Вы тут

Мінскімі сцежкамі Яўгена Чырыкава і Адама Багдановіча


Сёлета адзначаецца 160-годдзе з дня нараджэння класіка рускай літаратуры Яўгена Чырыкава. Пісьменнік з’явіўся на свет 5 жніўня (24 ліпеня) 1864 года ў Казані, жыў у розных гарадах Расійскай імперыі, памёр і пахаваны ў Празе. У яго творчым багажы — апавяданні і вершы, аповесці і раманы, п’есы і артыкулы. Каля шасці гадоў пражыў у Мінску, працаваў у Кантролі Лібава-Роменскай чыгункі, уваходзіў у Мінскае таварыства аматараў мастацтва, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці горада. 


Яўген Чырыкаў. Мінск, 1898 г.

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча зацікавіліся асобай Я. Чырыкава, калі даведаліся, што ён напісаў рэкамендацыйны ліст да Максіма Горкага, дзякуючы чаму бацька паэта пасля пераезду ў Ніжні Ноўгарад пазнаёміўся і пасябраваў з сям’ёй Пешкавых. Мы падтрымліваем стасункі з нашчадкамі Яўгена Мікалаевіча, якія жывуць у Мінску, Ніжнім Ноўгарадзе, іншых гарадах і краінах. Да юбілею пісьменніка ў музеі была створана выстаўка «Яўген Чырыкаў. На шляхах жыцця і творчасці», дзе прэзентавалі каштоўныя матэрыялы з прыватнага архіва Галіны Чырыкавай і Алены Ніціеўскай. Ніжэй распавядзём пра некаторыя важныя артэфакты з сямейнага архіва, якія звязаны напрамую з Мінскам і апасродкавана — з Багдановічамі. 

Пра гісторыю пераезду ў Мінск Чырыкаў, які працаваў сакратаром у «ліберальнага» генерала Грыгаровіча, ва ўспамінах пісаў так: «І вось я — сакратар дзяржаўнай установы і вольны літаратар... Праз некалькі месяцаў генерала пераводзяць у г. Мінск. Генерал не хоча развітвацца са мною і прапануе мне перавесціся ў Кантроль Лібава-Роменскай чыгункі. Пакуль я застаюся яшчэ ў Самары, але праз паўгода атрымліваю перавод. На дзіва, па прыездзе ў Мінск я аказваюся залічаным на дзяржаўную службу». Дзякуючы генералу кар’ера Я. Чырыкава рухалася даволі хутка: пачынаў з невялікай пасады чыноўніка па рахунках, ужо праз год — памочнік кантралёра ў чыне калежскага рэгістратара, у канцы года прадстаўлены кіраўніком да ўзнагароды, атрымаў ордэн Святога Станіслава ІІІ ступені. 

У нашчадкаў пісьменніка захоўваюцца лісты Яўгена Чырыкава да жонкі Валянціны Георгіеўны. У адным з іх паведамляў: «Пакуль перавод яшчэ не адбыўся, чакаю з дня на дзень». Спачатку пераехаў сам, пасля да яго далучыліся жонка з дачкой Навэлай і сваёй маці Ганнай Міхайлаўнай. У ніжагародскага праўнука пісьменніка захоўваюцца арыгінальныя здымкі, зробленыя ў атэлье знакамітага мінскага фатографа Майсея Напельбаўма і менш вядомага фотамайстра Барэці. На адвароце аднаго з партрэтаў маецца дароўны надпіс: «Мішы ад Жэні. 1898 г. лістапада невядомага дня» («Міша» — швагер пісьменніка Міхаіл Грыгор’еў, рэвалюцыянер, марксіст). 

Сям’я Чырыкавых хутка павялічвалася, у Мінску нарадзіліся сын Яўген, дочкі Людміла і Валянціна. Цікава, што нашчадкі Яўгена Яўгенавіча доўгі час лічылі, што ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, куды пераехалі з Мінска Чырыкавы. Але дакумент аб нараджэнні, прывезены разам з сямейным архівам з-за мяжы, дазволіў раскрыць таямніцу. У «Метрычным пасведчанні», выдадзеным Мінскай духоўнай кансісторыяй у 1901 г., паведамляецца, што ў метрычнай кнізе Блонскай царквы Ігуменскага павета маецца наступны запіс: 

«1899 года 10 мая нарадзіўся, а 22 ліпеня ахрышчаны Яўген, яго бацькі: памочнік кантралёра Кантроля Лібава-Роменскай чыгункі, дваранін Яўген Мікалаевіч Чырыкаў і законная яго жонка Валянціна Георгіеўна, абодва праваслаўнага веравы-знання». Хроснымі бацькамі сталі прысяжны павераны Іван Іванавіч Метлін і мяшчанка горада Казані Ганна Міхайлаўна Грыгор’ева (цешча пісьменніка). 

І. Метлін — асоба даволі цікавая, яго біяграфія патрабуе асобнага даследавання. Варта, напрыклад, прыгадаць, што ў судовай справе 1903 года аб нелегальным з’ездзе народных настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына Свержаньскай воласці ён выступаў як адвакат В. Міцкевіча і С. Астроўскага (у Канстанціна Міцкевіча (Я. Коласа) быў іншы адвакат). 

Вучні і настаўнікі, у цэнтры Адам Багдановіч, справа Яўгенія Гурвіч. Мінск, 1890 г.

У сямейным архіве Чырыкавых захоўваюцца два лісты ад жонкі Івана Іванавіча — С. Метлінай (яе імя, імя па бацьку пакуль не высветлены). Лісты напісаны ў хуткім часе пасля пераезду Чырыкавых у Санкт-Пецярбург, утрымліваюць шмат звестак з жыцця мінскай інтэлігенцыі. 

У лісце ад 10 снежня 1901 года С. Метліна паведамляла пра наведванне Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, у дзейнасці якога прымалі актыўны ўдзел Метліны і Чырыкавы. У прыватнасці, Валянціна Георгіеўна іграла ў аматарскіх спектаклях, Яўген Мікалаевіч вёў літаратурную секцыю, напісаў для драматычна-тэатральнай студыі п’есу «У двары, у флігелі», сам выходзіў на сцэну ў ролі Міці ў спектаклі па п’есе А. Астроўскага, у сямейным архіве захаваліся іх фотаздымкі ў тэатральных строях. 

Ва ўспамінах «На шляхах жыцця і творчасці» Яўген Чырыкаў так згадваў аб мінскім перыядзе: «Як ваўка ні кармі, а ён усё ў лес глядзіць! Душа жыла як бы ў дзвюх плоскасцях: казённа-чынавенскай і рэвалюцыйна-інтэлігенцкай. Апошняя шукала прытулку ў літаратуры і ў падтрыманні знаёмства з мясцовай нядобрана-дзейнай інтэлігенцыяй. А сярод яе былі і вельмі заслужаныя рэвалюцыянеры, як, напрыклад, памешчык Бонч-Асмалоўскі, <...> К. К. Брэшко-Брэшкоўская, цяперашняя „бабушка революции“, катаржанін г. Кавалік, які ўладкаваўся дзякуючы „ліберальнаму генералу“ ў мясцовым кцызным упраўленні».

Яшчэ адной важнай справай таварыства стала адкрыццё бібліятэкі імя А. С. Пушкіна, якую задумалі стварыць да 100-годдзя з дня нараджэння класіка рускай літаратуры (адкрылася ў 1900 г.).

Я. Чырыкаў, несумненна, унёс сваю лепту ў адкрыццё публічнай кніжніцы ў Мінску, бо нават праз 14 гадоў атрымаў запрашэнне ад Яўгеніі Адольфаўны Гурвіч, палітычнай дзяячкі, сацыял-дэмакраткі, перакладчыцы «Капіталу» К. Маркса на рускую мову, а ў 1914 годзе — сакратара бібліятэкі: «Шаноўны Яўген Мікалаевіч! Праўленне Бібліятэкі просіць Вас прыехаць у Мінск прачытаць што-небудзь на карысць нашай бібліятэкі. Вам, як былому мінскаму жыхару, інтарэсы нашай бібліятэкі даражэй і бліжэй, чым старонняму чалавеку. Тая захапляльная цікавасць, з якой чытаюцца „Юнацтва“ і „Адраджэнне“, могуць Вам служыць парукай у тым, што публіка сустрэне Вас з абдымкамі». У лісце Я. Гурвіч перадае прывітанне Валянціне Георгіеўне, гэта пацвярджае той факт, што яна ведала сям’ю Чырыкавых і раней.

Супрацоўнікі музея пакуль не маюць адказу, хто стаў «сувязным» паміж Я. Чырыкавым і А. Багдановічам, ці была ў іх асабістая сустрэча. Магчыма, што аб рэкамендацыйным лісце прасіў хтосьці з агульных знаёмых, а іх было даволі многа, у тым ліку і Яўгенія Гурвіч. У музеі М. Багдановіча захоўваецца копія фотаздымка 1890 года, на якім Адам Багдановіч з настаўнікамі і вучнямі. Маладая прыгожая настаўніца — Яўгенія Адольфаўна, пра што сведчыць надпіс на адваротным баку, ды і твар яе пазнавальны. Адносіны паміж ёю і Адамам Ягоравічам працягваліся і далей — у музеі захоўваюцца некалькі яе лістоў, напісаных старому сябру. 26 чэрвеня 1925 года яна прапаноўвала адправіцца разам у падарожжа па Каме ці Верхняй Дзвіне альбо сустрэцца ў Яраслаўлі. 

У лісце ад 11 ліпеня 1927 года Я. Гурвіч паведамляла звесткі пра былых саратнікаў па рэвалюцыйнай дзейнасці: «Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі жыве ў Маскве, з Варварай Іванаўнай ён даўно разышоўся, у яго маладая жонка і двое дзяцей, а м. б. і больш. Ён вельмі пастарэў <...>. Ён атрымлівае пенсію ад таварыства былых паліткатаржан. Адзін з сыноў Бонча жыве ў Мінску, служыць у Дзяржплане, ён жанаты на дачцэ Сяргея Філіпавіча Каваліка. 

<...> Хоць у Бонча і вельмі блытаная галава, але ён заўсёды шукаў чагосьці ідэальнага, а пра Каваліка і казаць няма чаго (ён летась памёр)». Як бачым, яна згадала тых, з кім былі знаёмыя і Я. Чырыкаў, і А. Багдановіч. Бацька паэта ў гэты час пісаў успаміны пра «Народную Волю» і, відаць, звяртаўся да знаёмых па ўдакладненне звестак, захаваліся такія радкі ў мемуарах: «Па-за семінарскімі кругамі вёў рэвалюцыйную прапаганду ў канцы 70-х і пачатку 80-х гадоў Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі. Паколькі справа тычыцца Мінска, то ён працаваў, галоўным чынам, сярод студэнцтва і наогул студэнцкай моладзі». Таксама Адам Ягоравіч згадаў год іх першай сустрэчы — 1886, што зблізіліся пазней (1891, 1894), характарызаваў калегу як «тыповага народніка», «рамантыка па натуры», «ідэаліста і ідэалізатара народа». 

Пра жонку Бонч-Асмалоўскага напісаў так: «Больш тонка і пранікліва ацэньвала людзей і з’явы грамадскага жыцця яго жонка Варвара Іванаўна, народжаная Вахоўская, ранняя народніца, так бы мовіць народніца „першага закліку“». Яна перапісвалася з А. Багдановічам, пра што сведчыць яго ліст да Максіма Горкага: «Пішу да Вас па просьбе адной сваёй паплечніцы па „Народнай Волі“ ў Беларусі Варвары Іванаўны Бонч-Асмалоўскай, якая даручыла мне прасіць Вас падтрымаць хадайніцтва пра прызначэнне персанальнай пенсіі Івану Іванавічу Метліну як былому рэвалюцыйнаму працаўніку. Ён жыве ў Мінску. Гэта быў вядомы адвакат, юрысконсульт на чыгунцы, чалавек вельмі высакародны, са светлым розумам, які іграў важную ролю ў беларускіх рэвалюцыйных колах. Досыць сказаць, што ён наладзіў і правёў чыгуначны страйк у 1905 годзе, за што быў асуджаны і сядзеў у турме. У яго быў удар, розум саслабеў, і ён ужо не здольны да працы. Па словах Варвары Іванаўны, ЦВК Беларусі даў пра яго выдатны водгук як пра чалавека, які шмат зрабіў для рэвалюцыі 1905 года. Але мясцовы аддзел сацыяльнага забеспячэння заявіў, што ў яго няма сродкаў да новага бюджэтнага года» (4 ліпеня 1929 г.). То-бок, і тут у Я. Чырыкава і А. Багдановіча агульныя знаёмыя.

Калі вярнуцца да пытання, хто дапамог Адаму Багдановічу атрымаць ад Яўгена Чырыкава рэкамендацыйны ліст да М. Горкага, то ёсць яшчэ адзін кандыдат — Кіпрыян Іванавіч Валасовіч. Не рэвалюцыянер, не член партыі «Народная Воля», ён, з аднаго боку, супрацоўнік Кантроля Лібава-Роменскай чыгункі, як і Яўген Мікалаевіч, з другога — муж Ганны Апанасаўны Мякота, роднай сястры Марыі Багдановіч. Імёны Чырыкава і Валасовіча стаяць побач у «Памятных кніжках Мінскай губерні», у фондах музея захоўваецца аўтабіяграфія К. Валасовіча.

Як бачым, Яўген Чырыкаў і Адам Багдановіч падчас жыцця ў Мінску мелі вялікую колькасць калег, сяброў-прыяцеляў, паплечнікаў па рэвалюцыйнай барацьбе, грамадскай і культурнай дзейнасці. Пакуль не выяўлены факты, якія сведчылі б пра іх стасункі паміж сабою, але кола агульных знаёмых досыць вялікае, згадаем яшчэ раз: Анатоль Бонч-Асмалоўскі і яго жонка Варвара, Сяргей Кавалік, Іван Метлін, Яўгенія Гурвіч, Кіпрыян Валасовіч. Гэта пацвярджаецца фатаграфіямі, дакументамі, лістамі, якія захоўваюцца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, Беларусь), Архіве-музеі А. М. Горкага (Масква, Расія), мінскім архіве Галіны Чырыкавай і Алены Ніціеўскай, ніжагародскім архіве Міхаіла Чырыкава. Мы будзем працягваць пошукі кантактаў і рускага пісьменніка, і бацькі зоркі беларускай літаратуры.

Ірына МЫШКАВЕЦ 

P. S. Шчырыя словы ўдзячнасці нашчадкам Я. М. Чырыкава — Галіне Пятроўне Чырыкавай, Алене Яўгенаўне Ніціеўскай (Мінск), Міхаілу Аляксандравічу Чырыкаву (Ніжні Ноўгарад, Расія) — за магчымасць працаваць з сямейнымі архівамі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.