Вы тут

Паўнаметражны мультфільм у фармаце 3D на «Беларусьфільме» прысвяцілі славянскай міфалогіі


Стужку «Песня Сірын. Крылы славянскіх легенд» прадставілі на прэс-праглядзе напярэдадні кінафестывалю «Лістапад» нездарма: каб да адкрыцця «Лістападзіка» зацікавіць дзяцей і іх бацькоў і выклікаць жаданне пайсці ў кіно. Бо тут адразу некалькі інтрыг: чым збіраецца здзівіць студыя анімацыйных фільмаў айчыннай кінастудыі і рэжысёр Алена Турава, якая мае багаты досвед працы і ў анімацыі, і ў дзіцячым кіно. Але нават не зважаючы на гэта ад задумы да рэалізацыі давялося прайсці доўгі шлях ў чатыры гады. Каманда стваральнікаў мянялася, перажыла страты значных асоб, што малі дачыненне да працы над сцэнарыем і яго ажыццяўленнем, бо гісторыя няпростая.


І ў гэтым палягае другая — але галоўная — інтрыга:

— Важна было пазнаёміць гледачоў з найцікавейшым пластом славянскай міфалогіі, пантэонам яго міфалагічных істот і багоў. У адрозненні ад старажытнагрэчаскіх, старажытнарымскіх, егіпецкіх і багоў паўночных, скандынаўскіх народаў, нашы не так шырока вядомыя, але могуць прыцягнуць увагу. Мне здаецца, гэта магло б быць нашым брэндам, — адзначыла рэжысёр Алена Турава.

У гэтай гісторыі ёсць Пярун і Вялес, якія калісьці супернічалі за каханне Макошы, чароўныя сёстры-птушкі Сірын, Гамаюн і Алканост, Кася-Кастрама і яе брат Купала, які знік з-за злоснай магіі Паляндры, якая намагаецца разбурыць баланс, што існаваў у свеце. Не адбудзецца свята без Купалы — знікне святло, без якога не можа існаваць усё жывое. А вось разбурыць злыя чары прыйдзецца сучасным хлопчыкам Мацею і Змітру. Адзін з іх захапляецца коміксамі, а другі — арніталогіяй, і каб зняць на тэлефон рэдкую дзіўную птушку, гора-блогер і яго сябра трапляюць у дзівосныя прыгоды і вымушаны зразумець, чаму ж Сірын так горка плача... 

За час фільма гледачы сочаць за развіццём падзей заблытанай гісторыі і знаёмяцца з «зонай адказнасці» кожнага з міфалагічных персанажаў — выдатны спосаб уцягнуць дзяцей у беларускую культуру, заглыбіць у яе міфы і паданні. Але стваральнікі яшчэ вельмі імкнуліся ўразіць дзівосамі, якія даюць сучасныя тэхналогіі, таму каманда тых, хто прычыніўся да працы над фільмам, даволі вялікая. Што праўда, у дадзеным выпадку мы назіраем некалькі ўзроўняў анімацыі: ад коміксаў і класічнай 2D да фармату да 3D.

— і кожны з гэтых відаў мае сваё прызначэнне і адказвае за пэўны ўзровень ці культурны пласт (у апавяданне ўплецены традыцыйныя беларускія сімвалы, узоры, малюнкі, якія змяняюць адзін другі, нібыта круцяцца ў карагодзе і з’яўляюцца своеасаблівымі «лірычнымі адступленнямі», таму што ідуць пад музыку). Алена Турава вядомая ў Беларусі яшчэ і як паэт-песеннік, яна папрацавала яшчэ і на музычную частку фільма разам з кампазітарам Леанідам Шырыным. А яшчэ Алена агучвала некаторых герояў. Дарэчы, гэта асобная тэма, таму ў фільме гучаць галасы шмат якіх вядомых артыстаў — Руслана Чарнецкага, Веры Паляковай-Макей, Анатоля Длусскага, спявачкі Жанет... Дзяцей і іх спадарожніка-ваўчаня агучваюць дзеці: Андрэй Давыдзюк, Мікіта Пух і Матвей Савянкоў, якія прыйшлі прадставіць фільм і засталіся на прагляд: цікава ж, што ў выніку атрымалася?..

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».