Вы тут

Што зменіцца ў сферы адукацыі?


Кодэкс аб адукацыі быў прыняты параўнальна нядаўна — у 2022 годзе — і стаў настольнай кнігай для работнікаў адукацыйнай сферы. Дакумент праходзіў выпрабаванні ва ўмовах практычнай дзейнасці, а яго галоўнымі рэцэнзентамі сталі настаўнікі, выхавальнікі, педагогі ўстаноў адукацыі, бацькі (усе яны, дарэчы, прымалі актыўны ўдзел у фарміраванні пакета змен у кодэкс). У выніку выявіліся шэраг рэчаў і палажэнняў, якія трэба дашліфаваць, давесці, як кажуць, да розуму. Новы законапраект прадугледжвае змены ў 20 законах і двух кодэксах — не толькі ў Кодэкс аб адукацыі, але і ў шэраг артыкулаў іншых заканадаўчых актаў. Аднак ніякіх глабальных, канцэптуальных змен не плануецца.


Прафесійная адукацыя: гарантыі маладым спецыялістам

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ расказаў аб тым, якія гарантыі будуць у маладых спецыялістаў, што звольнены ў сувязі з прызывам, але не накіраваны для праходжання службы па прычыне хваробы або ўкамплектаванасці воінскіх часцей.

— Яны могуць разлічваць на займанне ранейшай пасады на працягу пяці дзён з дня атрымання адпаведнага паведамлення ад ваеннага камісарыята. Гэта норма падтрымана Міністэрствам адукацыі, — растлумачыў ён.

Спыніўся начальнік галоўнага ўпраўлення і на навінах, якія прадугледжваюць грант на навучанне замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пражываюць за мяжой, па адукацыйнай праграме падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Робіцца гэта, паводле яго слоў, для прасоўвання беларускай сістэмы адукацыі ў замежных краінах. Але ёсць нюанс.

— Адной з умоў выдзялення грантаў на навучанне з’яўляецца веданне рускай мовы, — падкрэсліў Сяргей Пішчоў.

Яшчэ адно сур’ёзнае новаўвядзенне — абавязковае ўзгадненне ўстановамі адукацыі размеркавання і пераразмеркавання выпускнікоў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, выканаўчымі камітэтамі, а таксама асобнымі галіновымі міністэрствамі. Не менш важна і тое, што ўзмоцнена адказнасць заказчыкаў кадраў па мэтавай падрыхтоўцы. Цяпер на заканадаўчым узроўні замацаваны абавязак кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыялістаў, у выпадку неабгрунтаванага скасавання або невыканання ўмоў дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, рабочага, слухача.

Добрая навіна для ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых: яшчэ адной унесенай у Кодэкс нормай даецца магчымасць прысваення ім статусу бізнес-школы.

— Гэта робіцца для папулярызацыі такога віду адукацыі, падрыхтоўкі будучых кіраўнікоў у рамках праграм дадатковай адукацыі дарослых, у тым ліку для выхаду на знешні контур, — удакладніў прадстаўнік Мінадукацыі і расказаў яшчэ аб адной цікавай прапанове — праве на стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па рашэнні Кіраўніка дзяржавы навучэнцам, якія атрымліваюць адукацыю не толькі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, але і ў прыватных установах адукацыі.

ПТА і ССА: падтрымка асаблівых навучэнцаў

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА расказала пра змены ў Кодэкс, якія датычацца навучэнцаў з АПФР, падкрэсліўшы пры гэтым, што навацыі істотныя.

Гаворка ідзе пра навучэнцаў, якія скончылі школу і атрымалі пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі. Але іх здароўе пагоршылася, і ім рэкамендуюць навучанне без агульнай сярэдняй адукацыі.

— У практыцы рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове спецыяльнай ёсць выпадкі, калі ў гэтыя групы просяць залічыць дзяцей з падобнымі праблемамі. Такія прэцэдэнты, на жаль, здараюцца ўсё часцей, таму ў Кодэкс аб адукацыі было вырашана ўнесці допуск такіх навучэнцаў да рэалізацыі праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі без агульнай сярэдняй. Важна: у іх павінна быць адпаведнае накіраванне, якое выдаюць цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Калі яму паказана навучанне, мы ў выключным выпадку дапускаем да яго, — зазначыла спецыяліст.

Яшчэ адной навацыяй стане вызваленне ад кампенсацыі сродкаў асоб, якія атрымалі адукацыю на аснове праграмы спецыяльнай адукацыі.

— Рабочае месца ім даецца і сёння і будзе давацца ў далейшым на тых жа ўмовах, — тлумачыць Аляксандра Пятрова. — На дзяржаўным узроўні прынята рашэнне: калі па нейкіх прычынах такі выпускнік не можа працаваць, то з прычыны выключнасці дадзенай катэгорыі трэба вызваліць яго ад кампенсацыі сродкаў.

Агульная сярэдняя і дашкольная адукацыя: нуль можна ануляваць

Адно з важных новаўвядзенняў датычыцца выпускнікоў школ. Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, навучэнцы з нулявым вынікам цэнтралізаванага іспыту змогуць яго пераздаць. Ім будзе дадзена права яшчэ раз паспрабаваць свае сілы ў жніўні.

Цяпер выпускнікам, якія атрымалі нуль балаў на ЦЭ, не выдаецца ні сертыфікат цэнтралізаванага іспыту, ні атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі — толькі даведка аб навучанні. Адзнаку можна выправіць, але толькі на наступны год, прайшоўшы выніковую атэстацыю ў парадку экстэрнату. Змяненні ў Кодэксе карэкціруюць сітуацыю і дазваляюць школьнікам атрымаць абодва дакументы ў тым жа годзе, і ў выпадку станоўчай адзнакі ў выпускнікоў з’яўляецца магчымасць працягнуць адукацыю ў каледжы. Яшчэ адной навацыяй у сферы ЦЭ стане замацаванне ў Кодэксе практыкі правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага іспыту, а таксама вызвалення ад цэнтралізаванага і выпускнога іспытаў навучэнцаў 11 класа па медыцынскіх паказаннях.

Таксама па новых нормах навучальныя заняткі для вучняў 10 класаў будуць завяршацца 25 мая, як і для вучняў 9 і 11 класаў. Як вядома, вучні 10 класаў у пачатку чэрвеня праводзяць вучэбна-палявыя зборы. Гэта не толькі фактычна падаўжае школьнікам навучальны год, але і ўносіць некаторыя цяжкасці ў афармленне пэўных дакументаў.

— Норма дазволіць праводзіць зборы да 1 чэрвеня, і з першага дня лета дзеці ўжо будуць на канікулах, — падсумавала Ірына Каржова.
Яшчэ адно пытанне — бясплатнага падвозу школьнікаў у сельскай мясцовасці — таксама павінна вырашыцца. Сёння правам бясплатнага падвозу школьнымі аўтобусамі карыстаюцца дзеці, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, дзе няма школы. Не ўлічваліся буйныя населеныя пункты, дзе ёсць школы, але адлегласць іх ад дома школьніка — практычна як да суседняй вёскі. Гэтую праблему, дарэчы, узнялі жыхары рэгіёнаў: чаму б аўтобусу, які падвозіць дзяцей з іншых вёсак, не забіраць па дарозе юных жыхароў такога населенага пункта? Прапанову палічылі рацыянальнай.

— Яна дазволіць у вёсках вялікай працягласці рабіць прыпынкі школьнага аўтобуса для школьнікаў, якія пражываюць там, — сказала Ірына Каржова.

На заканадаўчым узроўні плануецца замацаваць норму аб тым, што вучні школ павінны прысутнічаць на навучальных занятках у адзенні дзелавога стылю. Акрамя, канешне, фізкультуры і працоўнага навучання.

Алена ВІНАГРАДАВА

У тэму

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей КЛІШЭВІЧ:

— Законапраект прыняты ў першым чытанні, і гэта значыць, што дэпутаты пагадзіліся канцэптуальна з тымі прапановамі, якія былі ўнесены ўрадам у Палату прадстаўнікоў. На гэты момант ідзе іх шліфоўка. 17 кастрычніка адбылося фінальнае пасяджэнне рабочай групы, дзе дэталёва разглядалася кожнае з іх.

Сёння даволі часта гучыць меркаванне аб тым, што, маўляў, хопіць уносіць змены, выдайце нам дакумент, па якім мы будзем працаваць сёння і ў будучыні. Але я хачу адзначыць, што змены, якія ўнесены, усе карэкціроўкі — гэта не ініцыятыва органаў кіравання. Гэта ініцыятыва ад людзей — педагогаў, выхавальнікаў, бацькоў, якія сутыкнуліся з некаторымі праблемамі, і цяпер проста шліфуюцца шурпатасці, каб у далейшым тых праблем не ўзнікала. Мы ўсяго толькі імкнёмся палегчыць жыццё нашай настаўніцкай і бацькоўскай супольнасці. Даём магчымасць ім карыстацца на поўную моц тымі сацыяльнымі гарантыямі, якія дае дзяржава ў сферы адукацыі.
Другі крытэрый, якім кіруемся, — захаванне справядлівасці. Размова, у прыватнасці, ідзе аб мэтавым навучанні. Мы з вамі павінны разумець, што людзі, якія атрымалі льготнае права паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову без экзаменаў або ў спрошчанай форме, павінны несці адпаведную нагрузку ў параўнанні з тымі, хто рыхтаваўся да паступлення.

Акрамя таго, на гэтых людзей зроблены мэтавы запыт. Калі арганізацыя адмаўляецца іх прымаць, то, па-першае, яна і нясе адказнасць, бо абавязалася ўзяць сабе спецыяліста, падрыхтаванага за бюджэтныя грошы. Па-другое, чалавек, які паступаў на льготных умовах, павінен сказаць «дзякуй» дзяржаве ў выглядзе адпрацоўкі ў пяць гадоў, як і планавалася. І гэта справядліва. Ніхто не дасць паразітаваць у нашай краіне на бюджэце, на тых грошах, якія зарабляюць працаўнікі сяла і прамысловасці.

Другі момант справядлівасці — гэта наданне статусу педагагічных работнікаў выхавацелям дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, іншымі словамі, маці і татам прыёмных дзяцей. Яны ўзялі на сябе вялікую адказнасць і гадуюць, выхоўваюць тры, пяць, дзесяць, а то і больш дзяцей. Яны з імі дваццаць чатыры гадзіны за суткі і сем дзён на тыдзень. Зразумела, што яны нясуць такую ж функцыю, займаюцца такой жа справай, што і педагогі ва ўстановах адукацыі.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.