Вы тут

Не проста юнакі, а сапраўдныя абаронцы Айчыны


Вось ужо тыдзень у нашай краіне праходзяць мерапрыемствы па адпраўцы прызыўнікоў для праходжання тэрміновай ваеннай службы. У першы дзень адпраўкі, 22 кастрычніка, каля цэнтральнага ўвахода ў парк Перамогі адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны першаму дню адпраўкі ў армію грамадзян горада Мінска, прызваных на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве. У першы дзень з усіх абласных і Мінскага гарадскога зборных пунктаў у войскі было адпраўлена каля тысячы прызыўнікоў. Яны папоўнілі шэрагі сіл спецыяльных аперацый, Мінскай ваеннай камендатуры, 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў.


У парку Перамогі для новага папаўнення былі арганізаваны паказальныя выступленні. Ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл падрыхтавалі для прызыўнікоў яркае шоу, якое, несумненна, не пакінула нікога абыякавым. Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да ўрачыстага мерапрыемства і высветлілі, з якім настроем будучыя абаронцы Радзімы пакідаюць родныя мясціны. Павіншаваць навабранцаў прыйшлі ветэраны Узброеных Сіл, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, вучні школ, гімназій і ваенна-патрыятычных класаў, бацькі, сваякі і сябры будучых салдат.

Святы абавязак

Як расказаў намеснік начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Юрый КУЗЬМІН, у ваенных камісарыятах завяршаецца планавая работа па ўсебаковым вывучэнні і прафадборы прызыўнікоў. «Усяго на ўкамплектаванне войскаў плануецца накіраваць каля 10 тысяч грамадзян, — адзначыў ён. — Адпраўка новага папаўнення праводзіцца ў знакавых для беларусаў месцах з прыцягненнем мясцовых органаў улады, грамадскасці, духавенства і бацькоў. Цырымонія прыняцця Ваеннай прысягі новапрыбыўшым папаўненнем у злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл адбудзецца 23 лістапада. Звальненне ваеннаслужачых пройдзе планава, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам».

Па яго словах, грамадзяне да праходжання тэрміновай службы гатовыя. Яны заматываваны і ідуць на службу з жаданнем, як сапраўдныя патрыёты сваёй краіны.

Як звярнуў увагу ваенны камісар горада Мінска палкоўнік Аляксей КАЛЫВАНАЎ, ва ўсе часы ў нашай краіне абаронцы Айчыны карысталіся асаблівай павагай. «У гісторыі беларускай дзяржавы шмат прыкладаў воінскай славы, доблесці, мужнасці і адвагі нашых салдат і афіцэраў, — падкрэсліў ён, звяртаючыся да навабранцаў. — Вам, будучым салдатам, ёсць чым ганарыцца і з каго браць прыклад. Подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ніколі не згасне. Нашы Узброеныя Сілы служаць гарантам бяспекі і стабільнага развіцця нашай краіны».

Ваенны камісар Мінска дадаў, што сёння калектыўны Захад выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб унесці разлад у наша грамадства, пагражае ў тым ліку і нашай бяспецы. «Наша задача — гэтага не дапусціць, — сарыентаваў Аляксей Калыванаў. — Дарагія бацькі, упэўнены, што вы сустрэнеце пасля арміі ўзмужнелых, больш самастойных і мэтанакіраваных сыноў. Упэўнены, што нашы дзеці, якія стаяць у страі, стануць годнымі абаронцамі Айчыны і з поспехам асвояць воінскія спецыяльнасці».

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» генерал-маёр у адстаўцы Анатоль ФАМІН, звяртаючыся да прызыўнікоў, пажадаў, каб ніколі на нашай беларускай зямлі не было вайны. «Вы ўсе ведаеце, што абстаноўка ў свеце цяпер складаная, — канстатаваў ён. — Неабходнасць умацоўваць баяздольнасць Узброеных Сіл і сілавых структур наспявае з кожным днём усё больш і больш. Вы сёння становіцеся ў гэты строй, і мы, ветэраны, і вашы бацькі, спадзяёмся, што вы нас не падведзяце і будзеце добрымі абаронцамі нашай Айчыны».

Анатоль Фамін падзякаваў бацькам прызыўнікоў за тое, што яны выхавалі такіх мужных і патрэбных хлопцаў, якія з сённяшняга дня становяцца ў строй Узброеных Сіл і сілавых структур. Вопыт, атрыманы ў войсках, па яго словах, маладым людзям абавязкова спатрэбіцца.

З добрымі пажаданнямі

Па традыцыі праводзіць прызыўнікоў прыйшлі самыя дарагія людзі — родныя і блізкія. Яны хвалююцца і перажываюць, многім складана стрымаць слёзы. Так, ад імя ўсіх бацькоў да маладых людзей звярнулася мама прызыўніка Таццяна Ціханава: «Адпраўка і праводзіны ў армію з’яўляюцца адной з неад’емных падзей у жыцці не толькі для юнакоў, але і для іх блізкіх. Мы, мамы, выдатна разумеем, што сапраўдны мужчына павінен выканаць святы абавязак грамадзяніна Беларусі па абароне сваёй Радзімы. Сёння мы ўпэўнены, што нашы сыны годна пройдуць усе выпрабаванні, атрымаюць ваенную спецыяльнасць і ўжо праз 18 месяцаў вернуцца дадому пасталелымі і самастойнымі мужчынамі. Паважаныя прызыўнікі, будзьце смелымі, мужнымі і годнымі абаронцамі нашай Радзімы. Няхай армія навучыць вас пераадольваць цяжкасці і нягоды, жыць у калектыве і шанаваць сапраўднае мужчынскае сяброўства».

Мінчанка Наталля Савіцкая разам з мужам праводзіла ў армію старэйшага сына Арсенія. Малодшы сын пакуль яшчэ вучыцца ў школе. «Мой старэйшы сын паедзе ў Віцебск, — сказала жанчына. — Ён сам абраў сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, будзе праходзіць службу ў 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Гэта была яго мара, якая абавязкова спраўдзіцца. Вядома, мне крыху сумна будзе без сына, але ў арміі ён пасталее, стане больш самастойным. Гэта новы перыяд жыцця, праз які трэба прайсці ўсім. Я думаю, што праходжанне тэрміновай службы дадасць яму мужнасці, ён стане сапраўдным мужчынам. Я ім вельмі ганаруся».

Муж Наталлі Савіцкай Валерый служыў у паветрана-дэсантных войсках Савецкага Саюза. Ён ганарыцца тым, што яго сын працягне гэту слаўную традыцыю. «Я сам дэсантнік, за службу здзейсніў 22 скачкі з парашутам! — расказаў бацька прызыўніка. — Даслужыў да старшыны роты. Мой сын цалкам гатовы да праходжання службы. Ён спартыўны, ужо шмат гадоў займаецца хакеем. А на турніку працуе лепш за мяне, на ўсе 100% гатовы да праходжання службы!»

У ваенных камісарыятах завяршаецца планавая работа па ўсебаковым вывучэнні і прафадборы прызыўнікоў. «Усяго на ўкамплектаванне войскаў плануецца накіраваць каля 10 тысяч грамадзян. Адпраўка новага папаўнення праводзіцца ў знакавых для беларусаў месцах з прыцягненнем мясцовых органаў улады, грамадскасці, духавенства і бацькоў. Цырымонія прыняцця Ваеннай прысягі новапрыбыўшым папаўненнем у злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл адбудзецца 23 лістапада. Звальненне ваеннаслужачых пройдзе планава, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам».

Мінчанка Наталля Моўчан разам з выбранніцай свайго сына Аляксандрай прыехалі праводзіць яго на службу. «Перажываем, але верым, што ўсё будзе добра, — кажа маці прызыўніка. — Хлопец ён у нас дужы, разумны, сур’ёзны, спадзяюся, добра выхаваны».

Баявы настрой

Сярод навабранцаў — мінчанін Мацвей Краўчонак. Малады чалавек будзе праходзіць службу ў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Мацвей зусім не перажывае, ідзе ў армію з баявым настроем: «Мой брат, сябры праходзілі тэрміновую ваенную службу і распавядалі, што нічога страшнага ў гэтым няма», — перакананы ён. Малады чалавек ганарыцца тым, што будзе несці службу ў сілах спецыяльных аперацый: «Я трапіў у сапраўдную эліту, для мяне гэта велізарны гонар. Асабліва не задумваўся аб скачках з парашутам, але, калі ўжо трапіў у паветрана-дэсантную брыгаду, лічу, трэба паспрабаваць усё».

Мінчанін Валянцін Валошчык адвучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, пасля якой быў прызваны на тэрміновую ваенную службу ў шэрагі Узброеных Сіл. Хлопец сам пажадаў служыць у сілах спецыяльных аперацый і таксама будзе праходзіць тэрміновую службу ў віцебскай брыгадзе. «Хочацца ад службы атрымаць максімум карысці, навучыцца важным рэчам і, вядома ж, праверыць сябе, — кажа прызыўнік. — Я заўсёды марыў скокнуць з парашутам, і цяпер у мяне будзе такая магчымасць. Перажыванняў і хваляванняў з нагоды праходжання службы няма. Я гатовы і ўпэўнены, што ўсё будзе добра».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Грамадства

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?