Пра тое, што гэты від злачынстваў не перавышае 2% у структуры агульнай злачыннасці, расказаў старшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Арцём Ігнаценка.
Ён таксама адзначыў, што такіх паказчыкаў пракуратура дасягнула дзякуючы намаганням па стрымліванні і ранняй прафілактыцы. Арцём Ігнаценка паведаміў, што ў 2023 годзе ў Беларусі былі выяўлены 1253 карупцыйныя злачынствы, адказнасці падвергнуты 924 асобы. За дзевяць месяцаў бягучага года ўстаноўлены 720 крымінальна каральных дзеянняў дадзенай катэгорыі і 623 асобы, якія іх учынілі.
Акрамя гэтага, супрацоўнік Генеральнай пракуратуры адзначыў, што пакрыццё шкоды за карупцыйныя злачынствы на працягу апошніх некалькіх гадоў у сярэднім забяспечана на ўзроўні каля 50%. На маёмасць карупцыянераў у рамках крымінальных спраў накладваецца арышт, вядзецца пошук карупцыйных актываў, у тым ліку за межамі нашай дзяржавы.
Улічваюцца разнастайныя фінансавыя рызыкі. Таму пракуратурай наладжана практыка правядзення з праваахоўнікамі і кантралявальнымі органамі сумесных праверак законнасці і эфектыўнасці рэалізацыі праектаў, якія фінансуюцца з бюджэту, а таксама распараджэння ўласнымі сродкамі суб’ектамі гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці.
«Толькі сёлета органы пракуратуры правялі 565 праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. У сувязі з дапушчанымі парушэннямі да адказнасці прыцягнуты больш за дзве тысячы кіраўнікоў і спецыялістаў.
У прафілактычных мэтах 216 асоб афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці правапарушэнняў. Летась і ў мінулым перыядзе гэтага года па выніках пракурорскіх праверак распачата крымінальнае праследаванне па 254 фактах злоўжыванняў. Па патрабаванні пракуратуры арганізатарамі зменена правядзенне парадку 330 працэдур закупак, у якіх выяўлены істотныя парушэнні. Папярэджана непразрыстае, а ў асобных выпадках і адкрыта злачыннае расходаванне сродкаў на агульную суму звыш 50 мільёнаў рублёў», — падкрэсліў Арцём Ігнаценка.
Яшчэ старшы пракурор па асаблівых даручэннях звярнуў увагу на тое, што аналіз вынікаў пракурорскага нагляду дазволіў Генеральнай пракуратуры выступіць з прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства. Такія прапановы накіраваны на мінімізацыю рызык магчымых злоўжыванняў удзельнікамі закупачнага працэсу. У выніку сумеснай работы прыняты новыя раздзелы заканадаўства, якія абмяжоўваюць выкарыстанне ў дзяржаўных закупках кампаній, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за подкуп службовых асоб, а таксама заснавальнікі якіх прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за карупцыйныя і некаторыя эканамічныя злачынствы або калі кампанія афілявана з дзяржаўным заказчыкам, адзначыў пракурор.
Арцём Ігнаценка заявіў, што практычна палова карупцыйных злачынстваў — гэта хабары. Больш за 70% выпадкаў подкупу выяўляюцца ў закупачнай дзейнасці, выкананні дагавораў і аказанні іншага заступніцтва камерцыйным структурам. У мінулым і гэтым годзе спынена супрацьпраўная дзейнасць 27 службовых асоб, якія займалі адказныя пасады ў прамысловасці, транспарце, сельскай гаспадарцы, банкаўскім сектары і дзяржаўным кіраванні.
Ён таксама назваў пасады некаторых асоб, якія сталі фігурантамі крымінальных спраў. Паводле яго слоў, крымінальнаму праследаванню былі падвергнуты: былы намеснік міністра транспарту і камунікацый, намеснік міністра энергетыкі, былы міністр сельскай гаспадаркі, першы намеснік старшыні аднаго абласнога выканаўчага камітэта, некалькі дырэктараў буйных прадпрыемстваў краіны.
Старшы пракурор адзначыў, што праваахоўныя органы арыентаваны на выяўленне не адзінкавых фактаў бытавой карупцыі, а злачынных схем у стратэгічных сферах эканомікі і дзяржаўным кіраванні. Пры гэтым да найбольшага карупцыйнага пранікнення схільныя сельская гаспадарка, прамысловасць, гандаль.
Супрацоўнік Генпракуратуры дадаў, што карупцыйныя праявы ў краіне недапушчальныя, а чыноўнікі-карупцыянеры ўяўляюць асаблівую небяспеку для дзяржавы.
«Уцягванню кіруючых кадраў у карупцыйную дзейнасць спрыяе шэраг праблем: недастатковая эфектыўнасць ведамаснага кантролю, фармальная і безуважная пазіцыя прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання дзяржкампаній, недахопы ў падборы і расстаноўцы кадраў. На аснове прапаноў Генеральнай пракуратуры, унесеных у ліпені 2024 года, урадам краіны прымаюцца меры па ліквідацыі названых недахопаў», — падкрэсліў Арцём Ігнаценка.
Старшы пракурор удакладніў, што пытанням процідзеяння карупцыі ўдзяляецца ўвага і праз прызму міжнароднага супрацоўніцтва. Пракурорскія работнікі заўважылі, што нярэдка да карупцыі аказваюцца датычныя прадстаўнікі замежных кампаній і прадпрыемствы з доляй замежнага капіталу, якія імкнуцца супрацьзаконным спосабам асвоіць беларускі рынак або захаваць на ім сваю прысутнасць.
«Гэтая акалічнасць пераконвае нас у неабходнасці падтрымання і далейшага развіцця міжнароднага супрацоўніцтва. Асвоены новыя напрамкі ўзаемадзеяння з замежнымі калегамі. Цяпер за межамі краіны мы пераследуем не толькі карупцыянераў — фізічных асоб, але і суб’екты гаспадарання, якія дапускаюць у Беларусі подкуп у камерцыйных мэтах. Адпаведная інфармацыя накіроўваецца ў дзяржавы па месцы рэгістрацыі нядобрасумленных кампаній, для прымянення да іх штрафных санкцый», — распавёў Арцём Ігнаценка.
Супрацоўнік Генеральнай пракуратуры адзначыў, што нагляднае ведамства ініцыіравала абнаўленне мадэльнага антыкарупцыйнага заканадаўства СНД. Гэта дазволіць выпрацаваць новыя рэгіянальныя стандарты ў барацьбе з карупцыяй і яе прафілактыцы, якія зблізяць падыходы да гэтай дзейнасці практычна на ўсёй постсавецкай прасторы, тым самым супрацоўніцтва стане яшчэ больш эфектыўным.
У сваю чаргу, антыкарупцыйная дзейнасць Следчага камітэта ўяўляе сабой паслядоўную і сістэмную работу, якая накіравана на прафілактыку і скарачэнне карупцыйных праяў, зазначыў следчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Цэнтральнага апарату Следчага камітэта Ігар Амельянюк.
Супрацьдзеянне карупцыі, на яго думку, — гэта не толькі работа праваахоўнага блока, але і задача для ўсёй грамадскасці, у тым ліку працоўных калектываў, у якіх павінна быць сфарміравана нецярпімасць да карупцыйных праяў. Следчы лічыць, што сапраўды важна засцерагчы калегу, калі ён страціў прававы арыенцір і ў яго рабоце сталі заўважныя супрацьпраўныя праявы.
Ігар Амельянюк таксама назваў прычыны і ўмовы карупцыйных злачынстваў. Сярод іх, напрыклад, нямэтавае і неэфектыўнае расходаванне фінансавых сродкаў арганізацыі, інакш кажучы, гэта аплата выдаткаў або паслуг, на якія не вылучаліся грошы альбо яны расходаваліся звыш вылучаных лімітаў. Адзначаецца таксама парушэнне парадку арганізацыі і правядзення дзяржаўных закупак, незабеспячэнне належнай аховы таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і нават парушэнні ў галіне аплаты працы, калі чалавеку неабгрунтавана даплачваюць за сумяшчэнне пасад, за працу ў выхадныя і святочныя дні пры адсутнасці загадаў, неабгрунтавана і залішне кампенсуюць камандзіровачныя выдаткі.
Следчы таксама нагадаў, што дача хабару адносіцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, тэрмін даўнасці за якія складае дзесяць гадоў, а атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры — да асабліва цяжкіх з тэрмінам даўнасці пятнаццаць гадоў.
Атрымліваецца, што службовая асоба, якая ўчыніла калісьці карупцыйнае цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, вобразна кажучы, доўгі час будзе знаходзіцца на парахавой бочцы. І, як паказвае практыка, гэтая бочка калісьці абавязкова выбухне.
«Аналізуючы вынікі следчай работы па расследаванні карупцыйных спраў, кожны раз напрошваецца пытанне: чаго дамагліся службовыя асобы, здзейсніўшы такія злачынствы, і ці варта было яно таго?» — удакладніў Ігар Амельянюк. Акрамя таго, ён таксама адзначыў, што да асуджаных за карупцыю асоб, якія займалі дзяржаўныя пасады, не прымяняюцца амністыя, умоўна-датэрміновае вызваленне і замена пакарання больш мяккім.
Гэтую інфармацыю паведаміў начальнік 3-га аддзела першага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (БЭЗ) МУС Дзмітрый Лагун.
Нядаўна ва ўжытку праваахоўнікаў з’явілася паняцце «сістэмнай дзелавой» карупцыі, супрацьдзеянне якой з’яўляецца адной з прыярытэтных задач для службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. У дадзеным выпадку паняцце «сістэмнасці» адрозніваецца ад яго звычайнага разумення.
«У пазначаным кантэксце разумеюцца выпадкі, калі прадстаўнікі бізнесу ствараюць выбудаваную схему перадачы хабараў службовым асобам розных суб’ектаў гаспадарання за лабіраванне сваіх інтарэсаў. Сёлета падраздзяленнямі БЭЗ устаноўлена два дзясяткі такіх схем», — распавёў Дзмітрый Лагун.
ачальнік аддзела падкрэсліў, што эфектыўнасць процідзеяння карупцыі прадугледжвае комплексны падыход да вырашэння праблемы. Гэтай з’яве, улічваючы яе высокую грамадскую небяспеку і латэнтнасць, якая стварае рэальную пагрозу эканамічнай і нацыянальнай бяспецы, у Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага.
Па названай прычыне распрацавана стратэгія барацьбы з карупцыяй, у якой знайшлі сваё адлюстраванне асноватворныя кірункі дзейнасці, дзе важнае значэнне адведзена грамадскім інстытутам. У поўнай меры процідзейнічаць гэтаму злу сіламі толькі праваахоўных органаў вельмі цяжка, а часам і немагчыма.
«Толькі сфарміраваўшы ў свядомасці нашых грамадзян устойлівае разуменне непрымальнасці карупцыі, далучаючы да гэтай дзейнасці максімальна шырокае кола грамадскіх інстытутаў, мы зможам весці гаворку аб эфектыўнасці процідзеяння гэтай праблеме», — адзначыў Дзмітрый Лагун.
Прадстаўнік МУС звярнуў увагу на важнасць прафілактыкі карупцыі. Калі раней карупцыянераў дазвалялі выявіць выключна механізмы аператыўна-вышуковай дзейнасці, то на сёння велізарную дапамогу дае правільна выбудаваная аналітычная работа з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў.
«Яны з’яўляюцца не толькі незаменным памочнікам у арганізацыі аператыўных мерапрыемстваў, але і самастойнай крыніцай значнай інфармацыі, якая дазваляе распазнаць пэўныя маркеры, што паказваюць на наяўнасць магчымых карупцыйных рызык, якія потым падвяргаюцца дбайнаму аналізу і праверцы», — падкрэсліў Дзмітрый Лагун.
Ён таксама зрабіў акцэнт на тым, што перад АУС у першую чаргу стаіць задача зберагчы дзяржаўныя сродкі і не дапусціць пранікнення крыміналу ў эканоміку. «Часта прасцей прадухіліць супрацьпраўнае дзеянне, чым разбірацца з яго наступствамі, у тым ліку магчымым пераводам сродкаў за межы краіны», — дадаў начальнік аддзела.
Сяргей КУРКАЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!