Вы тут

Праблемы, пытанні, прапановы...


На мінулым тыдні ў рамках адзінага дня прыёму грамадзян члены Савета Рэспублікі на чале са Старшынёй Наталляй Качанавай працавалі ў Магілёўскай вобласці. Іх увагай былі ахоплены ўсе раёны Прыдняпроўскага краю, кожны ахвотны меў магчымасць агучыць свае праблемы. Сенатарам дапамагалі весці прыём прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, рэспубліканскіх камітэтаў і ведамстваў. Гэта практыка дае магчымасць, з аднаго боку, больш уважліва прааналізаваць пытанне з пункту гледжання закона, з другога — зразумець, якія яшчэ ёсць прабелы ў заканадаўстве. Для сенатараў гэта прынцыпова важна, бо Савет Рэспублікі, дзе яны працуюць, надзелены заканадаўчай ініцыятывай. Менавіта праз яго праходзяць усе тыя праекты законаў, па якіх мы жывём. Пытанні гучалі самыя што ні ёсць розныя і датычыліся ўсіх сфер чалавечага жыцця. Некаторыя заяўнікі ўжо неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі, нават у суд...

 


Каб было справядліва

У Бабруйску выязны прыём правяла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Асноўная частка зваротаў была ад бабруйчан, але прысутнічалі і жыхары амаль усіх абласцей. Людзі скардзіліся на праблемы, якім па пяць і нават па дваццаць гадоў. Як, напрыклад, у жыхаркі Бабруйска, якая ў пачатку 2000-х пазычыла пад распіску шэсць тысяч долараў. Частку грошай даўжнік вярнуў, але далёка не ўсе. Жанчына спадзяецца, што яе зварот да сенатара дапаможа паскорыць працэс.

Пытанням сямейнага кшталту заўсёды аддаецца асаблівая ўвага. Грамадзяне прыходзілі з прыватнымі сямейнымі праблемамі, вельмі вострымі, складанымі, дзесьці заблытанымі. Як у жыхара з Гомельскай вобласці, маці якога трапіла ў турму. Малады чалавек сцвярджае, што закон вельмі сурова абышоўся з ёй. Гісторыя звязана з продажам іх кватэры, якая знаходзілася ў лізінгу.

Некалькі пытанняў датычыліся шматдзетных сем’яў. На прыём прыехала з Мінска маці траіх дзяцей. Яна ў разводзе з мужам і дамовіцца па-мірнаму наконт іх агульнай кватэры не атрымліваецца. Пры разводзе суд пакінуў за ёй і дзецьмі 56% жылой плошчы, а за мужчынам 44%. 

Былы муж збіраецца прадаваць сваю долю і ўсяляк уздзейнічае на жанчыну і дзяцей, пагражае ім. Кватэра пабудавана з улікам ільготнага крэдыту для шматдзетных, і заяўніца лічыць, што падзел зроблены несправядліва.

— 75% пагашае дзяржава, мы аплачваем толькі 25% на працягу 40 гадоў, — аргументавала яна. — А ён мне за 24 тысячы сваю частку кватэры прапаноўвае. А за што я яе выкуплю? Тым больш што кватэра трапіла нам «адмоўная». Мы ні капейкі не ўнеслі сваіх грошай. Цяпер толькі выплачваем крэдыт.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што апошнім часам у Мінску перыядычна паступаюць аналагічныя звароты і Савет Рэспублікі ўжо працуе над гэтай праблемай. «Калі распадаецца шматдзетная сям’я, вельмі важна абараніць інтарэсы дзяцей», — падкрэслівае яна.

Яшчэ адна шматдзетная сям’я з аграгарадка Барсукі Жодзінскага сельсавета папрасіла садзейнічанне ў вырашэнні зямельнага пытання. У сям’і выхоўваецца пяць дзяцей ва ўзросце ад 8 месяцаў да 17 гадоў. Жывуць у двухпакаёўцы ўсемярых, жадаюць пабудаваць дом. На іх думку, чарга для шматдзетных у іх аграгарадку ідзе вельмі павольна. Ім прапаноўваюць іншыя населеныя пункты, але яны хочуць будавацца менавіта ў Барсуках. На прыёме прысутнічаў начальнік Галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Мінскага аблвыканкама Сяргей Шымук, які паведаміў, што зямельныя ўчасткі ў аграгарадку часткова фарміруюцца для выдзялення грамадзян, а часткова прадаюцца з аўкцыёну. Ён таксама адзначыў, што ў ходзе аптымізацыі тэрыторыі школы плануецца сфарміраваць некалькі ўчасткаў, у тым ліку і для грамадзян. І ёсць шанц, што заяўнікам пашчасціць.

Наталля Іванаўна пацікавілася ў сужэнцаў, дзе яны працуюць, як ім жывецца ў Барсуках, ці хапае крам, якая адлегласць ад Жодзіна. Яны, у сваю чаргу, падзякавалі за падтрымку шматдзетных сем’яў, за тое, што дзяржава стаіць на абароне іх інтарэсаў.

Яшчэ адна мінчанка лічыць, што да пытання, якое датычыцца аліментаў, трэба кардынальна мяняць падыходы. Маўляў, калі чалавек, які плаціць аліменты, самазаняты, ездзіць, напрыклад, на заробкі за мяжу, павінен больш выдзяляць грошай на выхаванне свайго дзіцяці. «Але ў законе такія моманты не абазначаны, — перажывае жанчына. — У мяне ж якраз такі выпадак. Былы муж выдзяляе нам дзвесце рублёў у месяц, а сам дарагія рэчы сабе купляе. Яму і справы няма да таго, што двухсот рублёў аліментаў недастаткова, каб дзіця выгадаваць». Наталля Качанава пагадзілася: праблема існуе, але ў ёй трэба дасканала разабрацца, каб не нашкодзіць іншым.

— Трэба прымаць правільная рашэнні, якія б былі станоўча ўспрыняты грамадствам, — падкрэсліла яна. — Таму мы і прапаноўваем людзям разам з намі падумаць, як правільна паступіць, якія нормы ўнесці ў заканадаўства, каб было зразумела, што чалавек павінен працаваць на сваю краіну, плаціць падаткі. З гэтых падаткаў складаецца ўсё: і зарплата бюджэтных арганізацый, і сацыяльныя пытанні. Перадусім, калі мы працуем над законапраектам, заўсёды асноўваемся на тых пытаннях, пра якія кажуць людзі. Але рашэнні трэба прымаць узважана і прадумана, таму што на адну катэгорыю людзей гэта будзе ўплываць так, а на другую — па-іншаму.

Жыхара Магілёва на прыём да сенатара прывяло супрацьстаянне са сваякамі ў правах на бацькоўскую спадчыну. Праблему яму растлумачыла намеснік старшыні «Дзяржкаммаёмасць», якая прысутнічала на прыёме. Але мужчына не пагадзіўся з яе пунктам гледжання. І спаслаўся на вынікі незалежнай экспертызы, якая зрабіла высновы, што яго правы парушаны. Наталля Качанава паабяцала, што справа будзе ўважліва разгледжана з улікам гэтай экспертызы. «Трэба, каб усё было справядліва», — адзначыла яна.

Наогул, ніводны чалавек не пайшоў з прыёму пакрыўджаны. Людзі разумелі, што нават калі праблема вырашыцца не на іх карысць, усё будзе паводле закона.

Важныя сустрэчы

— Людзі ідуць да нас з рознымі праблемамі: ад сацыяльных і эканамічных да пытанняў, звязаных з мясцовымі ініцыятывамі, — паведаміў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, галоўны інжынер — першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўхімвалакно» Канстанцін Сіроцін, які правёў прыём грамадзян у Крычаве. — Такія сустрэчы вельмі важныя для мяне і для нашай работы ў цэлым. Яны дазваляюць не толькі пачуць людзей, але і зразумець, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў штодзённым жыцці. Кожны чалавек — гэта ўнікальная гісторыя, і я рады, што ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць складаныя жыццёвыя моманты. Шмат хто мае ўжо гатовыя ідэі і прапановы па паляпшэнні сітуацыі. Выслухаць грамадзяніна — значыць зрабіць першы крок яму насустрач. Перакананы, што сумеснымі намаганнямі можна знайсці рашэнні, якія сапраўды працуюць.

З Канстанцінам Сіроціным салідарны і яго калега, член гэтай жа камісіі, старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, які прымаў грамадзян у Клімавіцкім райвыканкаме.

— Практыка актыўнай работы ў раёнах дазваляе трымаць руку на пульсе падзей і гібка рэагаваць на запыты і патрэбы людзей.
Ён заўважыў, што больш за ўсё для грамадзян актуальныя праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Просьбы жыхароў не застаюцца без увагі, яны вывучаюцца, і па іх прымаюцца ўсе неабходныя меры, — удакладніў Аляксандр Рыгоравіч. — Сумесная работа органаў прадстаўнічай і выканаўчай улады дае станоўчы вынік у развіцці рэгіёнаў. А галоўная наша мэта — гэта рост дабрабыту беларусаў, захаванне міру і стабільнасці ў краіне.

Асабісты прыём грамадзян у Горках правёў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч.

Набалелыя пытанні датычыліся капрамонту шматкватэрнага дома, атрымання беларускага грамадзянства, стварэння на адным з аб’ектаў безбар’ернага асяроддзя, магчымасці атрымання сацыяльнага жылля.

— Важна выслухаць чалавека, незалежна ад таго, з якой просьбай ён звярнуўся, — падкрэсліў Уладзіслаў Татарыновіч. — Практыка паказвае запатрабаванасць насельніцтвам выязных прыёмаў Савета Рэспублікі, і яны будуць праводзіцца рэгулярна ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Праблемы пераадольваюцца разам

Пытанні працаўладкавання, зямельных спрэчак, падтаплення ўчастка і іншыя прагучалі падчас прыёму грамадзян старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанідам Зайцам у Бялыніцкім райвыканкаме.

Маладая жанчына звярнулася да яго з просьбай у дапамозе рэалізаваць добрую ідэю.

Яна індывідуальны прадпрымальнік, хоча ўзяць у арэнду вадаём, каб заняцца рыбалоўствам. Але ёсць складанасці. Пра іх яна і паведаміла сенатару. Ён пагадзіўся, што справа слушная.

— У Беларусі кожны кавалачак зямлі павінен быць дагледжаны, — падкрэсліў ён. — Калі ў маладой прадпрымальнай дзяўчыны ёсць жаданне заняцца рыбаводствам, няхай яго рэалізуе. Практыка сустрэч з людзьмі ў рэгіёнах заўсёды дае штуршок, каб адрэгуляваць праблему: бягучага характару або застарэлую, напрыклад, якая датычыцца добраўпарадкавання дарог, двароў. Мясцовыя ўлады не павінны адмахвацца ад такіх зваротаў. Усё, што ў інтарэсах нашай краіны, нашых людзей, павінна падтрымлівацца.

У жыхароў Магілёўскага раёна была магчымасць быць пачутымі членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі на міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, першым сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандрам Лук’янавым. Прыём прайшоў на базе Палыкавіцкага сельсавета. Людзей непакоілі зямельныя спрэчкі з суседзямі, пытанні незаконнага звальнення з работы, пенсіённага заканадаўства, перспектывы развіцця вёскі, пераносу прыпынку аўталаўкі. Заяўнікі былі ўважліва выслуханы, іх пытанні ўзяты на кантроль. Аляксандр Лук’янаў скарыстаўся магчымасцю пасля прыёму грамадзян яшчэ і сустрэцца з працоўным калектывам ААТ «Палыкавічы». Ён пацікавіўся іх праблемамі, а таксама закрануў тэму патрыятычнага і працоўнага выхавання моладзі, будучай электаральнай кампаніі.

— Усе мы зацікаўлены ў захаванні цэласнасці нашай краіны і гістарычнай праўды, — падкрэсліў ён. — Таму павінны быць кансалідаваныя.

Толькі ў адзінстве можна ўсё пераадолець. Такі пасыл прагучаў і ад члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве, генеральнага дырэктара ААТ «Беларускі цэментны завод» Ігара Сяргеева. У рамках правядзення адзінага дня прыёму грамадзян ён працаваў у Касцюковіцкім райвыканкаме. Падсумоўваючы вынікі, сенатар рэзюмаваў: «Калі грамадзяне ідуць на прыём, значыць, давяраюць уладам. І гэта вельмі важна, каб захаваць адзінства».

Усе пытанні, якія паступілі сенатарам падчас адзінага дня прыёму грамадзян, узяты на ўлік Саветам Рэспублікі і будуць дасканала разгледжаны ў абазначаныя заканадаўствам тэрміны. Заяўнікі атрымаюць поўны і аргументаваны адказ на свае звароты.

— Пытанні тыповыя. Магчыма, яны не глабальнага маштабу, але вельмі важныя для людзей, — паведаміла вядучы рэферэнт аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян сакратарыята Савета Рэспублікі Крысціна Побыль. — У ходзе кожнага прыёму Савет Рэспублікі імкнецца дапамагчы ўсім. Адны з найбольш распаўсюджаных — пытанні па зямельных і маёмасных зносінах, а таксама тыя, якія закранаюць жыццёвыя інтарэсы сям’і, асобнага чалавека. Знайсці рашэнне ў рамках заканадаўства бывае няпроста. Спрабуем гэта рабіць з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржулады, рэспубліканскіх органаў кіравання. Людзі, якія пабывалі на прыёме, павінны атрымаць надзею, садзейнічанне ў вырашэнні праблем. Ім трэба растлумачыць сітуацыю, дапамагчы знайсці выйсце са складанай сітуацыі. Мы дапамагаем, і нам удзячныя, выказваюць словы падзякі. Некаторыя пытанні паспяваюць вырашыцца яшчэ да пачатку прыёму. Гэта сведчыць аб эфектыўнасці нашых выязных прыёмаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА і прэс-службы Савета Рэспублікі.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Грамадства

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?