У гэтым нумары мы не адзначаем «Юбілеі», не маем нагоды для «Успамінаў» ці «Памяці», як і для «Архіваў», — пералічанае ў кастрычніку «не ўрадзіла»... Затое плён далі «Паэзiя i проза», «Спадчына», «Крытыка i лiтаратуразнаўства», «Гутаркі», «Дзённікі» і, вядома, чаканая ўсімі «Кнігарня». Як звычайна, запрашаю і вас разам са мной заглыбіцца ў змест згаданых рубрык: прайсціся па старонках ужо знаёмых, распачатых у папярэдніх нумарах матэрыялаў, але таксама і прыгледзецца да новых публікацый.
Яе вялікасць Паэзія адкрывае часопіс, нагадваючы пра нешта высокае, трапяткое, боскае, — з гэтым у далучаных да слоўнага мастацтва асацыіруецца вершаваны радок. Віктар Гардзей напаўняе сваю падборку «Мілей шырата, што з дзяцінства твая…» разнастайнымі эмоцыямі, якія раскрываюцца пры знаёмстве з творамі. Яны ж паказваюць нам і лірычнага героя, і яго аўтара як асоб харызматычных, аптымістычных, якія глядзяць на божы свет з шырока расплюшчанымі вачыма.
Уладзімір Гніламедаў заканчвае публікаваць першую частку рамана «У войску». Як і надрукаваныя раней, гэтыя раздзелы шчодра перасыпаны дыялогамі, а таксама ліставаннем ужо вядомага нам Платонава з роднымі і блізкімі. Закаханыя героі ў пісьмах разважаюць пра сваё пачуццё, якое для іх адчувальнае, але не цалкам яшчэ зразумелае і таму ўяўляе ці то страх, ці то трызненне — як у Аляксандра Пушкіна. Але знаходзіў і ў войску моцна закаханы Платонаў магчымасці для флірту з жанчынай, якую, праўда, не вельмі ўпадабаў. Пашчасціла яму і з братам пабачыцца, калі быў выпраўлены вышэйшымі па чыне як адзін з самых надзейных службоўцаў па афіцэрскія грошы ў недалёкі Бранск.
Праблемы ў людзей тыя самыя, што і ў цяперашніх беларусаў, мірных і працавітых: «Час цяпер ненадзейны. Каб выпадкова не было вайны. Будзем, аднак, спадзявацца на лепшае, трэба верыць у лепшае», — піша ў лісце дзед Кужаль. Прыемна было сустрэць у тэксце і найбольш памятную мне цытату з Уладзіміра Караткевіча, што сама сабой усплыла ў свядомасці вайскоўца: «У сасновым лесе маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу д’яблу прадаваць».
У мастацкім свеце Людмілы Кебіч, якая выступае з паэтычнай нізкай «Трэба жыць», дамінуе вобраз, знаёмы беларусам здаўна (як мінімум з XIX стагоддзя, калі прыгадаць арыгінальны, прарыўны для свайго часу вершаваны твор Адэлі з Устроні пад назвай «Мачыха»). У абедзвюх паэтэс гаворка ідзе пра раку Нёман, якая хвалюе і цешыць, лашчыць вока, ды разам з тым і пужае, напрыклад, у часы разводдзя ці нават звычайнай непагоды. Адвеку рака, якая бачыла многае, заключанай у сабе прыроднай стыхійнасцю і палкасцю нагадвае пра вечнае, якое было да нас і будзе існаваць пасля, адорваючы чалавека незабыўнымі ўражаннямі.
Тры апавяданні Таццяны Цвірка — «Пачатак», «Лёнік», «Раліквія» — прызначаны саграваць душу цеплынёй узноўленых у іх момантаў жыцця.
Чытач абавязкова пазнае сябе ў творах у самых лепшых праявах шчырасці, інтымнасці, любові да бліжняга, знаёмых яму калі не ў рэальных дзеяннях і падзеях, то перадусім у назіраннях. Дзеля адчування такога духоўнага пробліску, які час ад часу на нас сыходзіць як благаславенне, ад якога не схавацца, не адмовіцца, і варта жыць.
Падборка вершаў Галіны Бабарыка атрымала назву «Асеннія адчуванні» зусім невыпадкова: усе яны прысвечаны сённяшняй кастрычніцкай пары, якая бывае рознай і падабаецца далёка не ўсім. Таму і лірычная гераіня вагаецца ад пакутнага «Гэта прырода дае нам урок — // Жыць, калі сіл няма болей» да аптымістычнага «Ды жыве на сэрцы радасць — // Смаку восеньскіх пладоў». Чытач можа павучыцца майстэрству падтрымання раўнавагі: трэба памятаць у складаных абставінах, што зусім побач існуе і добрае, яго трэба толькі навучыцца заўважаць, пераводзячы фокус увагі на нешта вартае і добрае.
Аляксандр Быкаў у тэксце «Не пяром адзіным. Аповед паэта і... марафонца», не прэтэндуючы, як прызнаецца ў самым пачатку, на мастацкасць ці глыбокія сэнсы, дзеліцца досведам шматгадовага рэгулярнага бегу, у тым ліку на вялікія дыстанцыі. Чытач пераканаецца ў тым, што і паэту трэба быць спартыўным, бо пры адсутнасці добрага здароўя нам не да работы і тым больш не да творчых здзяйсненняў.
У стыхію пачуццяў акунае чытача Настасся Нарэйка нізкай «Купальскі кон», у якой пранумараваныя вершы раскрываюць унутраны свет закаханай жанчыны. Апроч стасункаў з мужчынам, якія вымалёўваюцца ўсё больш і больш адчувальна з кожным новым творам, у падборцы абазначаецца і яшчэ адна прыкметная тэма — адносіны да Бога. Да гэтай абсалютнай першапрычыны быцця лірычная гераіня штораз звяртаецца па дапамогу, упэўненая ў магчымасці яе атрымання ці, можа, проста ў сваім чалавечым і жаночым жаданні знайсці жыццёвыя апоры. У адным з вершаў узнікае вобраз мора, якое, запаўняючы кожны куточак душы паэтэсы, «заліваючы» псіхічную прастору, увасабляе надзвычайны напал перажытых эмоцый.
Георгія Марчука ў чарговай частцы твора «Божы дар. Раман-хроніка майго жыцця». Аўтар канстатуе свае мастацкія прынцыпы, напрыклад: «Вывучаючы сусветныя казкі, я заўважыў адну характэрную асаблівасць: найчасцей у іх зло каралася кроўю. Цяжкія казкі Братоў Грым. І тады я паставіў задачу, каб у маіх казках пастаянных забойстваў не было, каб станоўчыя героі перамагалі адмоўных розумам, кемлівасцю, дабром. І гэта ў мяне атрымалася». Ахоплены прагай пісаць і працаваць на карысць роднай літаратуры, Г. Марчук не быў здольны нават у адпачынку з сям’ёй адкласці свае творчыя справы, а калі такая неабходнасць узнікала, то гэта страшэнна выводзіла літаратара з раўнавагі, нараджала сум па доме. Такія прызнанні паказваюць, што таленту ніколі не бывае дастаткова без працяглай, засяроджанай працы і строгай дысцыпліны, як і без веры, што знойдзеш чытача.
Мікола Мікуліч у артыкуле «О, развяжы, паэзія, язык мой», як звычайна, названым цытатай з верша, расстаўляе акцэнты ў лірыцы беларускага класіка Максіма Танка. Адштурхоўваючыся ад надзвычай багатага досведу вядомага паэта, літаратуразнаўца разважае пра чалавека ў кантэксце «прынцыпаў высокай маралі і этыкі», «стваральнай місіі» і «адчування хісткасці той рысы, за якой чалавечыя каштоўнасці маглі раптам набыць “мінусавае” значэнне: духоўнасць стаць бездухоўнасцю, разумнае цярпенне — пасіўнасцю і абыякавасцю».
Пятнаццаць паэтычных зборнікаў на творчым рахунку Уладзіміра Цануніна, гутарку з якім запісаў Зіновій Прыгодзіч. Яна названа радкамі «Каму патрэбна памяць аб вайне…», сугучна аднаму з апошніх выданняў творцы, які расказвае пра сваё станаўленне ў літаратуры. Там знойдзецца шмат цікавых момантаў, напрыклад, тое, што першы паэтычны зборнік выйшаў у аўтара толькі ва ўзросце пяцідзесяці сямі гадоў, калі ўжо меліся значныя напрацоўкі ў галіне паэзіі. За плячыма ў героя гутаркі — сорак гадоў выкладання гісторыі ў школе, што і спарадзіла такую цікавасць да мінулага, да ваенных падзей у прыватнасці. Увогуле ж, перад чытачом паўстае партрэт рознабаковага чалавека адметнага лёсу з шэрагам зацікаўленняў: ад модных сёння падарожжаў, катання на веласіпедзе да музыкі і разьбы па дрэве — з гэтым заняткам пазнаёміў У. Цануніна яго дзед.
Цікавасць уяўляюць запісы пісьменніка Вячаслава Адамчыка ў публікацыі «З дзённіка. Снежань 1994 г.». Гэтым разам чытач акунецца ў атмасферу перадкалядных свят у сям’і літаратара, але таксама і вайны ў Чачні 1994 года, якая неаднаразова згадваецца і, відавочна, трывожыць аўтара. У гэтай частцы многа згадак пра блізкіх і баўленне часу з імі, а таксама пра бяссонне, якое дазваляе заглыбіцца ў класіку, знайсці там глебу для роздумаў. Нязменна хвалюе В. Адамчыка і пазачасавая памежнасць яго народа, які карыстаецца культурнай і моўнай спадчынай сваіх суседзяў, звыкла адракаючыся ад спрадвечнага, беларускага.
Рэцэнзіі, багата прадстаўленыя ў гэтым нумары, распачынаюцца водгукам Анатоля Трафімчыка на кнігу Жанны Шаладонаваай «Прастора і чалавек: усходнеславянскія літаратурныя праекцыі». Публікацыя, якая атрымала назву «Матэрыяльны свет у мастацкіх творах усходнеславянскіх літаратур», падобна — працягласцю і ступенню пранікнення ў тэкст — на сапраўднае даследаванне згаданай кнігі. У ім адлюстраваны не толькі безумоўныя вартасці, але і недахопы, якія пры далейшым заглыбленні навукоўца ў праблему могуць надаць рабоце яшчэ большую глыбіню і вартасць. Тэма прасторы (зрэшты, як і яшчэ аднаго фізічнага вымярэння — часу) ад пачатку яе асэнсавання ў філасофіі і навуцы нязменна зачароўвае і наўрад ці страціць актуальнасць, асабліва ў святле сучасных дасягненняў касмалогіі і тэарэтычнай фізікі, што ставяць пад сумненне звыклыя
ўяўленні.
Анастасія Гатоўчыц у публікацыі «Прадказанне будучыні ў мастацкім свеце Алены Беланожкі» прыглядаецца да кнігі «Дзіця зямлі: фантастычныя апавяданні». У тэксце адзначаецца шматадраснасць выдання, у якім абавязкова знойдуць для сябе нешта цікавае розныя катэгорыі чытачоў. Тэматычна пятнаццаць твораў малых жанраў у адну кнігу аб’ядноўвае чалавечая і мастакоўская прага А. Беланожкі знайсці адказы на адвечныя пытанні быцця, якія, калі гаварыць пра мастацкую літаратуру, хвалююць нас, перадусім, ад часоў творчасці Максіма Гарэцкага. Сувязной ніткай выступае і прага аўтара зазірнуць праз час у змены, што нясе жыхарам планеты цяперашні турбулентны перыяд гісторыі.
Міхась Сліва ў рэцэнзіі «Беларускія зоркі ў блізкім замежжы» звяртае ўвагу чытача на кнігу Алеся Карлюкевіча «Пуцявінамі зорак: Ураджэнцы Беларусі ў блізкім памежжы», прысвечаную нашым землякам, вядомым у свеце.
У якасці важнага моманту аўтар адзначае тое, што ў выданні робяцца канкрэтныя прапановы, як можна і трэба ўвекавечваць памяць пра тых асоб, якімі могуць ганарыцца сучасныя беларусы. У нашай гісторыі вельмі шмат выпадкаў, калі вядомыя ўраджэнцы Беларусі былі ўшанаваны ў многіх краінах, у той час як на радзіме заставаліся малавядомымі. Гэтыя памылкі трэба выпраўляць, а ў будучыні не дапускаць новых падобных недапрацовак. Вось гэтай задачы і служыць кніга А. Карлюкевіча, якая сама па сабе ўжо выступае, паводле пераканання рэцэнзента, духоўным помнікам многім годным суайчыннікам.
Наталля БАХАНОВІЧ
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.