МВФ палепшыў прагноз па тэмпах росту беларускай эканомікі і пагоршыў ацэнку глабальнага ВУП
Міжнародны валютны фонд (МВФ) пагоршыў прагноз росту сусветнай эканомікі ў 2025 годзе на 0,1 працэнтнага пункта — да 3,2 працэнта. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе МВФ «Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі», паведаміла ТАСС. У ліпені эксперты фонду прагназавалі, што рост сусветнай эканомікі налета складзе 3,3 працэнта. Тэмпы росту сусветнага ВУП сёлета застануцца на ранейшым узроўні ў параўнанні з прагназаванымі ў ліпені 3,2 працэнта.
«Апошнія чатыры гады сталі для сусветнай эканомікі выпрабаваннем на трываласць. Пандэмія, якая бывае раз у стагоддзе, геапалітычныя канфлікты і экстрэмальныя з’явы надвор’я парушылі ланцужкі паставак, выклікалі энергетычны і харчовы крызісы і вымусілі ўрады прыняць беспрэцэдэнтныя меры для абароны людзей і іх сродкаў да існавання», — адзначаецца ў дакладзе. «Абвастрэнне рэгіянальных канфліктаў, асабліва з улікам разрастання канфліктаў на Блізкім Усходзе і ва Украіне, можа выклікаць далейшае скарачэнне гандлю, што прывядзе да ўстойлівага росту кошту прадуктаў харчавання, энерганосьбітаў і іншых тавараў», — адзначылі ў фондзе, ацэньваючы магчымыя рызыкі.
У лік пагроз уключылі патэнцыяльнае ўзмацненне краінамі палітыкі пратэкцыянізму, а таксама сацыяльную нестабільнасць. У дакладзе адзначаецца, што «ў многіх краінах бюджэтны дэфіцыт і дзяржаўная запазычанасць усё яшчэ вышэйшыя, чым да пандэміі, а расходы на абслугоўванне доўгу застаюцца значнымі і павялічваюцца».
Адначасова з гэтым палепшаны прагноз па росце беларускай эканомікі. Па меркаванні экспертаў МВФ, у нашай краіне сёлета ВУП павялічыцца на 3,6 працэнта, а ў 2025 годзе — на 2,3%. Дагэтуль банк даваў значна больш сціплыя ацэнкі — 2,4 і 1,1 працэнта адпаведна. Раней свае прагнозы на рост беларускай эканомікі палепшылі таксама Сусветны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, ВУП Беларусі ў студзені — верасні павялічыўся на 4,5 працэнта. Мэта па выніках 2024 года — рост на 3,8 працэнта, так што пакуль эканоміка расце тэмпамі значна вышэй за прагнозныя. Рост ВУП Беларусі ў 2025 годзе запланаваны на 4,1 працэнта.
Урад Вялікабрытаніі не мае намеру прасіць прабачэння або абмяркоўваць выплату рэпарацый за гандаль рабамі. Пра гэта заявіў прадстаўнік прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства Кіра Стармера, словы якога прыводзіць газета The Guardіan. «Пазіцыя ўрада не змянілася, мы не выплачваем рэпарацый, — сказаў ён. — Мы не будзем прыносіць прабачэнні».
Раней газета The Daіly Maіl паведаміла са спасылкай на крыніцы, што група з 15 карыбскіх краін вырашыла вынесці на абмеркаванне пытанне рэпарацый. Як падкрэсліла выданне, пацярпелыя ад гандлю рабамі дзяржавы патрабуюць, каб Лондан у якасці кампенсацыі выплаціў сама меней 206 млрд фунтаў стэрлінгаў ($270 млрд). The Daіly Maіl звярнула ўвагу на тое, што ў верасні прэм’ер-міністр Барбадаса Мія Мотлі падчас выступлення на 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН заявіла, што выплаты рэпарацый за гандаль рабамі і каланіялізм павінны стаць часткай «глабальнай перазагрузкі» міжнародных адносін.
Прэзідэнт Ганы Нана Акуфа-Адо на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі Accra Summіt, прысвечанай юрыдычным аспектам кампенсацыі ўрону ад трансатлантычнага гандлю людзьмі, заклікаў каланіяльныя краіны да выплат кампенсацый і вяртання ўсіх незаконна вывезеных з афрыканскага кантынента культурных каштоўнасцяў. Пра гэта паведаміў партал Medіa Ghana. «Рэпарацыі даўно наспелі, ахвяры іншых [выпадкаў] несправядлівасці ў гісторыі чалавецтва па праве атрымалі рэпарацыі, і афрыканцы заслугоўваюць таго ж за шкоду, прычыненую трансатлантычным гандлем рабамі», — заявіў лідар Ганы.
У мінулым годзе амерыканская кансалтынгавая кампанія Brattle Group апублікавала даследаванне, у якім паведамлялася, што больш як 30 краін могуць разлічваць на выплаты заходнімі дзяржавамі рэпарацый за трансатлантычны гандаль рабамі. Згодна з дакладам, у складанні якога прыняў удзел суддзя Міжнароднага суда ААН Патрык Робінсан, толькі Вялікабрытанія павінна заплаціць $24 трлн у выглядзе рэпарацый, з якіх $9,6 трлн павінны дастацца Ямайцы.
У апошнія гады дзяржавы Карыбскага басейна ўсё больш актыўна гавораць аб неабходнасці выплаты Вялікабрытаніяй рэпарацый у сувязі з гандлем рабамі, што актыўна прасоўвалася Лонданам у XVІІ—XVІІІ стагоддзях.
У чэрвені 2022 года тады яшчэ спадчыннік брытанскага прастола прынц Валійскі Чарльз на саміце Садружнасці ў Руандзе прызнаў памылковасць каланіяльнай палітыкі Брытанскай імперыі, аднак не стаў наўпрост прыносіць прабачэнні жыхарам колішніх калоній. Як паведамлялі брытанскія СМІ, такая пазіцыя дэманструе імкненне Букінгемскага палаца пазбегнуць удзелу ў дыскусіях аб магчымых рэпарацыях з боку Лондана за гандаль рабамі.
Як адзначыла агенцтва Bloomberg, скарачэнне імпарту расійскага газу еўрапейскімі краінамі спынілася, а залежнасць ад яго стала павялічвацца. Сёлета на Расію прыпадае каля 20 працэнтаў усяго еўрапейскага імпарту газу, тады як у мінулым годзе гэты паказчык складаў 15 працэнтаў. Bloomberg адзначае, што еўракамісар па энергетыцы Кадры Сімсан «памыляецца, сцвярджаючы, што Еўропа можа жыць без гэтай крыніцы энергіі, ці, прынамсі, яна памыляецца, мяркуючы, што Еўропа можа абысціся без яго і не плаціць істотных эканамічных выдаткаў».
«Афіцыйна ЕС не ставіць за мэту спыніць закупку расійскага газу да 2027 года. І, у канчатковым выніку, аб гэтай даце нячаста кажуць — што з’яўляецца прыкметай таго, што дэдлайн знаходзіцца пад пагрозай», — адзначаецца ў матэрыяле. Bloomberg звяртае ўвагу на тое, што зніжэнне попыту на расійскі газ даецца еўрапейскім краінам няпроста.
«Прамысловае спажыванне знаходзіцца на самым нізкім узроўні, і гэта наносіць значную шкоду вытворчай актыўнасці ў рэгіёне — магчыма, назаўжды», — піша агенцтва.
Пры гэтым адзначаецца, што цэны на газ у Еўропе ўжо перавысілі 40 еўра за мегават-гадзіну, што стала найвышэйшым паказчыкам за 10 месяцаў, у сувязі з чым супольнасці «трэба дзейнічаць асцярожна, каб пазбегнуць далейшага скачка цэн».
Не менш важным для Еўропы застаецца і імпарт звадкаванага прыроднага газу з Расіі. «Тут большасць еўрапейскіх краін робяць выгляд, што гэта не праблема. Без гэтага прадукту еўрапейскім краінам прыйшлося б купляць больш у іншых пастаўшчыкоў, уключаючы ЗША, Катар, Аўстралію і Нігерыю, у сваю чаргу канкурыруючы з азіяцкімі імпарцёрамі за абмежаваныя пастаўкі. Вынікам стане значна вузейшы сусветны рынак ЗПГ і больш высокія цэны на газ», — папярэджвае агенцтва. Паводле яго даных, расійскі ЗПГ з’яўляецца асабліва важным для некалькіх еўрапейскіх краін, у тым ліку для Іспаніі, якая стала другой па велічыні крыніцай імпарту. Францыя і Бельгія таксама імпартуюць амаль рэкордныя аб’ёмы.
Адміністрацыя прэзідэнта Аргенціны аб’явіла аб чарговай радыкальнай рэформе дзяржаўнага апарату краіны — ліквідацыі падатковай службы — Федэральнага ўпраўлення дзяржаўных даходаў (AFІP).
Яго замянілі «спрошчаным» Агенцтвам па зборах і мытным кантролі, скараціўшы колькасць супрацоўнікаў на траціну, перадае Buenos Aіres Tіmes. «Тое, што належыць кожнаму аргенцінцу, належыць толькі яму і нікому іншаму. Ніводнаму дзяржаўнаму бюракрату не павінна быць дэлегавана права ўказваць аргенцінцу, што рабіць з яго ўласнасцю», — заявіў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік аргенцінскага прэзідэнта Мануэль Адорні. Ён адзначыў, што ранейшае ведамства шмат гадоў дзейнічала як палітычная арганізацыя і выкарыстоўвалася для «амаральнага пераследу» многіх аргенцінцаў. Ён падкрэсліў, што аргенцінская «фіскальная прагнасць» скончылася.
Закрыццё AFІP «неабходна для ліквідацыі непатрэбнай бюракратыі, якая перашкаджае эканамічнай і камерцыйнай свабодзе аргенцінцаў», патлумачыла адміністрацыя прэзідэнта. Там таксама паведамілі, што прыкладна 3 тысячы супрацоўнікаў будуць звольнены, паколькі іх «незаконна наняў» ранейшы ўрад, гэта дазволіць эканоміць 6,4 мільярда песа за год — прыкладна $6,5 млн. Заява аб роспуску ўпраўлення дзяржаўных даходаў выклікала рэзкую рэакцыю з боку прафсаюзаў, якія прадстаўляюць работнікаў арганізацыі.
Як стала вядома, новае агенцтва захавае функцыі ранейшага ведамства ў сферы нагляду за зборам падаткаў і мытнага маніторынгу. Pagіna 12 адзначае, што AFІP адказвала таксама за складаную сетку кантролю, што дазваляе выяўляць фінансавыя злачынствы, якія ў адваротным выпадку было б амаль немагчыма раскрыць. Шэраг мясцовых экспертаў адзначаюць, што калі «новая» падатковая будзе ўтрымлівацца выключна за кошт дзяржаўных сродкаў, то гэта паставіць арганізацыю ў залежнасць ад палітычнага курсу ўлады.
Падрыхтаваў Захар БУРАК
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.