У Нацыянальнай бібліятэцы была прэзентавана кніга Наталлі Ражновай «Цаліне 70 гадоў». Аўтар сабрала гісторыі людзей, якія ў 1954–1962 гадах прыехалі з Беларусі асвойваць гэтыя землі. Яна працавала ў музеях і архівах, сустракалася з нашчадкамі, якія дзяліліся дакументамі і сямейнымі фатаграфіямі. Спецыяльна для выдання казахскія мастакі перадалі з запаснікаў свае работы тых часоў, каб іх можна было адфатаграфаваць і выкарыстаць у кнізе.
Гэта быў найвялікшы патрыятызм таго часу. Сярод моладзі гучаў лозунг: «Нашы бацькі заваявалі Перамогу, а мы заваюем цаліну», — заўважыла аўтарка. Гэта не былі проста прыгожыя словы, людзі сапраўды верылі ў свае сілы, у тое, якую добрую справу здольны зрабіць.
Па розных крыніцах, як заўважыў старшыня беларускага цэнтра «Радзіма» Дзмітрый Астаньковіч, у 50-х гадах у Казахстан прыехала каля мільёна добраахвотнікаў з усяго СССР, сярод іх — сто тысяч беларусаў, для многіх з іх пасля казахстанская зямля стала другой радзімай. Дзякуючы іх працоўнаму подзвігу, Казахстан сёння ўваходзіць у першую дзясятку краін па аб’ёме экспарту збожжа. Новая кніга, як упэўнены Дзмітрый Астаньковіч, дазваляе зразумець, што зрабілі цаліннікі і дзеля чаго ішлі на такія складанасці.
Аўтар прызналася, што многія нарысы не даліся ёй лёгка, кожную гісторыю яна прапускала праз душу: «Маімі героямі сталі простыя людзі.
А пра іх нельга было пісаць пафасна. Часам здавалася, што я сяджу каля вогнішча, адчуваю дымок, што ідзе ад кашы, якую яны вараць, і разам з імі спяваю «Здравствуй, земля целинная».
Адна з гісторый, згаданая ў кнізе, пра моладзь, дзякуючы якой з’явілася сяло Садовае. Сюды прыбыло каля 50 беларускіх хлопцаў і дзяўчат. Гэта быў голы стэп, яшчэ прамерзлую зямлю разграбалі рукамі, каб паставіць палатку. Не было ні святла, ні цяпла, а людзі выходзілі на работу, выконвалі і перавыконвалі планы. А як абжыліся, выпрасілі ў начальства саджанцы яблынь. У выніку сёння пасярод стэпу і палёў размясціўся зялёны аазіс. У садзе стаіць помнік, прысвечаны цаліннікам. Акрамя таго, беларусы не забываліся на сваю культуру, яны стварылі ансамбль і на выхадныя маглі ехаць за 50–100 км, каб выступіць перад такімі ж цаліннікамі. Зразумела, было і каханне.
Маладыя пары сярод скаральнікаў зямлі раслі бы грыбы. Напрыклад, вяселле Наталлі Ражновай: зранку маладыя распісаліся, пасля пайшлі працаваць, адстаяўшы змену, а калі вярнуліся дадому, на святочную вячэру было паўбохана хлеба, міска квашанай капусты і шклянка згушчонкі. Дарэчы, яны пражылі шчасліва ўсё жыццё.
А яшчэ беларусы-цаліннікі былі вельмі сціплымі. Яны мелі шмат узнагарод, але калі ім прапаноўвалі пасады, адмаўляліся ад іх, бо хацелі і ўмелі працаваць на зямлі.
Пра тое, з якімі складанасцямі сутыкаліся беларусы, расказалі і цаліннікі, якія сёння жывуць у Беларусі. Высветлілася, што ў Казахстане была рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Анцух — туды прыехалі яе бацькі. Яна ўспомніла пра стэп, і вялікую колькасць травы перакаці-поле, якую вецер коціць па зямлі...
Прэзентацыя праводзілася сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Першы намеснік старшыні гэтай арганізацыі Алена Стэльмах заўважыла, што кніга «Цаліне 70 гадоў» — не проста расповед пра няпростыя і цікавыя часы, але і сапраўдная ода беларусам.
Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, які шмат перакладае з казахскай мовы на беларускую, прызнаўся, што раней марыў пра цаліну, а подзвіг сям’і, якая там пабывала, у вёсцы лічылі не менш важным за касманаўцкі.
Прыехалі на сустрэчу і сучасныя ўдзельнікі студатрадаўскага руху, пераймальнікі найлепшых традыцый старэйшых пакаленняў.
Алена Дзядзюля, фота аўтара.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.