Вы тут

У апошніх промнях сонца


Восень радуе беларусаў яркімі колерамі і ласкавым сонейкам. Выстаўка «Осень? Очень!» у мастацкай галерэі FARBA заклікана захаваць прыгажосць гэтай рамантычнай пары, пазнаёміць гледачоў з творчасцю сучасных беларускіх і замежных мастакоў і падарыць кожнаму маленькі кавалачак апошняга восеньскага сонейка.


Асновай праекта сталі работы беларускіх аўтараў, якія адлюстроўваюць восеньскую тэматыку ў розных яе праявах: ад залатых палёў да дажджу па гарадскіх вулачках. Сустракаюць наведвальнікаў фотаздымкі восеньскай пары ў розных краінах свету. 

Выстаўку можна падзяліць на чатыры тэматычныя зоны. Асноўную частку экспазіцыі складаюць творы беларускіх мастакоў Алены Трысцень, Міхаіла Дайліды, Юліі Давыдавай, Алены Валынкінай, Дзмітрыя Траяновіча, Андрэя Высокінскага, Марыны Анішчык, Ві Богуша, Аляксандры Галенка, Лізаветы Грышчук, Яны Доўнар, Наталлі Еўтух, Пра Маі, Вольгі Рындэвіч і інш. Творцы адлюстравалі не толькі прыгажосць восеньскай пары, але і ўнутраныя змены чалавека пад уплывам перамен у навакольным асяроддзі. У экспазіцыі таксама будуць прадстаўлены фотаздымкі касманаўта Алега Навіцкага, якія паказваюць восень у розных кутках Зямлі з космасу. Можна пазнаёміцца з цікавымі традыцыямі народных свят, якія адзначаюцца ў гэты час. Мастакі паспрабавалі паказаць восень праз прызму розных асацыяцый. 

Трэба адзначыць і афармаленне выставачнай залы, якое адразу акунае гледачоў у атмасферу вясковых восеньскіх дзянькоў, калі праца на полі ўжо скончылася, зямля схавалася пад коўдрай з залатога лісця, а смачныя восеньскія стравы чакаюць гасцей.

Марына Анішчык. "Вецер на лецішцы", 2024 г.

Сваё месца ў экспазіцыі знайшлі яркія персоны, якія нарадзіліся ў гэты цудоўны час. Прапануецца прайсці цікавы квэст: у цэнтры выставачнай залы — багаты стол з тэматычнымі падказкамі, дзе кожны прадмет расказвае пэўны факт з жыцця знакамітай асобы. Для тых, хто не змог здагадацца па прапанаваных падказках, побач знаходзіцца QR-код з дадатковай інфармацыяй і цікавымі звесткамі пра «гасцей» галерэі.

На выстаўцы ёсць і зона, прысвечаная пералётным птушкам. Фантастычныя здымкі беларускіх фатографаў не толькі паказваюць прыгажосць прыроды, але і прымушаюць задумацца аб праблемах і цяжкасцях, з якімі сутыкаюцца птушкі падчас міграцыі. Праект створаны сумесна з арганізацыяй «Дзікая прырода».

Пра Мая "Дружка", 2023 г.

У другой зале можна акунуцца ў атмасферу вандроўнага цырка, дзе пануе чараўніцтва і быццам сама прырода кожную секунду змяняе настрой і тэмп. Партнёрам праекта стаў Беларускі дзяржаўны цырк. У экспазіцыі прадстаўлены скульптурныя работы Сяргея Арышчанкі і старыя афішы цыркавых імпрэз, якія ствараюць атмасферу цуду. З дамогай штучнага інтэлекту гледачы могуць атрымаць сапраўднае індывідуальнае прадказанне. Трэба толькі націснуць на кнопку, і глыбокі мужчынскі і жаночы галасы з экрана раскажуць пра падзеі будучыні.

Адной з самых яркіх частак экспазіцыі з’яўляецца імерсіўны фільм пра найбуйнейшага прадстаўніка мадэрну — Густава Клімта. Восень — гэта пераходны этап, час вялікіх перамен і ператварэнняў. Мадэрн, які імкнецца абнавіць мастацтва і адмовіцца ад канонаў мінулага, вельмі рэзаніруе з тэматыкай выстаўкі. Гэты стыль адлюстроўвае ідэі прыродных матываў і візуальна пераклікаецца з эстэтыкай восеньскіх пейзажаў. У гэтай зале можна адпачыць пасля яркіх і насычаных жывапісных работ пад акампанемент класічнай музыкі.

Андрэй Высокінскі "Ціхамірнасць", 2024 г.

Выставачны праект «Осень? Очень!» прываблівае багаццем разнастайных відаў мастацтва: ад жывапісу і скульптуры да музыкі і кіно. Яркае афармленне, квэсты і ўзаемадзеянне з мастацтвам зацікавіць гледачоў усіх узростаў. 

Выстаўка працуе да 8 снежня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.