Вы тут

Бабуліна малітва


Бабулька сядзела адна на прыпынку. Гэты прыпынак не надта ажыўлены, тралейбусы тут не ходзяць, толькі аўтобусы зрэдку. Маршруткі, як выглядала, яе не цікавілі. Маленькая, худзенькая, яна нагадвала крыху спалоханую птушачку. Побач — з вузкай і доўгай стаянкі — амаль патокам разварочваліся і ад’язджалі машыны. Мы таксама развярнуліся і прыпыніліся, прапанавалі яе падвезці, бо заўважылі гэтую бабульку яшчэ там, у храме. Але аб усім па парадку.


На мінулым тыдні ў кафедральным саборы Брэста знаходзілася адна з галоўных усебеларускіх святынь — Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай. Недзе ў сярэдзіне тыдня мы з дачкой вырашылі заехаць, каб пакланіцца святыні. Быў час абедзеннага перапынку, і да Крыжа стаяла немалая чарга. Большасць усё ж складалі пажылыя людзі, але нямала было і маладых. Ішлі па двое, трое, цэлымі групкамі. Яно і не дзіва, Крыж — не толькі святыня ў рэлігійным сэнсе, але і вялікая гісторыка-культурная каштоўнасць, тым больш што зроблены ён нашым, брэсцкім, майстрам... Хто прыкладваўся, хто проста кланяўся, але ўсе разглядалі рэліквію з цікавасцю, а прыветлівыя манашкі, якія суправаджалі святыню, расказвалі, падказвалі, дарылі на памяць кардонныя карткі з выявай Крыжа. Наведвальнікі праходзілі даволі хутка, няёмка ж доўга стаяць ды затрымліваць іншых, павялічваць чаргу. А яна, тая бабулька, стаяла крыху збоку і вельмі горача малілася.

...Калі мы прапанавалі падвезці, яна адразу здзівілася, спытала, куды мы накіроўваемся, а калі высветлілася, што нам амаль па дарозе, падзякавала, села ў машыну. Як толькі ўладкавалася, адзначыла тое, што і я заўважыла: маладыя людзі прыходзяць да святыні і гэта добра, а вось свайго ўнука яна не ўгаварыла прыйсці сюды. А яму трэба было б, як нікому. «А што, хварэе?» — спытала я першае, што падумалася ў такім выпадку. «Якое там хварэе, — запярэчыла сталая жанчына, — іншая бяда спасцігла, тая, што многіх з дарогі зводзіць». Потым стала расказваць усю сваю гісторыю. З яе аповеду вынікала, што сама яна з вёскі, у горад прыехала яшчэ ў маладосці ў пошуках работы. Тут выйшла замуж за добрага хлопца, усё жыццё не ленаваліся, працавалі на заводзе, атрымалі кватэру, выгадавалі дзяцей. Дзеці таксама выраслі не лайдакамі. Сын з нявесткай яшчэ ў 90-я гады ездзілі за мяжу, вазілі тавар, сабралі грошай, адкрылі невялікі бізнес. На жыццё хапала, дом пабудавалі дыхтоўны, двухпавярховы, як яна сказала: «Раней хіба ў паноў былі такія палацы». А вось сын іх, яе ўнук, да бізнесу інтарэсу не праяўляў, бацькі і не настойвалі, далі магчымасць самому выбіраць сабе справу. Ён павучыўся ў адной установе, потым у іншай, ніводнай не скончыў. Па прапанове сяброў стаў ездзіць на заработкі ў суседнія краіны. Грошы хлопцы сапраўды зараблялі добрыя, але там ёг прызвычаіўся да выпіўкі. «А што ж ім, маладым, — разважала бабуля, — сем’яў няма, атрымаюць грошы і ходзяць па гэтых клубах ды барах. Каб мая воля, я толькі сямейных на заработкі адпускала б, каб працаваў ды стараўся адправіць заробленае сям’і». Прапанова небясспрэчная, але ж... У той сям’і непакоіліся аб ім. Праз некаторы час, калі канчаткова зразумелі, што толку не будзе, бацькі настаялі, каб сын вярнуўся. Прыехаў, уладкаваўся вадзіцелем таксі. Здавалася, усё ішло добра, пакуль аднойчы нападпітку не выйшаў на змену: трапіў у аварыю, пабіў машыну. А калі кіроўца п’яны, як вядома, страхоўка не пакрывае выдаткі. Правы ў яго забралі на два гады, а даволі вялікую суму на аднаўленне машыны абавязалі выплаціць. Бацькі дапамагаць сыну катэгарычна адмовіліся. Сказалі, што яны стаміліся заклікаць яго да розуму, што ў яго ўсё было для добрага старту ў жыцці, а ён сам зрабіў выбар, за які павінен адказваць. Апошняе яна расказвала з ледзьве прыкметным ценем асуджэння. Адчувалася, не падтрымлівае сына і нявестку, але ж што яна зробіць?

...Небарака ўладкаваўся ў дарожную арганізацыю ўкладваць тратуарную плітку. Работа даволі цяжкая, асабліва для таго, хто не прывык да вялікіх фізічных нагрузак. Ён пераехаў жыць да бабулі. Цяпер, паводле яе слоў, нікуды не ходзіць, прыйдзе дадому, утаропіцца ў адну кропку, а на ўсе яе спробы падбадзёрыць кажа, што яго жыццё скончана. «Як жа гэта так думаць у 27 гадоў?! Гэта ж цяжкасці на два гады, а там правы вернуць, іншую работу можна знайсці. Угаворваю, што выплаціць памалу ён тыя грошы, усё наладзіцца, а ён сваё: «У маім жыцці ўжо нічога не будзе».

Можа, той маладзён рысуецца перад бабуляй, чалавекам, які яго моцна любіць, каб выклікаць шкадаванне, а можа, і праўда ўпаў у дэпрэсію. Ёй жа застаецца хіба маліцца, прасіць Бога, каб даў розуму, сілы духу яе роднаму чалавечку. Яна змагаецца, як можа, не страчвае надзею, ходзіць у розныя храмы, наведвае жаночы манастыр. Казала, што паехала б і па святых месцах, але сілы і здароўе ўжо не тыя.

Шкада яе стала. Здавалася б, усё рабіла правільна ў свой час, ды і дзеці яе, бацькі ўнука, калі ёй верыць, не падавалі дрэннага прыкладу, а ён вось вырас без стрыжня ўнутры. І колькі іх такіх, маладых! Не так даўно гаварыла з супрацоўнікам адной з забаўляльных устаноў. Дык вось ён агучыў дзіўную для мяне рэч. Паводле яго слоў, асноўныя іх наведвальнікі — не багатыя людзі, а прадстаўнікі маладога пакалення, якія зарабляюць усяго толькі крыху больш за тысячу рублёў і рэгулярна спускаюць заробак на бязглуздыя забавы накшталт казіно альбо адпачынку ў начных клубах. І не шкада ім сваіх, заробленых! Цалкам верагодна, што не адна тая бабуля плача перад абразамі за свайго нехлямяжага ўнука. А як яшчэ ім дапамагчы паглядзець на сябе цвяроза?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.