У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі імя Якуба Коласа вось ужо каторы час паспяхова дзейнічае цікавая праграма ЛіТ.ЧЫТ., скіраваная на папулярызацыю беларускай літаратуры. Гэта сустрэчы з беларускімі літаратарамі, падчас якіх ладзіцца адмысловы дыялог з чытачом. У межах гэтай праграмы адбылася сустрэча з літаратуразнаўцам, літаратурным крытыкам, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Алінай Сабуць.
У Выдавецкім доме «Звязда» у мінулым годзе была выдадзена яе кніга «Наперад ісці чалавеку гуманнаму...»: беларуская мастацкая публіцыстыка ХХ—ХХІ стагоддзяў«. Аліна Эдмундаўна жыве ў Гародні, яна дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. І мінскаму чытачу выпала шчаслівая магчымасць сустрэцца з аўтаркай цікавай манаграфіі і пагаварыць пра беларускую літаратуру з прафесіяналам. «Радком сваім спрабую шчыраваць...» — пад такім слоганам праходзіла сустрэча, на якой атрымалася сапраўды зацікаўленая размова з чытачом. Прыемна, што прыйшлі студэнты, будучыя філолагі, якія задавалі шмат пытанняў — а цікавілі іх не толькі літаратуразнаўчыя тонкасці, але, напрыклад, і тое, дзе бярэцца натхненне, каб напісаць цэлую кнігу.
Аліна Сабуць падрыхтавала для сустрэчы цікавую прэзентацыю сваёй кнігі, у якой аналізуюцца публіцыстычныя творы класікаў і сучасных аўтараў беларускай літаратуры, пачынаючы ад Якуба Коласа, Зоські Верас, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Льва Клейнбарта да Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова і Уладзіміра Караткевіча. Сярод іншага, напрыклад, прааналізаваны знакамітае эсэ Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча», раман-эсэ Алега Лойкі пра Янку Купалу «Як агонь, як вада», лiрычна-дакументальны дзённiк Генадзя Пашкова «Палескiя вандроўнiкi». Уважлівы чытач пераканаецца і падзеліць меркаванне крытыка, што вядучыя жанры беларускай мастацкай публiцыстыкi XX-XXI стагоддзяў — эсэ i нарыс.
Прысутныя змаглі азнаёміцца і з паэтычным талентам Аліны Сабуць, якая агучыла свае вершы, у тым ліку на восеньскую тэму, настроіўшы слухачоў на лірычную хвалю.
Напрыканцы вечарыны ўсе жадаючыя змаглі набыць кнігі, атрымаць аўтограф аўтара.
Людміла ІВАНОВА
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.