З дня выхаду першага нумара абласной газеты «Заря» споўнілася роўна 85 гадоў 26 верасня. Але ж рэдакцыя, верная журналісцкай традыцыі — спачатку галоўная справа жыцця, а потым падвядзенне вынікаў, святкаванне — перанесла мерапрыемства амаль на месяц. Рэч у тым, што на верасень у брэсцкім рэгіёне выпала вельмі шмат падзей, святаў, дзелавых мерапрыемстваў, якія трэба было адпрацаваць, гэта значыць, расказаць пра іх чытачу, а ўжо потым надаць увагу і сваёй газеце. Тым больш, што гэтага яна цалкам заслужыла.
Святочнае мерапрыемства з нагоды юбілею абласной газеты ў Брэсцкай абласной філармоніі пачалося з дакументальных кадраў, якія нагадалі 85-гадовую гісторыю выдання. 17 верасня адбылося ўз’яднанне беларускіх земляў, і праз тыдзень з невялікім выйшаў у свет першы нумар газеты, тады яна называлася «Рабочы», выходзіла на беларускай мове. Пачынаючы са снежня 1939 -га газета ўжо выходзіць пад назвай «Заря» і па-ранейшаму выдаецца на беларускай мове як друкаваны орган Брэсцкага абкама КПБ і Брэсцкага аблвыканкама.
Згадалі ў гэты дзень і «Зарю» ваеннай пары, што выходзіла ў партызанскім лесе, і пасляваенную газету, якая разам з народам спрыяла аднаўленню рэгіёна і краіны. Вядома ж, гаварылі пра росквіт газеты перыяду 70-80 гадоў, калі газета выходзіла пяць разоў на тыдзень больш чым стотысячным тыражом. Дарэчы, тады, у 80-я, мы, студэнты факультэта журналістыкі БДУ, чулі ад нашых выкладчыкаў ацэнку «Зари» як адной з лепшых абласных газет тагачаснай вялікай краіны.
І вось за праглядам гэтай цікавай дакументальнай стужкі аўтар гэтых радкоў імкнулася ўявіць аграмадны калектыў, які спрычыніўся да выхаду газеты за ўсе 85 гадоў... Гэта ж сотні і сотні людзей: літсупрацоўнікаў, журналістаў, тэхнічных работнікаў — большасць з якіх былі адданыя справе, рабілі сваю справу сумленна і прафесійна. Ганаруся тым, што ў гэтым аграмадным калектыве ёсць і маё сціплае месца, працавала ў «Заре» крыху больш за дзесяцігоддзе — з пачатку 90-х да пачатку нулявых гадоў.
Таму пры любой нагодзе радуюся за поспехі калег, бо заўсёды лічыла «Зарю» і сваёй газетай. Зараз выданне ўяўляе сабой не толькі абласную газету, але холдынг, у склад якога ўвайшлі яшчэ тры раёнкі, таксама варта браць да ўвагі сайты ўсіх чатырох газет, яе ўзрастаючую складовую ў інтэрнэт-прасторы.
... Як і любое свята, юбілейнае мерапрыемства было напоўнена падарункамі, кветкамі, добрымі словамі ўвагі і падзякі. Павіншаваць выданне прыйшлі прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутаты, супрацоўнікі арганізацый- партнёраў, калегі. А некаторыя супрацоўнікі выдання атрымалі граматы «Зари». Гэта ўзнагарода, якая толькі ў гэтым годзе была заснаваная і ўбачыла свет.
— Цягам васьмі з паловай дзесяцігоддзяў «Заря» была рознай, як і тыя гістарычныя эпохі, якія яна перажывала разам з жыхарамі Брэстчыны. Часы мяняюцца, і разам з імі мяняемся мы. Бо мы — частка вас" — сказаў дырэктар —галоўны рэдактар «Зари» Ігар Гетман.
Святлана ЯСКЕВІЧ