Выйшаў у свет біяграфічны слоўнік «Беларусь — Расіі: 300 гадоў», які аб’яднаў 2671 артыкул, прысвечаны ўраджэнцам Беларусі, беларусам, нашчадкам беларусаў, якія праявілі сябе найперш у ваеннай службе, дзяржўнай справе, навуцы ў Расійскай імперыі, Савецкім Саюзе, Расійскай Федэрацыі ў перыяд з 1721 па 2021 гады. Словам, за тры стагоддзі!.. Аўтар унікальнага навуковага і творчага праекта, які здзейснены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, — доктар гістарычных навук, прафесар Мікалай Печань.
Мікалай Анатольевіч Печань нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Будзілаўка Докшыцкага раёна, на Віцебшчыне. Закончыў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, Ваенна-палітычную акадэмію імя У. І. Леніна. Каля 30 гадоў жыцця аддаў вайсковай службе. Займаў пасаду намесніка начальніка Цэнтральнага музея Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі па навуковай працы. Прафесар. Кола навуковых зацікаўленняў нашага земляка — традыцыі афіцэрскага корпуса, воінскія сімвалы, подзвігі і гераізм салдат і афіцэраў, рытуалы Рускай імператарскай арміі. І, безумоўна, — лёсы беларусаў у самыя розныя перыяды гісторыі Расіі. Мікалай Анатольевіч з’яўляецца аўтарам 300 навуковых, навукова-публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, у тым ліку і 30 кніг па гісторыі Узброеных сіл Расіі і патрыятычнаму выхаванню.
— Я рады, што кніга, над якой я працаваў многія гады, выйшла менавіта ў Беларусі, у Выдавецкім доме «Звязда», — гаворыць Мікалай Печань. — Удзячны Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, яго цяперашняму кіраўніцтву, удзячны Уладзіміру Барысавічу Пярцову, які пры ўсёй занятасці разгледзеў за самой ідэяй расказаць пра лёсы нашых суайчыннікаў важную і гістарычную, і выхаваўчую справу. Сама ідэя доўга выкрашталізоўвалася ў маёй свядомасці. І мне пашчасціла ў свааім жыцці выкласці яе, атрымаць маральную, арганізацыйную падтрымку ад Старшыні палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ў 2008 — 2024 гады Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Мікалая Бузіна, гісторыка і палітыка Вячаслава Даніловіча, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Кавалені, старшыні ФНКА «Беларусы Расіі» Сяргея Кандыбовіча і іншых яркіх асоб, якія і парады давалі, і першымі маімі рэцэнзентамі выступалі. Вельмі прыемна было працаваць з кніжнай групай «Звязды» на чале з Наталляй Генадзьеўнай Шчарбаковай. Шмат што я рэдагаваў, дадаваў ужо ў час падрыхтоўкі кнігі да выдання. І гэта не выклікала ніякіх складанасцяў у стасунках з рэдактарамі кнігі, усе праяўлялі зацікаўленасць у тым, каб біяграфічны даведнік склаўся, быў выдадзены найлепшым чынам. Канешне ж, мне, збіраючы інфармацыю для дадзенага выдання, давялося ўлічваць вопыт папярэднікаў. Многія гісторыкі, публіцысты, пісьменнікі, журналісты звяртаюцца да біяграфій нашых знакамітых суродзічаў. Але ж даўно наспела неабходнасць сістэматызаваць, выкласці інфармацыю разам, аб’яднаўшы лёсы прашчураў пад адной вокладкай... Даволі шмат часу ў мяне заняў прагляд крыніц з ліку перыядычных выданняў. Звяртаўся я і да самых малатыражных, малавядомых газет і часопісаў. Прагледзеў десяткі гісторыка-дакументальных хронік «Памяць», прысвечаных розным раёнам Беларусі. І ўсё ж у аснове быў уласны пошук. Асабліва — у дачыненні да лёсаў нашых прашчураў у XX — на пачатку XXI стагоддзяў... Заўважу, што з многімі героямі кнігі я знаёмы асабіста.
Уладзімір Андрэйчанка ў прадмове да выдання заўважыў: «...Сёння ва ўмовах знешняга націску, нарастання ваеннай пагрозы гістарычная праўда і патрыятызм становяцца элементамі дзяржаўнай палітыкі. Матэрыялы, прадстаўленыя ў кнізе, дэманструюць уклад Беларусі ў развіццё сусветнай цывілізацыі, выхоўваюць у сучаснага пакалення гонар за краіну і нашых папярэднікаў».
Са старонак біяграфічнага даведніка чытач адкрые надзвычай многа цікавых, адметных фактаў. Міністэрствы ва ўрадах СССР і Расіі ўзначальвалі ў розны перыяд 14 ураджэнцаў Беларусі, беларусаў. У 1949 — 1954 гг. міністрам абароны ПНР быў Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі (маці яго — Антаніна Аўсяннікава нарадзілася ў мястэчку Целяханы Пінскага павета, на Берасцейшчыне). Сярод нашых землякоў — два Маршалы Савецкага Саюза, чатыры маршалы родаў войск (авіяцыі, артылерыі, бронетанкавых войск), дзевяць генералаў арміі, 36 генерал-палкоўнікаў ва Узброеных сілах СССР, 21 генерал-палкоўнік — ва Узброеных сілах Расійскай Федэрацыі, тры адміралы ВМФ СССР і РФ, 28 віцэ-адміралаў... Пяць беларусаў камандавалі франтамі ў грамадзянскую вайну і ў Вялікую Айчынную... 76 — камандавалі арміямі... Такая ваенна-гістарычная статыстыка ўзбагачае выданне, робіць яго болей прыцягальным, дазваляе шырэй выкарыстоўваць кнігу пры правядзенні ўрокаў нават у агульнаадукацыйнай школе.
Даволі насычаным, багатым на інфармацыю падаецца раздзел «Біяграфічныя партрэты за перыяд існавання Расійская імперыі і другіх краін (1721 — 1922)». Яшчэ параўнальна нядаўна лёсы царскіх генералаў, звязаных паходжаннем з Беларуссю, беларускімі родамі, заставаліся таямніцай, не дужа прыцягвалі ўвагу гісторыкаў, краязнаўцаў. Мікалай Печань упершыню ў такім аб’ёме выпраўляе гэтую акалічнасць. Часам звесткі пра тых ці іншых асоб не дужа шырокія, але ж і яны — аснова для таго, каб наступныя даследчыкі пайшлі далей. Мо з часам будуць напісаны болей поўныя жыццяпісы двараніна Гродзенскай губерні генерал-лейтэнанта Уладзіслава Баўфала (камандзір 3-й грэнадзёрскай дывізіі ў Першую сусветную), генерал-лейтэнанта Канстанціна Біцюткі (загінуў у Першую сусветную), удзельніка Кітайскага пахода (1899 — 1901) генерал-маёра Міхаіла Бема і іншых цікавых асоб... А старонкі выдання «Беларусь — Расіі і свету: 300 гадоў» стануць добрым штуршком для наступных пошукаў.
Відавочна, праца доктара гістарычных навук Мікалая Печаня патрабуе прадаўжэння.
Кастусь Лешніца
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».