Вы тут

Яшчэ больш спорту: мастацкі праект «Viva Kola Art» праходзіць у Мінску


Не вынаходзіць кола наноў, а карыстацца ім напоўніцу — прапануюць спартсмены і мастакі. У гэтым яны дасягнулі паразумення яшчэ летась, калі адзначалася 10 гадоў веласіпеднага клуба «Мінск» — тады і правялі першую выстаўку «Viva Kola Art», якая асэнсоўвала рэчаіснаць праз вечнае кола жыцця. Вынік атрымаўся з пэўнай філасофіяй і спадабаўся — вырашылі працягваць. І сёлета праект адбываецца другі раз, але цяпер у ім стала значна больш спорту: акрамя веласіпеднага, яшчэ хакей, біятлон, гімнастыка, тэніс, лыжныя гонкі... Ды і новы партнёр — Нацыянальны алімпійскі камітэт — з энтузіязмам аднёсся да ідэі адраджэння алімпійскага партрэта. 


Своеасаблівы «павільён славы» абмінуць не атрымаецца — ён пры ўваходзе на выстаўку. І здымае ўсе пытанні пра мэтазгоднаць злучэння спорта і мастацтва. А падчас адкрыцця вялікай экспазіцыі, якая займае два паверхі сталічнага Палаца мастацтва, наогул можна было зразумець, што агульнага ў спорта і мастацтва. І гэта не толькі пра натхненне, хоць і яно было адчувальнае. Напрыклад, глядзіш на партрэт шматразовай чэмпіёнкі свету па веласпорце Наталлі Цылінскай, а вось і яна сама — старшыня беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту была адной з тых, хто ўрачыста перарэзаў стужку:

:— Тое, што робяць цудоўныя майстры, мастакі, — выдатна. Як і тое, што робяць мае калегі-спартсмены, таму што кожная перамога, кожны медаль — індывідуальны. І гэта тое, што дае заўзятарам падставу за нас перажываць. Думаю, што спорт — гэта вялікі і здаровы рухавік жыцця. 

Згадала яна і пра партрэты: Нацыянальны алімпійскі камітэт зрабіў падарунак жанчынам-спартсменкам на Дзень маці, прадставіўшы іх вобразы ў мастацкіх творах: А цяпер гэта — адна з частак маштабнай экспазіцыі, да фарміравання якой мелі дачыненне больш за 200 мастакоў, пры тым, што першапачаткова арганізатары атрымалі больш за 500 электронных заявак. Гэта значыць, што быў адбор, у якім сваё слова мелі і прадстаўнікі спартыўнай супольнаці, і мастацкай, тым больш, што сёлета ў межах праекта «Viva Kola Art» адбываецца конкурс. Аляксей Іваноў, дырэктар веласіпеднага клуба «Мінск» распавёў, што паміж пажаданнямі арганізатараў са спартыўнага боку і прадстаўнікамі мастацкага свету заўсёды знаходзіўся кансенсус. Такім чынам, сёлета журы вызначыць пераможцаў і лаўрэатаў у 11 галінах творчасці (акрамя ўладальніка Гран-пры назавуць аўтара найлепшага арт-аб’екта, а таксама найлепшых у намінацыях «Графіка», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Дызайн», «Жывапіс», «Скульптура», «Творчы» дэбют«, «Фатаграфія рэпартажная», «Фатаграфія мастацкая»). Будзе вырашаны лёс «Прыза глядацкіх сімпатый» (у нас з некаторага часу гэта любімы від спаборніцтваў сярод наведвальнікаў выставак). 

—Дух спаборніцтва, услацівы спорту, ёсць і ў мастацтве, а зараз ён унесены ў гэтыя выставачныя залы, — адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч і патлумачыла, што ішоў жоркі адбор па прафеійнаму прынцыпу, каб працы мелі адносіны да заяўленай тэмы. — Раней такія выстаўкі адбываліся ў Беларусі ў 80-я гады. Пасля быў вялікі перапынак. Але гэты праект падштурхнуў мастакоў да таго, каб вырашаць пэўную тэму, якая мае сацыяльнае значэнне. Калі летась мы мелі на ўвазе кола як сімвал руху, то сёлета гэта спорт у прынцыпе. У адрозненні ад мінулага года гэтым разам шмат прадстаўнікоў рэгіёнаў: пра спорт павінны гаварыць мастакі любога ўзроту, любога кірунку, з любых куткоў Беларусі. 

Цяпер ідзе падрыхтоўка каталога работ удзельнікаў выстаўкі, які будзе прэзентаваны да фіналу конкурсу. Але працы з калекцыі праекта мінулага года пры жаданні ўжо можна набыць. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.