Вы тут

Узаемаразуменне, узаемавыручка і сяброўства


Беларускія і сербскія парламентарыі абмеркавалі актуальныя пытанні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і перспектывы нарошчвання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. У складзе балканскай — віцэ-спікер Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербія Ёван ЯНІЧ, дэпутаты ад розных палітычных партый, восем з якіх — члены групы сяброўства з Беларуссю, прадстаўнікі бізнес-колаў Сербіі і свяшчэннікі, усяго больш за 30 чалавек.


На пачатку сустрэчы Старшыня Палаты прадстаўнікоў зазначыў, што беларускі бок вельмі рады сустрэчы з такой прадстаўнічай дэлегацыяй сербскага парламента. Гэты візіт — сведчанне важнасці міжпарламенцкага супрацоўніцтва для эфектыўнага развіцця і паглыблення беларуска-сербскіх адносін. «Яны (адносіны. — „Зв.“) грунтуюцца на прынцыпах узаемаразумення, узаемавыручкі, дружбы і, што самае важнае, на высокім узроўні даверу паміж лідарамі нашых дзяржаў, паміж нашымі прэзідэнтамі», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Звярнуў ён увагу і на тое, што цяперашняя сустрэча праходзіць напярэдадні знамянальнай для абедзвюх краін падзеі — 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Па словах спікера, за гэтыя гады Сербія стала для Беларусі ключавым партнёрам на Балканах, ідзе актыўны дыялог як на міжведамасным узроўні, так і па лініі парламентаў. Ігар Сергяенка адзначыў, што прававая аснова міжпарламенцкага ўзаемадзеяння была закладзена яшчэ ў 2015 годзе, быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Народнай скупшчынай Рэспублікі Сербія.

Таму зразумела, што кантакты з сербскімі парламентарыямі адбываюцца не ўпершыню, больш таго — апошнім часам назіраецца іх актывізацыя. Так, 9 верасня 2024 года ў Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Іпатава з сербскай парламенцкай дэлегацыяй на чале з Ёванам Янічам, на якой была дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі дзейнасці парламенцкіх груп дружбы. 16 кастрычніка прайшла сустрэча Ігара Сергяенкі і Паўнамоцнага Пасла Сербіі ў Беларусі і ў Беларусі Ілінай Вукайловіч, на якой таксама ішла размова аб актывізацыі ўзаемадзеяння паміж краінамі.

«Гэта сведчыць аб інтэнсіфікацыі нашых кантактаў. І гэта выдатна. Сёння ў нас ёсць выдатная магчымасць абмеркаваць пытанні нашага і парламенцкага ўзаемадзеяння і ў цэлым любыя іншыя тэмы, якія датычацца супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі ў розных кірунках», — заўважыў Ігар Сергяенка. Выказаў ён і словы падзякі ганароваму консулу Рэспублікі Беларусь у Бялградзе Драгаміру Карычу за ўклад у развіццё беларуска-сербскіх адносін. За гэта Драгамір Карыч у свой час быў удастоены падзякі Прэзідэнта Беларусі.

Ёван Яніч, у сваю чаргу, пагадзіўся з тэзісамі Старшыні Палаты прадстаўнікоў аб неабходнасці далейшага паглыблення і пашырэння супрацоўніцтва паміж парламентамі Беларусі і Сербіі. «Супрацоўніцтва паміж парламентамі адкрывае дзверы для супрацоўніцтва і ў іншых сферах: эканомікі, культуры, адукацыі, ва ўсіх іншых галінах. Беларусь — гэта дружалюбная, брацкая краіна для Сербіі, і мы хочам гэта братэрства ўмацоўваць і пашыраць», — падкрэсліў ён і дадаў, што супрацоўніцтва нашых краін мае глыбокія гістарычныя карані. «Мы з радасцю можам канстатаваць, што двухбаковыя адносіны развіваюцца ва ўсіх абласцях на падставе традыцыйнай духоўнай, культурнай і моўнай блізкасці», — канстатаваў Ёван Яніч.

Асобна віцэ-спікер Народнай скупшчыны адзначыў Прэзідэнта Беларусі, які карыстаецца вялікай павагай у Сербіі. «Мы заўсёды падкрэсліваем, што ў нас дружалюбныя адносіны з Беларуссю і асабліва з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, — сказаў Ёван Яніч. — Аляксандр Лукашэнка надзвычайна папулярны ў Сербіі і карыстаецца вялікай павагай. Таму што там яго ведаюць як лідара, які паспяхова кіруе сваёй краінай. Акрамя таго, ён вялікі сябар Сербіі, што ён паказаў у многіх абставінах. Ён быў адзіным кіраўніком дзяржавы, які прыехаў у Бялград, калі мы падвергліся агрэсіі НАТА. Мы цэнім падтрымку Беларусі ў адносінах да Сербіі ў рамках міжнародных арганізацый».

Таксама віцэ-спікер сербскага парламента зазначыў, што сербскі бок, безумоўна, нацэлены на ўмацоўванне сяброўскіх адносін з нашай краінай.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Грамадства

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?