Сардэчна-сасудзістыя захворванні з’яўляюцца самай распаўсюджанай прычынай смерці. У 53% усіх смяротных выпадкаў — захворванні сэрца і крывяноснай сістэмы. Штогод у Беларусі здараецца каля 40 тысяч новых інсультаў. Пра сучасныя метады выяўлення і лячэння, а таксама прафілактыку гэтага небяспечнага захворвання расказалі медыкі.
Сімптомы і прычыны
— Западозрыць інсульт дапамогуць рэзкая асіметрыя твару і парушэнне маўлення, раптоўная слабасць у руцэ, назе ці абедзвюх канечнасцях, — звяртае ўвагу загадчык неўралагічнага аддзялення № 5 (для інсультных хворых) ДУ «Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі» Яраслаў ЖАЛНЯРКЕВІЧ. — У такім выпадку самае неабходнае мерапрыемства — набраць 103, выклікаць брыгаду хуткай дапамогі і як мага хутчэй даехаць у стацыянар.
Як дадае загадчык лабараторыі неадкладнай і інтэрвенцыйнай кардыялогіі РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр БЕЙМАНАЎ, прафілактыка інсульту дае свае вынікі праз некалькі гадоў.
— Прафілактыку пачынаць трэба цяпер, каб атрымаць эфект праз 5-7 гадоў. Прычынай інсультаў часцей за ўсё з’яўляюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні, атэрасклератычныя пашкоджанні, у тым ліку каранарных артэрый, сасудаў шыі. Таму найперш варта зрабіць аналіз крыві і праверыць узровень ліпідаў, па-другое, паглядзець узровень глюкозы, па-трэцяе, вымяраць артэрыяльны ціск, па-чацвёртае, калі чалавек курыць, паспрабаваць адмовіцца ад дрэннай звычкі. Бо, нягледзячы на праведзенае лячэнне, калі пацыент працягвае курыць, будуць і паўторныя інсульты, інфаркты і інш.
Урач адзначыў, што калі пацыент пасля інсульту выпісваецца, медыкі таксама звяртаюць увагу на чатыры фактары: курэнне, артэрыяльная гіпертэнзія, узровень халестэрыну, цукровы дыябет.
— У апошні час у дачыненні да ліпідаў было шмат скептычных адносін, але паступова яны мяняюцца. Спецыялісты РНПЦ «Кардыялогія» праводзяць даследаванні ў працоўных калектывах, якія паказваюць, што ў людзей з выражанымі парушэннямі ліпіднага абмену часта маецца і ішэмічная хвароба сэрца, і пашкоджанне сасудаў цэрэбральнай зоны (у межах і за межамі чэрапа). І калі пры такіх парушэннях своечасова пачаць працэс карэкціроўкі, пазбегнуць вострага парушэння мазгавога кровазвароту можна ў 80% выпадкаў, — удакладніў суразмоўнік.
Дарэчы, у краінах з высокім узроўнем даходу назіраецца зніжэнне колькасці вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту. Аднак паколькі там адзначаецца павелічэнне колькасці пажылога насельніцтва, пацыентаў з цукровым дыябетам, то зноў чакаецца прырост інсультаў. У краінах жа з сярэднім і нізкім узроўнем даходу колькасць інсультаў прыкладна роўная колькасці вострых інфарктаў міякарда. Але і тут назіраецца тэндэнцыя як павелічэння працягласці жыцця, так і рост пацыентаў з цукровым дыябетам, адпаведна расце колькасць інсультаў.
Як паведаміў Яраслаў Жалняркевіч, у краіне больш чым 20 аддзяленняў для аказання дапамогі хворым з інсультам, 11 з іх з’яўляюцца міжраённымі сасудзістымі цэнтрамі, плануецца далейшае павелічэнне колькасці такіх цэнтраў. У кожным абласным цэнтры маецца па 2-3 бальніцы, якія аказваюць дапамогу пацыентам з інсультам.
— Захваральнасць выйшла на даковідны ўзровень. У 2023 годзе на інсульт захварэла больш як 41 тысяча пацыентаў, за першае паўгоддзе 2024 года — крыху больш за 20 тысяч. Захваральнасць высокая, праблема актуальная, — адзначыў Яраслаў Жалняркевіч.
Медык дадаў, што пры пастаноўцы дыягназу ў краіне ў 100% выпадкаў праводзіцца верыфікацыя нейравізуалізацыйнымі метадамі абследавання (КТ або МРТ). Акрамя таго, павялічваецца доля пацыентаў з ішэмічным інсультам, якія атрымліваюць той ці іншы метад рэперфузійнай тэрапіі. Гэта або правядзенне трамбалітычнай тэрапіі (увядзенне вялікай дозы прэпарату для разрэджвання крыві з мэтай растварыць тромб у сасудзе і аднавіць кровазабеспячэнне), або механічная тромбаэкстракцыя. У 2022 годзе крыху больш за 4% пацыентаў атрымалі рэперфузійную тэрапію, у 2023-м — 7,8%, за першае паўгоддзе 2024 года — ужо 11,8%. У Мінску за першае паўгоддзе яе ўвогуле прайшлі 20% пацыентаў з ішэмічным інсультам (кожны пяты).
Згодна з праграмай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у еўрапейскіх краінах да 2030 года плануецца знізіць колькасць інсультаў на 10%, а колькасць трамбалітычных тэрапій павінна складаць не менш як 15%, інтэрвенцыйных умяшанняў — не менш як 7,5%. Наша краіна таксама паставіла гэтыя лічбы ў прыярытэт, і некаторыя паказчыкі ўжо ўдалося пераўзысці.
Аляксандр Бейманаў расказаў, што ў міжраённых цэнтрах аказваюць дапамогу пры трох вострых станах: вострыя інфаркты, вострыя парушэнні мазгавога кровазвароту і парушэнні рытму сэрца, якія пагражаюць жыццю.
— Створана база, вельмі добры падмурак, бо ўсе гэтыя ўстановы, якія ўдзельнічаюць у лячэнні ішэмічнага інсульту, у тым ліку інтэрвенцыйна, маюць перш за ўсё абсталяванне — камп’ютарныя і магнітна-рэзанансныя тамографы, ангіяграфічныя комплексы, якія дазваляюць візуалізаваць тое, што адбылося з сасудамі галаўнога мозгу, наколькі мозг пашкоджаны і што мы можам прапанаваць такому пацыенту: пачаць трамбалітычную тэрапію ці праводзіць інтэрвенцыйныя ўмяшанні ці камбінаваць гэтыя метады, — удакладніў Аляксандр Бейманаў, звярнуўшы ўвагу, што ўсе пацыенты, у якіх здараецца парушэнне мазгавога кровазвароту павінны атрымаць нейравізуалізацыю. — Ім выконваецца або камп’ютарная тамаграфія, або перфузійная камп’ютарная тамаграфія, калі мы не ведаем тэрмінаў, у якія здарыўся інсульт. Яна дазваляе паглядзець, наколькі пашкоджаны галаўны мозг і ці ёсць той участак, за які трэба змагацца.
Пасля таго як абследаванне праведзена, вырашаецца пытанне аб пачатку трамбалітычнай тэрапіі. Урачы павінны звязацца з экспертным цэнтрам, дзе ёсць ангіяграфічнае абсталяванне і спецыялісты, якія могуць пры неабходнасці дастаць тромб. Гэта двухузроўневая сістэма на сёння ахоплівае ўсе рэгіёны.
На жаль, не. Яны эфектыўныя пры пэўных крытэрыях: адыгрывае ролю час, які прайшоў з моманту сасудзістай катастрофы, ступень пашкоджання галаўнога мозгу, узровень, анатомія і інш. Асноўная мэта трамбалітычнай тэрапіі і інтэрвенцыйных методык — аднаўленне дзеяздольнасці, каб пацыент мог жыць самастойна і абслугоўваць сябе.
Трэба адзначыць, што эфектыўнасць інтэрвенцыйных умяшанняў у параўнанні з трамбалітычнай тэрапіяй у аднаўленні дзеяздольнасці ў тры разы вышэйшая. Калі трамбалітычная тэрапія была эфектыўнай ад 10 да 30% у залежнасці ад самога ішэмічнага інсульту, то інтэрвенцыйная паказвала эфектыўнасць да 60%.
— Ці можам дапамагчы ўсім? Ад 10 да 40% пацыентаў, якія паступаюць з ішэмічнымі інсультамі, могуць быць прыменены інтэрвенцыйныя методыкі. І гэта вялікая работа спецыялістаў, пачынаючы ад лабараторыі, прыёмнага пакоя, неўролагаў, эндаваскулярных хірургаў, радыёлагаў, нейрахірургаў, — удакладніў Аляксандр Бейманаў.
З падрыхтоўкай кадраў для такіх складаных методык ёсць пытанні, аднак толькі за апошнія гады на базе РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, дзе існуе сімуляцыйны цэнтр, падрыхтавана каля 50 урачоў, якія займаюцца інтэрвенцыйнымі ўмяшаннямі. Акрамя таго, навучалі спецыялістаў і за мяжой. І гэта дае свае вынікі: за першае паўгоддзе бягучага года колькасць інтэрвенцыйных умяшанняў пры вострых парушэннях мазгавога кровазвароту вырасла на 20%.
Прычынай інсульту можа стаць і звужэнне сасудаў шыі. Трэць пацыентаў з парушэннямі мазгавога кровазвароту — з пашкоджаннямі карацідных артэрый (галоўныя артэрыі на шыі, якія сілкуюць галаўны мозг крывёй).
— Тут таксама ёсць два метады: хірургічны і эндаваскулярны. Гэта або стэнціраванне такіх участкаў, або адкрытыя аперацыі. У 2022 годзе было праведзена больш за 300 аперацый па стэнціраванні, у 2023-м — ужо звыш 500, а за першае паўгоддзе 2024-га — каля 400.
Важны этап у лячэнні інсульту — рэабілітацыя, ад якой залежаць і дзеяздольнасць пацыента, і якасць жыцця блізкіх. Як адзначыла дацэнт кафедры медыцынскай рэабілітацыі і спартыўнай медыцыны з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ Кацярына СВЯЦКАЯ, у Беларусі наладжана сістэма экстранай неадкладнай дапамогі такім пацыентам, адпрацавана лагістыка.
— Паўстае пытанне: калі ж пачынаць рэабілітацыю такіх пацыентаў, каб не нашкодзіць? На сёння ўся сусветная рэабілітацыйная супольнасць прыйшла да высновы, што ў першыя 48-72 гадзіны мы павінны пачынаць рэабілітацыйныя мерапрыемствы, — расказала Кацярына Свяцкая.
Лячэбна-рэабілітацыйны этап пачынаецца або ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі, або ў спецыялізаваным інсультным аддзяленні. З пацыентамі працуе мультыдысцыплінарная рэабілітацыйная брыгада, у склад якой уваходзяць урач-рэабілітолаг, урач-неўролаг, які з’яўляецца лечачым урачом дадзенага пацыента. У камандзе таксама працуюць інструктар-метадыст фізічнай рэабілітацыі, інструктар-метадыст па эргатэрапіі, пры неабходнасці — лагапед і фізіятэрапеўт.
На пачатку рэабілітацыі вырашаецца пытанне аб кармленні. Далей адбываецца актывізацыя пацыента як у плане эмацыянальных, інтэлектуальных здольнасцяў, маўленчых функцый, так і ў плане фізічнай актыўнасці.
— Мы не чакаем, што ён будзе некалькі тыдняў ляжаць і чакаць, што ў яго палепшыцца стан. Мы пачынаем актывізацыю пацыентаў ужо як толькі стабілізаваўся іх стан, знікла пагроза жыццю, у пацыента стабільная гемадынаміка, — патлумачыла яна.
Вельмі важны момант у правядзенні рэабілітацыі на лячэбна-рэабілітацыйным этапе — зносіны пацыента са сваякамі і знешнім светам. Важна, каб ён разумеў, дзе знаходзіцца, што з ім адбылося, які час сутак і пара года, што адбываецца за акном. Таму медыкі вітаюць візіты сваякоў, музыку, смакавыя прыхільнасці, пахі, фатаграфіі блізкіх людзей. Усё гэта дзейнічае як стымулюючыя маніпуляцыі і дазваляе пацыенту ўключацца ў працэс рэабілітацыі.
Акрамя таго, рэабілітацыя — гэта цяжкая праца самога пацыента. Спецыялісты толькі дапамагаюць яму, расказваюць, што і як ён павінен рабіць. Вынік залежыць ад матываванасці і гатоўнасці аднаўляцца — гэта ўжо выключна рашэнне пацыента, яго функцыя. Да работы далучаецца і псіхолаг, які дапамагае пацыенту сфарміраваць матывацыю.
Яшчэ адзін важны аспект у рабоце з такімі пацыентамі — навучанне сваякоў.
— Бывае так, што, калі гэты момант упушчаны, сваякі пачынаюць у інтэрнэце, у знаёмых, сяброў шукаць, удакладняць нейкія моманты, нюансы, запісвацца на нейкія курсы, дзе даюць не зусім дакладную інфармацыю, — звярнула ўвагу Кацярына Свяцкая, дадаўшы, што гэта можа прывесці да пагаршэння стану пацыента.
Яна адзначыла, што сваякі або людзі, якія будуць даглядаць чалавека, павінны быць навучаны таму, як правільна ўлажыць пацыента, павярнуць, перамясціць, каб гэта было бяспечна як для хворага, так і для таго, хто даглядае.
— Адэкватная, правільна праведзеная рэабілітацыя дае магчымасць захаваць незалежнасць самога пацыента, зменшыць цяжар выплат дапамог па інваліднасці і вызваліць рукі сваякоў, якія вымушаны даглядаць такіх пацыентаў, — падкрэсліла дацэнт кафедры. — Таму наша рэабілітацыйная задача — гэта яшчэ і навучанне сваякоў правілам догляду, гігіены і ўвогуле правілам зносін з такімі пацыентамі, — рэзюмавала рэабілітолаг.
Алена КРАВЕЦ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!