У якасці губернатара Валерый Лімарэнка знаходзіцца з візітам у Беларусі ўпершыню. Аднак да новага прызначэння наведваў нашу краіну рэгулярна: будучы кіраўніком ніжагародскага «Атамэнергапраекта» ён асабіста курыраваў работу па падрыхтоўцы да ўзвядзення першага энергаблока Беларускай АЭС. Менавіта за ўдзел у гэтай найважнейшай будоўлі кіраўнік Сахалінскай вобласці ўдастоены Падзякі Прэзідэнта Беларусі. З уручэння ўзнагароды і пачаліся перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам гэтага ўсходняга рэгіёна Расійскай Федэрацыі.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз выказаў удзячнасць губернатару Сахалінскай вобласці за ўклад у будаўніцтва гэтага стратэгічнага інвестыцыйнага праекта ў Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гэтым разам Валерый Лімарэнка прыехаў у Беларусі ў якасці кіраўніка вялікага, цікавага і вельмі роднага для нашай краіны рэгіёна Расійскай Федэрацыі.
«У цэлым уклад далёкаўсходніх рэгіёнаў у агульную скарбонку нашага гандлю — Беларусі і Расіі — менш за працэнт, або прыкладна 350 мільёнаў долараў, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Аб’ёмы каласальныя. Усё-ткі 350 мільёнаў долараў на такую адлегласць — гэта прыстойныя аб’ёмы».
Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што з улікам нашых магчымасцяў гэта мала. «Я думаю, што ў выніку вашай работы ў Беларусі і перагавораў, якія адбудуцца, мы выйдзем на больш сур’ёзнае супрацоўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і агучыў прыярытэтныя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння.
Прэзідэнт праінфармаваў, што напярэдадні сустрэчы з губернатарам Сахалінскай вобласці праблема імпартазамяшчэння абмяркоўвалася з першым віцэ-прэм’ерам Расіі. «Нам трэба быць незалежнымі па ўсіх кірунках, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Нам трэба зрабіць так, каб не да нас везлі шматлікага роду тавары, а ад нас везлі і прыязджалі сюды, у Расію і Беларусь, прасілі, каб мы ім прывезлі тыя ці іншыя тавары».
Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што вельмі многае ўжо зроблена. Расія, па яго словах, крэдытуе нашы сумесныя праекты, якіх больш, чым планавалася. Сумесныя праекты, як канкрэтызаваў Прэзідэнт, датычацца розных сфер: пачынаючы ад вытворчасці мікраэлектронікі, заканчваючы самалётабудаваннем. «Мы павінны быць незалежнымі ў эканоміцы. І думаю, што за наступную пяцігодку (калі, вядома, на нас будуць так ціснуць) мы выйдзем на практычнае поўнае імпартазамяшчэнне. Калі ціску не будзе — можам расслабіцца. Таму гэтыя ўсе санкцыі — яны і час магчымасцяў».
Беларусь гатова супрацоўнічаць з Сахалінскай вобласцю і ў плане інавацый, экалагічнага транспарту. Прэзідэнт праінфармаваны, што ў гэтым расійскім рэгіёне праводзіцца ўнікальны эксперымент па стварэнні вугляроднай нейтральнасці. Па яго словах, у рамках гэтага эксперыменту ў Сахалінскай вобласці будзе працаваць і першы ў свеце вялікагрузны аўтамабіль БелАЗ.
«Мы таксама вельмі многае робім у плане экалагічнага транспарту, — паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Пераводзім на электратранспарт пасажырскі транспарт. Мы ўжо два маршруты вызначылі — ад Мінска да Жодзіна і ад Магілёва да Шклова. Гэта па 40 — 50 кіламетраў без дазапраўкі будуць хадзіць электрычныя аўтобусы. Калі ёсць жаданне, мы можам папрацаваць і ў вас».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра магчымасці Беларусі і ў плане транспартнай лагістыкі і будаўніцтва. «Гатовы з вамі працаваць у вашым праекце па стварэнні міжнароднага транспартна-лагістычнага хаба за кошт мадэрнізацыі Карсакоўскага марскога гандлёвага порта і будаўніцтва заводаў па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі, — унёс прапанову беларускі лідар. — Увогуле па рыбе, я б сказаў, па яе спажыванні вельмі сур’ёзная сітуацыя. Я Уладзіміра Уладзіміравіча прасіў, каб нам выдзелілі квоту для лоўлі рыбы і перапрацоўкі. Дзякуй, выдзелілі. Ажно на 10 гадоў наперад».
Па словах Прэзідэнта, завод па перапрацоўцы рыбы ў бліжэйшы час будзе пабудаваны на тэрыторыі нашай краіны.
Кажучы аб узаемадзеянні ў сельскай гаспадарцы і харчаванні, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што калі ў кіраўніцтва Сахалінскай вобласці будуць пэўныя пажаданні ў гэтым плане, Беларусь таксама гатова да супрацоўніцтва. Гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, датычыцца і многіх іншых пытанняў, да якіх будзе інтарэс.
«Вы ведаеце, што вы нам людзі не чужыя. Яшчэ ў часы Кажамякі (цяперашні губернатар Прыморскага краю. — „Зв“.) мы працавалі ў Сахаліне, і нешта зрабілі, таму адлегласць тут не мае ніякага значэння, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Будзем з вамі супрацоўнічаць і працаваць. Яшчэ раз удзячны за тое, што вы зрабілі для Беларусі. Упэўнены, што мы яшчэ нямала з вамі зробім».
Праграма візіту дэлегацыі Сахалінскай вобласці ў Беларусь даволі шырокая. У планах наведаць ААТ «Амкадор» і Беларускую атамную электрастанцыю, Парк высокіх тэхналогій і ААТ «БелАЗ», азнаёміцца з выстаўкай тэхнікі беларускай вытворчасці на Мінскім трактарным заводзе. Акрамя таго, шэраг сустрэч будзе праведзена ва ўрадзе.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, губернатар Сахалінскай вобласці Валерый ЛІМАРЭНКА адзначыў, што за апошнія дзевяць гадоў гэты расійскі рэгіён набыў у Беларусі 900 адзінак тэхнікі. «У галіне сельскай гаспадаркі, кар’ерныя самазвалы (БелАЗы, напрыклад), аўтобусы», — канкрэтызаваў ён.
Валерый Лімарэнка расказаў, што запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Сахалін. «Я сказаў, што вы прыедзеце ў Южна-Сахалінск, дзе так жа чыста, як у Мінску, і ходзіць тэхніка такая ж, як у Мінску», — канстатаваў губернатар.
Кажучы аб ажыццяўленні эксперыменту па вугляроднай нейтральнасці ў Сахалінскай вобласці, кіраўнік расійскага рэгіёна паведаміў, што ў гэтым плане яны зацікаўлены ў партнёрстве з Беларуссю. «У прыватнасці, мы паедзем на „БелАЗ“ для таго, каб абмяркоўваць перспектывы эксперыменту — выкарыстанне вадароднага БелАЗа, — канкрэтызаваў ён. — На „Амкадоры“ — вялікая праграма па камунальнай тэхніцы па пераводзе гэтай тэхнікі на газ. Вы ведаеце аб тым, што ў Расіі ўнутранае спажыванне газу павялічваецца, таму гэта вельмі актуальна і цікава. Мы поўнасцю пераводзім свой рэгіён на газавыя рухавікі. Гэта прынцыповая лінія».
Губернатар патлумачыў, чаму ў рэгіёне аддаюць прыярытэт беларускай тэхніцы. «Беларуская тэхніка перамагае на конкурсах, — сказаў ён. — Яна па якасці добрая, выдатная і па цане прымальная. Нашы механікі вылучаюць гэтую тэхніку і прымаюць рашэнне, што яе трэба набываць. У гэтым сэнсе ўсё проста. Што датычыцца лагістыкі, Сахалін — гэта цэнтр транспартных артэрый, і ў гэтым сэнсе мы можам супрацоўнічаць з любым кутком свету. Тут ніякай праблемы няма».
Кажучы аб супрацоўніцтве ў галіне экалагічнага транспарту, кіраўнік рэгіёна паведаміў, што абодва бакі павінны прайсці даволі складаны шлях, дзе трэба праявіць цярпенне. «Зразумела, што вадарод сёння даражэйшы, чым дызельнае паліва, — патлумачыў Валерый Лімарэнка. — Але гэта паліва будучыні. І калі сёння мы разам пойдзем у гэты праект, тады з часам, калі цэны зблізяцца, у нас з’явіцца вопыт работы з вадародам, а гэта вельмі складаная тэхналогія. Гэта высокатэхналагічныя спецыялісты, якімі трэба займацца. Такіх людзей павінна быць тысяч. Для гэтага павінны прайсці гады». Па словах губернатара, на Сахаліне ствараецца інжынерная вадародная школа, да дзейнасці якой з вялікім задавальненнем гатовы падключыць спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Кажучы аб зацікаўленасці Беларусі павялічыць пастаўкі рыбы, Валерый Лімарэнка паведаміў, што Сахалінская вобласць прапанавала свае магчымасці, лагістыку і партнёрства для таго, каб забяспечыць беларусаў гэтай сыравінай для далейшай перапрацоўкі. «Такая магчымасць ёсць, — дапоўніў ён. — Больш таго, у Беларусі ёсць квоты, якія, я прапанаваў, можна выкарыстаць з нашымі рыбакамі».
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.