На базе 25-й гарадской дзіцячай паліклінікі прайшла акцыя па прафарыентацыі школьнікаў па тэме «Кім быць? Як выбраць прафесію?»
Галоўны ўрач паліклінікі Ганна Мажака пазнаёміла вучняў 10 «Б» і 11 «Б» класаў «Гімназіі № 31 г. Мінска імя К. Т. Мазурава» з арганізацыяй работы амбулаторна-паліклінічнай службы, правіламі мэтавай падрыхтоўкі і магчымымі рабочымі месцамі для маладых спецыялістаў.
Галоўная медыцынская сястра Алена Котава ў сваю чаргу правяла экскурсію па аддзяленнях. Школьнікі пабывалі ў цэнтральным стэрылізацыйным аддзяленні, рэнтгеналагічным кабінеце, стаматалагічным, фізіятэрапеўтычным і аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі, клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Алена Пятроўна адказала на ўсе пытанні, якія цікавілі вучняў, і расказала пра ўмовы працы медыцынскіх работнікаў.
Урач-педыятр (загадчык) педыятрычнага аддзялення па медыцынскім абслугоўванні дзяцей ва ўстановах адукацыі 25-й гарадской дзіцячай паліклінікі Марына Данчанка растлумачыла падлеткам правілы атрымання даведак аб стане здароўя для абітурыентаў, якія паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.
— Сустрэча стала пазнавальнай і цікавай. Адчувалася, што дзеці атрымалі не толькі веды, але і станоўчыя эмоцыі ад наведвання паліклінікі. Спадзяёмся, што праз некалькі гадоў некаторыя з іх прыйдуць да нас у новай якасці — як маладыя спецыялісты, — падзялілася ўрач-педыятр.
Акрамя таго, Марына Данчанка правяла лекцыю для бацькоў і законных прадстаўнікоў вучняў гімназіі № 31 па прафарыентацыі падлеткаў.
Алена КРАВЕЦ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!