Вы тут

Студэнты БДУТ прадэманстравалі добрую фізічную падрыхтоўку


Беларускі ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій арганізаваў для студэнтаў мерапрыемства па ўмацаванні прэстыжу праходжання службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Ваенна-спартыўны квэст «Да абароны Радзімы гатовы!» адбыўся на базе вайсковай часці 72471. 


— Нашы юнакі змаглі прадэманстраваць свае фізічныя навыкі і волю да перамогі, а гэта самыя галоўныя якасці, якія трэба развіваць кожнаму маладому чалавеку, — падкрэсліла прарэктар універсітэта Вольга Мацыкава. — Усё гэта дазваляе быць маральна ўстойлівымі і гатовымі да выканання канстытуцыйнага абавязку па абароне Айчыны. Спаборніцтвы даюць магчымасць юнакам як след падрыхтавацца да службы ў арміі, прывіць навык здаровага ладу жыцця, далучыцца да сістэматычных заняткаў фізкультурай і спортам.

Мерапрыемству спрыяла сонечнае надвор’е і добры настрой. Падтрымаць хлопцаў прыехалі іх аднакурсніцы і сяброўкі. Атрымалася ўсё вельмі дынамічна і святочна. У спаборніцтвах удзельнічала 7 каманд, кожная ў складзе з 8 юнакоў. Слабейшыя выбывалі па меры прайгравання, як ў «алімпійскай» сістэме.

Каб прайсці «ваянізаваную эстафету», трэба было выкласціся па поўнай. Кожны ўдзельнік каманды павінен быў правесці няпоўную разборку АКС-74, пяць разоў падцягнуцца на гімнастычных перакладзінах з аўтаматам на плячах, столькі ж разоў падняць 16-кілаграмовую гіру, прабегчы ўчастак дыстанцыі з радыёстанцыяй Р-159, у групе з 5 чалавек хуценька перамясціць пацярпелага да канца пляца, у адзіночку прабегчы гэтую з дыстанцыю з двума мінамі ў руках, напаследак прабегчы 60 метраў і, апрануўшы АЗК (агульнавайсковы ахоўны камплект), фінішаваць. Пераможца вызначаўся па хуткасці і спрытнасці. Па выніках спаборніцтваў у камандным заліку перамагла каманда механічнага факультэта, на другім месцы — студэнты інжынерна-інавацыйнага факультэта, на трэцім — хіміка-тэхналагічнага і на 4-м — тэхналагічнага факультэта.

Пасля іспытаў на фізічную вынослівасць удзельнікаў і ўсіх, хто завітаў на мерапрыемства, чакалі салдацкая каша і гарачая гарбата. Асабліва смачным пачастунак стаў для хлопцаў, якім прыйшлося пераадолець столькі сур’ёзных выпрабаванняў. 

— З упэўненасцю можна сказаць, што ў нашым універсітэце расце цудоўнае пакаленне будучых абаронцаў Айчыны, — адзначыла Вольга Мацыкава. — Вялікі дзякуй камандаванню воінскай часці за арганізацыю і правядзенне ваенна-спартыўнага квэста, а таксама удзельнікам, кіраўніцтву ўніверсітэта, выхаваўчаму аддзелу, студэнцкаму прафкаму, універсітэцкай «пярвічцы» БРСМ, выкладчыкам — усім тым, хто зрабіў з мерапрыемства свята. 

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва БДУТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.