Вы тут

У Магілёве пачуюць Гамлета на беларускай мове


Гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра ім. Якуба Коласа з Віцебска заўсёды праходзяць у Магілёве з поспехам. На гэты раз тэатр вязе ў горад на Дняпры некалькі цікавых пастановак. 


Ужо заўтра, 24 кастрычніка, у 18.30 нас чакае сустрэча з героямі бяссмертнага твору Шэкспіра «Гамлет». Рэжысёр пастаноўкі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Бармак і артысты прапануюць уласнае разуменне геніяльнай трагедыі — сённяшняе даследаванне сутнасці чалавека. У гастрольнай афішы таксама казка-гульня «Як воўк мамай быў» па п’есе вядомага беларускага драматурга Васіля Ткачова — яе мы ўбачым 25 кастрычніка ў 11.00. І ў гэты ж дзень на вячэрнім сеансе можна будзе адпачыць душой на іскрамётнай камедыі з двух дзей па п’есе англійскага драматурга Рэя Куні «Смешныя грошы» — «Фанцікі». Гэты драматург добра вядомы гледачам па камедыі «Ён. Яна. Акно. Нябожчык». Якую, дарэчы, некалькі гадоў таму віцябчане з поспехам паказвалі і на магілёўскай сцэне. Ёсць спадзяванне, што «Фанцікі» будуць мець не меншае прызнанне. 

— Гэта абменныя гастролі з «коласаўскім» тэатрам, — удакладняе дырэктар Магілёўскага драмтэатра Ірына Белякова. — Віцябчане змогуць убачыць у выкананні артыстаў нашага калектыву спектаклі «Рамантыкі», «Сем жанчын на шыі» і казку «Дзюймовачка». Нам цікавыя абменныя гастролі з нашымі тэатрамі і ў прыватнасці з віцебскім. Усе іх спектаклі выключна на беларускай мове. Цікава ж пачуць, як Гамлет размаўляе на беларускай.

А ў лістападзе магіляўчан чакае сустрэча з вядомым па міжнароднаму маладзёжнаму тэатральнаму форуму М.@rt.контакт тэатрам «У Моста» з Пярмі. Іх гастролі па Беларусі пачнуцца з Мінска, затым працягнуцца ў Магілёве. Паколькі білеты на дзве іх грузінскія пастаноўкі раскуплены за месяц да прыезду, пермскі тэатр пагадзіўся даць магчымасць магілёўскім аматарам тэатральнага мастацтва трапіць на дадатковы сеанс спектакля «Мачаха Саманішвілі». Ён адбудзецца 27 лістапада ў 15.00. Спяшайцеся, білеты ўжо ў продажы. 

 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.