У Магілёўскай вобласці актыўна падтрымалі рэспубліканскую акцыю «Дай лесу новае жыццё!». Прыняць удзел у ёй можа любы ахвотны, і дэпутаты паказваюць у гэтым прыклад.
У Магілёўскай вобласці актыўна падтрымалі рэспубліканскую акцыю «Дай лесу новае жыццё!». Прыняць удзел у ёй можа любы ахвотны, і дэпутаты паказваюць у гэтым прыклад.
На мінулым тыдні вялікі дэсант з дэпутатаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва Чавускага раёна, арганізацый, прадпрыемстваў, моладзі працаваў на ўчастку № 88 Чавускага лясніцтва. Удзельнікі акцыі высаджвалі сосны, елкі, алешыну. Побач з народнымі выбраннікамі працавалі актывісты Маладзёжнага парламента, які функцыянуе пры Чавускім райсавеце. Моладзі экалагічная акцыя дала магчымасць не толькі ўнесці сваю лепту ў аднаўленне лясоў, але і наладзіць больш шчыльны кантакт з аднагодкамі і мясцовай уладай. Сумесныя мерапрыемствы наогул вельмі з’ядноўваюць іх удзельнікаў. Карыстаючыся момантам, можна было ў нефармальнай абстаноўцы задаць хвалюючыя пытанні непасрэдна старшыні райвыканкама Дзмітрыю Акулічу і старшыні райсавета Анатолю Мацюліну.
— Маладзёжны парламент і дэпутацкі корпус базавага ўзроўню заўсёды на прамой сувязі, — удакладніў старшыня Чавускага райсавета Анатоль МАЦЮЛІН. — Мы вучым моладзь быць уважлівай і адгукацца на праблемы роднага краю. Тэма аднаўлення лесу для нашага раёна вельмі актуальная і важная. Моцныя вятры, якія апошнім часам у нас пачасціліся, знішчаюць цэлыя ўчасткі лесу. Хаця тэма яго аднаўлення заўсёды была важнай. Нездарма ж беларускія лясы называюць лёгкімі Еўропы. Са школьнага дзяцінства ўспамінаю, што разам з аднагодкамі прымаў удзел у пасадцы дрэў. Лясы — сапраўды наша багацце нароўні з людзьмі, якія жывуць і працуюць на нашай зямлі на агульны вынік. Гэта будучыня нашай эканомікі, дабрабыту. Лес дае прадукцыю, якая запатрабавана, — гэта і мэбля, і дамы, і шмат іншага, без чаго нельга ўявіць камфортнае жыццё. Без дрэва чалавеку ніяк. І для таго, каб яно вырасла, патрэбна не адно дзесяцігоддзе. Вынікамі нашай работы будзе карыстацца шмат будучых пакаленняў. А колькі сіл трэба для таго, каб вырасціць лес. І над гэтым працуюць работнікі нашай лясной гаспадаркі. Сёння яны з удзячнасцю прымаюць нашу дапамогу. А моладзь будзе расказваць сваім дзецям, як саджалі лес. І гэта вельмі важна.
Актывістка Маладзёжнага парламента, інжынер па якасці Чавускага лясгаса Антаніна Мурашка пераканана, што такія прыгожыя акцыі яднаюць людзей і дораць добры настрой. Яна працуе ў лясгасе трэці год, работа падабаецца, і жадання яе змяніць не ўзнікае. Лічыць, што захоўваць і адраджаць лес — вельмі высакародная справа.
— Падчас урагану шмат лесу было пашкоджана, — перажывае яна. — І калі бачыш, што столькі людзей прыйшло яго ратаваць, сэрца радуецца. У акцыі ўдзельнічаюць у тым ліку і маладыя спецыялісты, якія размеркаваліся ў наш раён і яшчэ толькі знаёмяцца з яго асаблівасцямі. Некаторыя не ведалі, як і для чаго трэба саджаць дрэвы ў лесе. Я працую ў гэтай сферы і тлумачыла чаму. У нас была схема пасадкі: шэсць елак, дзве сасны і дзве алешыны чорных. Некаторыя не разумелі, чаму менавіта так. Я ж казала, што ёсць розныя глебы, на адных пароды прыжываюцца лепш, другія могуць загінуць. Да таго ж маладыя дрэўцы трэба саджаць як мага глыбей, каб было камфортна іх караням. Калі яны застануцца наверсе, саджанец не прыжывецца. Будучых работнікаў лесу гэтаму вучаць, а вось астатнія такія нюансы не вельмі разумеюць. Трэба ім тлумачыць.
Суразмоўніца адзначае, што юнакі і дзяўчаты з Маладзёжнага парламента праз узаемаадносіны з кіраўніцтвам раёна глыбока ўнікаюць у праблематыку раёна. Вывучаюць слабыя месцы і абмяркоўваюць, што трэба для таго, каб іх было меней. Напрыклад, як зрабіць горад прыгажэйшым, чым дапамагчы маладым маці, калі яны занятыя і трэба, каб нехта дагледзеў іх дзяцей, пра тое ж азеляненне паклапаціцца. Дрэвы ў горадзе наогул шмат карысці прыносяць: і паветра ачышчаюць, і вока радуюць.
Што датычыцца акцыі па пасадцы лесу, то яна ў Чавускім раёне праводзіцца рэгулярна. Сёлета ўраганам тут быў пашкоджаны лес на плошчы больш як 500 гектараў. Найбольшыя бураломы ўтварыліся ў Ваўкавіцкім, Кузьмініцкім і Лапаціцкім лясніцтвах. Крыху менш пацярпеў лес на тэрыторыі Чавускага лясніцтва. Каб яго аднавіць, спатрэбіліся тысячы саджанцаў.
Непасрэдна ў адзіны дзень азелянення, які прайшоў у вобласці ў мінулую суботу, было шматлюдна на многіх лясных дзялянках. Акцыю падтрымала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка, якая разам са сваімі землякамі заклала аснову новага парку ў вёсцы Косцінка Махоўскага сельскага Савета, а потым прыняла ўдзел у аднаўленні лесу на ўчастку каля вёскі Малы Асавец у Магілёўскім раёне. Маладыя дрэўцы былі пасаджаны на тых месцах, па якіх пракацілася стыхія.
— Хай маладыя ялінкі, клапатліва пасаджаныя рукамі дзяцей і дарослых, будуць радаваць людзей, — выказалася дэпутат. — Працавітасць і ўменне разам, талакой вырашаць важныя пытанні, пераадольваць цяжкасці — гэта вельмі ўласцівыя нам, беларусам, якасці. І ніякія буры нам не страшныя! Разам мы можам шмат! Дарэчы, за некалькі дзён да акцыі прымала ўдзел ва ўрачыстым пасвячэнні дзетсадаўскай дзятвы з аграгарадка Кадзіна ў рады дашкольнага лясніцтва «Баравічкі». У госці да дзяцей прыйшлі таксама прадстаўнікі Магілёўскага райвыканкама і Магілёўскага лясгаса. Мерапрыемства прайшло ярка і святочна. Малыя вельмі хваляваліся, калі давалі клятву беражліва ставіцца да свету прыроды, дапамагаць захоўваць лясное багацце і заклікаць да гэтага сваіх сяброў. Прыкладам для пераймання з’яўляюцца члены школьнага студэнцкага экалагічнага атрада «Віхар» імя Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава. Наогул, захаванне пераемнасці ў сферы лясной гаспадаркі праз сістэму «дзіцячы сад — сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы — ВНУ» — добрая перспектыва атрымаць матываваных кваліфікаваных работнікаў, якія будуць валодаць ведамі экалагічнай культуры, любіць і берагчы сваю зямлю з яе прыгожымі багаццямі.
Шмат хто з жыхароў вобласці выйшаў 19 кастрычніка на пасадку лесу. На тэрыторыі Ваўкавіцкага лясніцтва Чавускага лясгаса ў рамках акцыі працавала абласное кіраўніцтва. Як адзначыў старшыня аблсавета Аляксандр Гарошкін, у беларусаў ёсць два бясспрэчныя багацці — людзі і прырода.
— Прырода — гэта тое, пра што мы можам паклапаціцца і на што можам паўплываць, — падкрэсліў ён. — Самае галоўнае — тое, што гэта багацце павінна захавацца. Яно не павінна закончыцца на нашым пакаленні. Таму я з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у акцыях, якія датычацца прыроды: ачыстцы азёр, рэк, пасадцы лесу. Нашым дзецям трэба пакінуць такія ж чыстыя вадаёмы і такія ж цудоўныя лясы. Гэта разумеюць усе дэпутаты. Таму яны актыўныя ўдзельнікі падобных акцый. На жаль, цяпер мы больш займаемся аднаўленнем лесу, які пацярпеў падчас бураломаў. Але гэта не разавая акцыя, у любым выпадку яна будзе працягвацца. Адновім страчаны лес, затым пачнём займацца пасадкамі новага. Для таго каб пакінуць нашым дзецям і іх нашчадкам вось гэта чыстае, зялёнае, блакітнае.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва суразмоўнікаў
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.