншчыны» — прыгожая мастацкая ілюстрацыя да жыцця людзей у той ці іншай мясцінцы. Занатаваныя словы — красамоўная характарыстыка, напамін пра розныя складнікі чалавечых зносін.
Смагілаўка, Шапялевічы, Боўсевічы, Загараны, Слабада, Дуброва, Елькаўшчына, Літоўск, Тубышкі, Сіманавічы, Міхейкава, Цямныя — гэтыя і іншыя паселішчы праз сваіх жыхароў, ад якіх Алег Галаўкоў запісаў адметныя словы, выразы, здолелі праз пакаленні людзей злучыць розныя часіны, паказалі культуру, мову як сацыяльную, грамадскую з’яву. Найболей ў першым томе слоўніка «Жывое слова Кругляншчыны» прадстаўлены запісы з паселішча Смагілаўка. Некалі яно ўваходзіла ў склад Цяцерынскай воласці Магілёўскага павета. На пачатку XX стагоддзя ў Смагілаўцы пражывала 116 чалавек у 14 дварах. Сёння і ўвогуле ў вёсцы лічаныя жыхары...
Выпуск выдання «Жывое слова Кругляншчыны...» ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Наклад кнігі — 500 экзэмпляраў. Неўзабаве ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыць свет і другі том слоўніка. Відавочна, што такая кніга спатрэбіцца не толькі на Магілёўшчыне, Кругляншчыне. Здзейсненае Алегам Галаўковым — узор, прыклад падыходу да падобнага характару працы, падказка многім руплівым краязнаўцам, што не варта забывацца ў сваіх росшуках пра асаблівасці ўжывання роднай мовы ў тых ці іншых мясцінах краіны.
Набыць кнігу можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне, а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. Знаёмцеся з моўнымі залацінкамі Кругляншчыны! Любіце родную мову!
Кастусь ЛАДУЦЬКА