Разбурэнне сацыяльных сувязяў, уплыў віртуальных сетак на фарміраванне чалавека, новыя небяспечныя захапленні, пагоня за трэндамі, навязванне чужых поглядаў на жыццё, узаемаадносіны, сям’ю, культура адмены, спробы перапісвання і ўплыву на гістарычную памяць, адмаўленне таго, на чым раслі старэйшыя пакаленні і што для іх было дорага... Можна і далей пералічваць негатыўныя працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, у тым ліку і называць з’явы і выклікі, якія з’явіліся зусім нядаўна. Ці можна ім супрацьстаяць і хто можа дапамагчы адрозніць добрае і дрэннае? Якім чынам традыцыйныя каштоўнасці трэба перадаваць наступным пакаленням? Гэтыя пытанні былі ўзняты падчас сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры, прысвечанай дзейнасці Грамадскага савета па маральнасці.
— Маральныя асновы, якія сфарміравалі характар беларускага народа, з’яўляюцца для нас аксіёмай. Няма неабходнасці даказваць каштоўнасць любові і павагі да бацькоў, сваёй Радзімы, значнасць сяброўства і працавітасці, вернасці, шчырасці і дабрыні. Маральнасць — гэта і найважнейшая прыступка да духоўнага развіцця чалавека, — заўважыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, сустаршыня Грамадскага савета па маральнасці. У той жа час ён звярнуў увагу, што каштоўнасці трэба выхоўваць у кожным пакаленні, а ў наш час яшчэ і абараняць, таму ў 2023 годзе і быў адноўлены Грамадскі савет па маральнасці, створаны ў 2009 годзе дзякуючы намаганням мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) і кіраўніка Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Заснавальнікі адзначалі, што савет будзе імкнуцца садзейнічаць духоўнаму аздараўленню нацыі, зацвярджэнню ў беларускім грамадстве высокіх маральных прынцыпаў шляхам прыняцця пагадненняў, рэкамендацый, зваротаў да адпаведных дзяржаўных структур і ўстаноў.
— Пытанні маральнага здароўя, аздараўлення грамадства не менш актуальныя і сёння, — падкрэсліў уладыка Веніямін. — Неабходна ўказваць на спакусы, якія здольныя нашкодзіць падрастаючаму пакаленню, і пры неабходнасці засцерагаць ад іх.
Тут вялікую ролю можа адыграць грамадства. Важна не пакідаць без увагі распаўсюджванне шкоднага для дзіцячай аўдыторыі медыякантэнту, часам і з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, заклікамі да спажывання алкаголю, наркатычных рэчываў.
— Мы бачым, што асобныя сучасныя захапленні, якія актыўна папулярызуюцца асабліва сярод маладых людзей, звязаны з імкненнем пазбавіць чалавека яго сапраўднага аблічча, адмовіцца ад высокага прызвання, свабоды выбару і адказнасці і прымераць на сябе вобраз бясслоўнай істоты, — папярэдзіў аб небяспецы мітрапаліт і звярнуў увагу, што ў інтэрнэт-прасторы найперш моладзь выбіраецца як аб’ект уздзеяння. На пытанне журналістаў аб стаўленні да квадробінгу ўладыка нагадаў, што кожная гульня павінна садзейнічаць развіццю чалавека, яго найлепшых якасцяў, найперш душы. А чаму можна навучыцца, імітуючы паводзіны жывёл? Іншая справа, калі асоба будзе выхоўвацца на вопыце папярэдніх пакаленняў, арыентавацца на найлепшых прадстаўнікоў краіны, заслужаных дзеячаў, гістарычных персанажаў, святых, асветнікаў. Важна, каб цанілася тое, што ўзвышае чалавека, з’яўляецца высокамаральным, светлым... А бацькі, якія выгульваюць на павадках сваіх дзяцей, па сутнасці, патураюць эгаізму, імкнуцца выканаць усе іх жаданні, не задумваючыся аб наступствах.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, сустаршыня Грамадскага савета па маральнасці Алесь Карлюкевіч расказаў што тэмы, якія паступаюць у Грамадскі савет па маральнасці і ўздымаюцца на яго пасяджэннях, датычацца розных сфер, найперш культуры і адукацыі, напрыклад, абмяркоўваюцца паводзіны навучэнцаў у школе, узаемаадносіны сям’і і школы. Ён падзякаваў Міністэрству адукацыі за актыўнае супрацоўніцтва, у савеце бяруць удзел рэктары розных навучальных устаноў, кіраўнікі сістэмы адукацыі, тыя, хто ведае сітуацыю знутры.
Сярод пытанняў, якія паступалі ў савет па маральнасці, былі і такія, калі неабыякавыя грамадзяне прасілі звярнуць увагу на рэпертуар асобных выканаўцаў, тэатраў, на ўзровень культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, чысціню мовы, распаўсюджванне астралогіі, уплыў блогераў, музычнае суправаджэнне ў летніх дзіцячых лагерах.
— У грамадстве ёсць тыя ці іншыя погляды, якія мы хацелі б агучыць і генерыраваць для дэталёвага абмеркавання, прапрацоўкі. Шчырая размова грамадства з дзяржавай, з дзяржаўнымі інстытутамі магчыма ва ўмовах стварэння пэўнай атмасферы. Важна, каб людзі, якія да нас звяртаюцца, разумелі, што іх прапановы будуць пачуты, і гэта не будзе просты, класічны афіцыйны адказ, — заўважыў Алесь Карлюкевіч. Прадстаўніцтвы савета па маральнасці працуюць у рэгіёнах. Гэту работу праводзяць людзі, якія займаюць кіруючыя пасады, маюць аўтарытэт у грамадстве.
Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, старшыня камісіі Грамадскага савета па інфармацыйнай і выдавецкай дзейнасці
Ігар Бузоўскі заўважыў, што асэнсаванне і разуменне духоўных і маральных каштоўнасцяў надзвычай важнае, бо ў далейшым на гэтым будуецца ў тым ліку і такое паняцце, як дзяржаўнасць. Духоўныя і традыцыйныя каштоўнасці яшчэ трэба вызначыць.
— Сёння дзяржава шмат робіць для таго, каб заахвочваць людзей на стваральную працу. Напрыклад, прэмія «За духоўнае адраджэнне» прымушае задумацца над тым, што ў нас найлепшае ў духоўных пачатках, яе намінацыі падказваюць, якія кірункі неабходна развіваць.
Як заўважыў Ігар Бузоўскі, сёння важна вызначыцца з тым, што з’яўляецца каштоўнасцямі, іх актуалізацыяй. Напрыклад, трэба сёння прыкласці намаганні для таго, каб папулярызаваць такую каштоўнасць, як працавітасць. На жаль, сёння яна страчвае тое значэнне, якое мела раней. Але варта думаць, як яе падаваць і на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, у Кітаі такое паняцце спалучана з паняццем багацця — паспяховасць людзей непасрэдна звязваецца з іх працавітасцю.
— Сёння прэстыжнымі сферамі з’яўляюцца ІТ, нанатэхналогіі. Мы можам нават саромецца, што сябе асацыіруем з сельскагаспадарчай рэспублікай.
А гэта тое, чым трэба навучыцца ганарыцца. Сёння перад саветам стаіць задача пошуку ацэначных катэгорый, — упэўнены Ігар Бузоўскі.
А прасоўваць правільныя пасылы, на яго думку, можна і праз грамадскія ініцыятывы. Яскравы прыклад таму — праект БРСМ «Уладар сяла», працавітасць падчас спаборніцтва гаспадароў падаецца і як заслуга ў сямейным выхаванні.
— Людзі нашага пакалення ўсведамляюць духоўныя багацці, якія назапашаны ў нашай краіне, і нам не трэба саміх сябе пераконваць, чым трэба даражыць. Неабходны дыялог з моладдзю, — упэўнена генеральны дырэктар Вялікага тэатра, старшыня камісіі па культуры Грамадскага савета Кацярына Дулава. — У старшынь камісій ёсць даручэнні па правядзенні розных форм работы з грамадскасцю. Лічу прынцыповым выраз: «Сёння дзеці — заўтра народ». Таму сустрэчы з кампетэнтнымі людзьмі ў навучальных установах неабходныя.
Дарэчы, у Вялікім тэатры апрабоўваюцца розныя формы работы з падрастаючым пакаленнем. Ёсць дні, калі тэатр «аддаецца дзецям», праводзяцца для іх сустрэчы, заняткі, ствараецца асяроддзе, у якім малыя могуць развівацца ў тым ліку духоўна. Паспяхова праходзяць сустрэчы са студэнтамі, якія пасля спектакля абмяркоўваюць тое, што пабачылі на сцэне.
— Мы часам недаацэньваем магчымасці, гатоўнасць моладзі гаварыць з намі на розныя тэмы. З імі можна і важна прагаворваць розныя тэмы, пытанні: веры, маральнасці, узаемаадносін, сям’і, — адзначыла Кацярына Дулава. Яна ўпэўнена, што форм для асветы, прапаганды духоўных і маральных каштоўнасцяў можа быць багата. Пасадзейнічаць фарміраванню супольнасці, якая гатова гаварыць пра тое, што сапраўды з’яўляецца важным у жыцці, павінен і конкурс, зацверджаны Дзяржаўным саветам па маральнасці і названы ў імя асветніка Кірылы Тураўскага «У гармоніі з сабой і светам», да якога могуць далучацца як прафесійныя літаратары, журналісты, публіцысты, так і вучнёўская і студэнцкая моладзь.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Віктара Драчова
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!