Сельскагаспадарчая праца і яе вынікі спрадвеку звязаны з пэўнымі рызыкамі. Высокая залежнасць ад знешніх абставін, доўгатэрміновасць матэрыяльных і працоўных укладанняў, працяглы перыяд атрымання аддачы ад сваіх намаганняў пры адсутнасці цвёрдых гарантый, што вынік апраўдае надзеі... Усё гэта на сучасным этапе чалавецтва імкнецца нівеліраваць з дапамогай дакладнага земляробства — інтэлектуальных машын і агрэгатаў, навуковых распрацовак і інтэнсіўных тэхналогій. Адна з якіх, у прыватнасці, — безадвальная апрацоўка глебы, з якой Прэзідэнт Беларусі раней азнаёміўся на сваёй малой радзіме.
Тое, што ўраджайнасць любых культур напрамую звязана з правільнай падрыхтоўкай глебы пад сяўбу, вядома нават тым, хто па родзе заняткаў не мае дачынення да сельскай гаспадаркі. І любы аграрый скажа вам, што гэты фактар — адзін з найболей значных, ад выбару аптымальнай тэхналогіі апрацоўкі глебы напрамую залежыць ураджай. Аб тым, якія сучасныя тэхналогіі апрацоўкі глебы найбольш прымальныя для Беларусі, распавёў доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Эрома Урбан.
— Эрома Пятровіч, якія віды апрацоўкі глебы прымяняюцца ў Беларусі?
— У тэорыі і практыцы сучаснага земляробства існуюць наступныя кірункі тэхналогій апрацоўкі глебы: класічная сістэма з выкарыстаннем адвальнага плуга як сродак паляпшэння аграфізічных уласцівасцяў глебы і фітасанітарнага стану раслін; безадвальная сістэма, у тым ліку Strіp-tіll, што прадугледжвае рыхленне глебы на глыбіню ворнага пласта і мадэліруе натуральныя глебавыя працэсы, што абараняе глебы ад эрозіі, і выкарыстоўваецца для барацьбы з засухай; павярхоўная, мінімальная сістэма — прадугледжвае памяншэнне напалову і больш глыбіні і колькасці апрацовак глебы за кошт сумяшчэння аперацый, якія ажыццяўляюцца ў адным рабочым працэсе; «нулявая» сістэма (No-tіll), якая прадугледжвае сяўбу раслін у неапрацаваную глебу, мульчыраваную пажніўнымі рэшткамі, спецыяльнымі пасяўнымі агрэгатамі; камбінаваная рознаглыбінная сістэма, якая прадугледжвае чаргаванне вышэйназваных спосабаў апрацоўкі глебы з мэтай прадухілення адмоўных наступстваў працяглай адсутнасці абарачэння пласта.
— Ураджаі якіх культур здольна павялічыць шырокае прымяненне энергазберагальнай і экалагічнай безадвальнай апрацоўкі глебы?
— Яна падыходзіць для вырошчвання і травяных культур, у тым ліку азімых, і для вырошчвання кукурузы, і для цукровых буракоў. Але як і любая тэхналогія ў сельскай гаспадарцы безадвальная апрацоўка глебы патрабуе вельмі разумнага і выбіральнага прымянення. Я не сказаў «інавацыйная тэхналогія», таму што гэтае пытанне насамрэч на маёй памяці ўздымалася ўжо не раз. Але пачну з таго, што ў свеце з 1,5 мільярда гектараў раллі, якую мае наша планета, безадвальная апрацоўка выкарыстоўваецца сёння на 0,4, а нулявая — на 0,1 млрд га, гэта значыць, сукупна на 30% ворных земляў. Геаграфічна гэта ў асноўным стэпавая і лесастэпавая зоны. У Еўропе мінімізацыя апрацоўкі глебы не знайшла шырокага распаўсюджвання. Тут удзельная вага класічнай тэхналогіі падрыхтоўкі глебы складае 70–75%, безадвальнай — 20–25%, прамой сяўбы ў неапрацаваную глебу — менш як 5%. Справа ў тым, што да шырокага ўкаранення ў Еўропе ў цэлым і ў нашай краіне ў прыватнасці безадвальнай і павярхоўнай апрацоўкі глебы ёсць шэраг перашкод. Галоўная з іх — спецыфіка глебавых і кліматычных умоў. У Беларусі выпадае 600–700 мм ападкаў за год, максімальная сярэднясутачная тэмпература не перавышае 19 градусаў, часта высокая вільготнасць паветра. Гэта ідэальныя ўмовы для развіцця шматлікіх хвароб (100 відаў), шкоднікаў (65 відаў) і пустазельнай расліннасці (300 відаў). Безадвальная апрацоўка глебы можа спрыяць росту іх шкоднаснасці. Яшчэ адна прычына — пры безадвальнай і павярхоўнай апрацоўцы глебы адбываецца канцэнтрацыя рухомых формаў элементаў харчавання, асабліва фасфатаў, у верхняй частцы ворнага пласта. Такая дыферэнцыяцыя па аграхімічных паказчыках, узмацняючыся з часам, прывядзе да недабору ўраджаю, у параўнанні з узворваннем, з-за недаступнасці ўгнаенняў караням раслін, асабліва ў засушлівыя перыяды, паколькі элементы харчавання будуць лакалізаваныя ў верхнім пласце глебы, які перасыхае. Акрамя таго, ва ўмовах высокага ўвільгатнення глеб, што часта мае месца ў Беларусі, у ніжнім іх слоі адбываецца ўтварэнне закісных злучэнняў шэрагу элементаў, у першую чаргу алюмінію, жалеза, марганцу. Гэтыя злучэнні адмоўна ўплываюць на фарміраванне каранёвай сістэмы раслін (у прыватнасці, бабовых культур). Выйсце ў гэтым выпадку — узворванне. Прычым грабністае, каб была большая паверхня судакранання з паветрам. Ёсць і іншыя складанасці.
— Атрымліваецца, гэтая тэхналогія для нашых умоў не зусім прыдатная?
— Не, я так не лічу: гэтая тэхналогія апрацоўкі глебы можа і павінна прымяняцца ў нашай краіне, але правільна і разумна. Напрыклад, ужо прымяняецца яна — і вельмі эфектыўна — у некаторых гаспадарках Гродзенскай вобласці. Але безадвальная апрацоўка глебы патрабуе высокай культуры земляробства: у прыватнасці, яна дасць эфект там, дзе палі ачышчаны ад шматгадовага пустазелля. Эканамічна і тэхналагічна дарэчная яна будзе і ў Гомельскай вобласці з яе пясчанымі глебамі. Там, калі плуг ідзе і пераварочвае зямлю, можна ўбачыць, што рыхлы слой — у асноўным пясчаныя глебы. І калі дажджоў няма, адбываецца выпарванне вільгаці, гэты пласт высыхае і выносіцца пыльнымі бурамі і вятрамі. Агаляецца насенне, яго выкідвае ветрам з зямлі, а безадвальная апрацоўка вырашыць гэтае пытанне і затрымае эрозію глеб. Такім чынам, менавіта на пясчаных глебах гэтая тэхналогія — вырашэнне шматлікіх праблем. Больш за тое, у шэрагу раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, дзе ў абароце знаходзяцца пясчаныя глебы, падсціланыя пяскамі, і ў сухія вёсны адзначаюцца моцныя «пясчаныя буры», што прыводзяць да выдзімання ворнага пласта і гібелі ўсходаў, якія зразаюцца пясчынкамі, безадвальныя апрацоўкі як вільгацьзберагальныя і супрацьэразійныя па сваёй сутнасці становяцца абавязковымі.
Безадвальная апрацоўка глебы патрабуе высокай культуры земляробства: у прыватнасці, яна дасць эфект там, дзе палі ачышчаны ад шматгадовага пустазелля. Эканамічна і тэхналагічна дарэчная яна будзе і ў Гомельскай вобласці з яе пясчанымі глебамі. Там, калі плуг ідзе і пераварочвае зямлю, можна ўбачыць, што рыхлы слой — у асноўным пясчаныя глебы. І калі дажджоў няма, адбываецца выпарванне вільгаці, гэты пласт высыхае і выносіцца пыльнымі бурамі і вятрамі. Агаляецца насенне, яго выкідвае ветрам з зямлі, а безадвальная апрацоўка вырашыць гэтае пытанне і затрымае эрозію глеб. Такім чынам, менавіта на пясчаных глебах гэтая тэхналогія — вырашэнне шматлікіх праблем.
— А ў цэлым што прапануе навука ў якасці найбольш эфектыўных тэхналогій апрацоўкі глебы ў нашай краіне?
— Сістэмы апрацоўкі глебы ў Беларусі да цяперашняга часу вывучаны дастаткова поўна. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у навукова-даследчых арганізацыях краіны ў працяглых стацыянарных палявых доследах удзяляецца вялікая ўвага пытанням мінімізацыі апрацоўкі глебы за кошт выкарыстання безадвальнага чызельнага і дыскавага абсталявання. Вывучалася таксама магчымасць прымянення прамой сяўбы культур у неапрацаваную глебу. Усё гэта дазволіла назапасіць значны эксперыментальны матэрыял. Устаноўлена, што аптымальнай з’яўляецца камбінаваная апрацоўка глебы, пры якой на двух — трох палях збожжавых, кармавых і пладазменных севазваротаў магчыма замена ўзворвання безадвальнай і павярхоўнай апрацоўкай без зніжэння ўраджайнасці і пры зніжэнні ўдзельнай затратнасці. Варта падкрэсліць: значным фактарам, які абмяжоўвае ўжыванне мінімізацыі апрацоўкі глебы, з’яўляецца яго шматварыянтнасць і няўменне шматлікіх спецыялістаў падабраць патрэбны для пэўных умоў варыянт.
Для вызначэння магчымага аб’ёму ўкаранення безадвальнай і павярхоўнай апрацоўкі глебы неабходна ўлічваць комплекс фактараў: тып і грануламетрычны склад глебы, утрыманне ў ёй перагною, шчыльнасць, здольнасць глебы захоўваць і аднаўляць сваю структуру, дрэніраванасць, засмечанасць, колькасць ападкаў у рэгіёне, папярэднік, успрымальнасць культуры, што вырошчваецца, на глыбокае рыхленне, узровень прымянення ўгнаенняў, пестыцыдаў і г. д. Толькі пры выкананні гэтых патрабаванняў мінімізацыя апрацоўкі забяспечыць захаванне вільгаці, павышэнне ўрадлівасці глебы, эканомію сродкаў і не прывядзе да зніжэння ўраджайнасці. Такім чынам, безадвальная і павярхоўная апрацоўка глебы пры правільным падыходзе павінна займаць адпаведнае месца ў земляробстве краіны. У першую чаргу, гэта глебы, здольныя да натуральнага самаразушчыльнення, якія маюць звыш 3,5% перагною і не больш за 40% фізічнай гліны. Адзначу таксама, што тэхналогія Strіp-tіll можа быць складнікам камбінаванай апрацоўкі глебы ў севазвароце пры вырошчванні кукурузы, рапсу, цукровых буракоў, сланечніку, гароху, соі і іншых культур.
— Яшчэ адна актуальная сёння тэма — глебапаглыбленне і разушчыльненне плужнай падэшвы. Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб гэтай праблеме.
— На гэта вельмі важна звярнуць асаблівую ўвагу: наспела неабходнасць праводзіць глебапаглыбленне. Гэтае пытанне ўздымалася яшчэ ў 1990-я і ў 2000-х гадах таксама. Тады з гэтай мэтай праводзілася «кратаванне», калі за плугам, які арэ на 18–20 сантыметраў углыб, ішоў яшчэ адзін агрэгат, які араў на большую глыбіню з мэтай павялічыць моцнасць ворнага гарызонту. Гэтыя тэхналогіі сёння забытыя, а праблема засталася і пагоршылася. Калі раней тэхніка на палях была не такой магутнай і цяжкай, як сёння, то ў нашы дні цяжкія камбайны і збожжавозы становяцца прычынай дэфарматыўнага назапашвальнага ўшчыльнення глеб. І плужная падэшва, як і казаў кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі, дасягае часам нават 50 см, а раней яна складала 5–6 см. Гэта становіцца прычынай утварэння вымачак, якія вясной затрымліваюць вільгаць (ператвараюцца ў «вадзяныя сподкі»), летам зарастаюць пустазеллем і становяцца фактарам распаўсюджвання пустазельных раслін па ўсім полі. І, вядома, гэтыя месцы выпадаюць з севазвароту і не даюць прадукцыі. Асабліва вялікая небяспека ўшчыльнення глеб і ўтварэння плужнай падэшвы на звязаных глебах (суглінак, гліна). Глебапаглыбленне неабходна аднаўляць па ўсёй краіне для вільгацезабяспечанасці, паляпшэння харчавання раслін, павышэння ўраджаяў. Асабліва важная такая работа ў рэгіёнах, дзе глебы — гліна або сярэдні суглінак. Пры класічным узворванні з выкарыстаннем адвальнага плуга рэкамендуецца змяняць напрамак ворыва, але калі поле, напрыклад, вузкае і доўгае, араць папярок не атрымаецца. Цяпер у гаспадарак абаротныя плугі, гэта часткова вырашае пытанне, але распрацоўка і ўкараненне ў практыку новых, сучасных тэхналогій разушчыльнення плужнай падэшвы і глебапаглыблення проста неабходны.
— У якіх рэгіёнах краіны разушчыльненне плужнай падэшвы — найбольш актуальнае пытанне?
— Лічу, што абсалютна ва ўсіх рэгіёнах. Гэтае пытанне, паўтаруся, нельга пакідаць без увагі. Сёння існуюць прыборы, якія дазваляюць вызначыць шчыльнасць плужнай падэшвы. Але дадзеную праблему дасведчаны аграном можа ўбачыць і без усялякіх прыбораў, проста наведаўшы поле. І гэта праблема вельмі актуальная на сучасным этапе для сельскай гаспадаркі Беларусі. Трэба распрацоўваць тэхналогіі разушчыльнення глеб, каб павялічыць плошчу ворнага гарызонту. Гэта — тая работа, якая павінна быць праведзена ў першую чаргу.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!