Моладзь — рухавік прагрэсу. Ніхто не стане спрачацца, што менавіта яна прыўносіць новыя ідэі, неардынарна глядзіць на свет і хутка адаптуецца пад змены ў жыцці. Таму падтрымка і натхненне маладых людзей — адна з галоўных задач, якую ставіць перад сабой старэйшае пакаленне. І каб дапамагчы моладзі рэалізаваць увесь свой патэнцыял, арганізуюцца шматлікія конкурсы, фестывалі і форумы. Адным з такіх з’яўляецца Рэспубліканскі конкурс маладых журналістаў «Прэс-код», арганізаваны па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі і БРСМ, пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Сёлета творчае спаборніцтва праводзілася ўжо ў трэці раз і аб’яднала ў сценах факультэта журналістыкі БДУ самых розных майстроў слова. Пра тое сведчыць і колькасць намінацый: «Найлепшыя аўтарскія матэрыялы», «Найлепшая карыкатура па найбольш вострай сацыяльнай тэматыцы», «Найлепшы фотарэпартаж», «Найлепшы відэасюжэт пра памятныя мясціны Беларусі, вядомых людзей, знамянальную падзею», «Найлепшы відэаблог», «Найлепшая аператарская работа» і «Найлепшы праект у новых медыя».
Якія праекты былі прадстаўлены на гэтым сапраўдным свяце журналістыкі? Давайце разам высветлім!
Аўдыявізуальныя СМІ — гэта самая яркая і шматгранная форма журналістыкі, здольная перадаць эмоцыі і атмасферу падзей праз жывую карцінку і гук — падобныя матэрыялы даюць прастору для творчасці. Такога меркавання прытрымліваецца малады журналіст Уладзіслава Супруноўская, таму доўгіх разваг, у якой форме распавядаць пра знамянальную падзею, у яе не было:
— Мой відэасюжэт прысвечаны 80-годдзю вызвалення канцлагера «Азарычы». Ён ствараўся з мэтай ушанаваць памяць ахвяр і падкрэсліць значнасць гэтай гістарычнай падзеі. Я імкнулася данесці да гледачоў не толькі гістарычныя факты, але і эмацыянальны складнік, каб нагадаць пра стойкасць і мужнасць людзей, якія прайшлі праз жахі вайны. Падчас здымкі запомнілася больш за ўсё інтэрв’ю з былым вязнем Яўгенам, які ва ўзросце пяці гадоў апынуўся ў гэтым пекле разам з сям’ёй. Яго ўспаміны пра зверствы дапамагаюць нам зразумець, як важна памятаць пра мінулае, — расказала пра ідэю свайго відэасюжэта Уладзіслава.
Які б выдатны і цікавы сцэнарый не напісаў журналіст, без якаснай работы аператара ні адна задума не будзе рэалізавана ў поўнай меры. Яўгеній Мылаў, магістрант Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (вы толькі ўдумайцеся: назва яго спецыяльнасці «Інавацыйны менеджмент»!), нягледзячы на зусім не журналісцкую спецыяльнасць, працуе ў медыяцэнтры сваёй навучальнай установы і паспяхова праяўляе сябе і ў аператарскай рабоце, і ў фатаграфіі, таму лічыць сябе сапраўдным «міні-журналістам».
— Як толькі мы атрымалі заданне зняць відэаролік пра свой універсітэт, я зразумеў, што трэба зрабіць нешта незвычайнае. І пачаў думаць, як гэта рэалізаваць прыгожа і дынамічна. Адзін з самых смешных момантаў падчас здымкі адбыўся, калі мы рабілі павольны пралёт камеры. На заднім плане хтосьці выглянуў у акенца, але, як толькі заўважыў, што мы здымаем, адразу ж схаваўся! Шкада, што я ўбачыў гэта толькі на мантажы, але атрымалася даволі пацешна, — падзяліўся момантамі стварэння відэароліка Яўгеній.
Яшчэ адно мастацтва, непасрэдна звязанае з камерай, — фатаграфія. Адным толькі фотаздымкам можна расказаць цэлую гісторыю, раскрыць мноства вобразаў і падштурхнуць гледача да глыбокіх разваг. Так, Кацярына Якубёнак сваім фотарэпартажам «Драмлёва — вогненная вёска» імкнулася паказаць увесь спектр эмоцый, якія адчувалі людзі падчас расповеду гісторыі пра знікненне цэлай вёскі. Дзяўчына хацела адлюстраваць пераход настрою школьнікаў ад вясёлага да разважліва-задуменнага пасля жалобнага мітынгу. Аднак, каб так кранаць адным толькі здымкам, недастаткова мець новую тэхніку, трэба шмат працаваць для дасягнення пэўнага ўзроўню майстэрства.
— Увогуле, займаюся фатаграфіяй амаль 10 гадоў, — расказала Кацярына. — Спачатку з сябрамі-аднадумцамі вывучалі базу метадам спроб і памылак, потым практыкавалася на ўніверсітэцкіх мерапрыемствах. Тады ўпершыню паўдзельнічала ў міжнародных фотаконкурсах. Прыйшла да высновы, што найлепшая камера — гэта тая, якая ў цябе ў руках. А два гады таму маё хобі перарасло ў паўнавартасную працу фотакарэспандэнтам «Сельскай праўды».
Як паступіць на творчую спецыяльнасць у адну з самых «модных ВНУ» Беларусі? Якое жаданне загадалі б вучні школы, калі б злавілі залатую рыбку? Якія новыя лакацыі для баўлення часу з’явіліся ў горадзе? На гэтыя і мноства іншых пытанняў у сваіх сацыяльных сетках адказваюць блогеры. Шматтысячнай аўдыторыі яны расказваюць пра сваю будзённасць, даюць парады і проста забаўляюць аўдыторыю. Ягор Скяпко ўжо больш за год актыўна вядзе свае сацыяльныя сеткі. Пачынаў хлопец блог як дзённік, у якім расказваў пра жыццё «студэнта-журналіста». Пазней у бок маладога блогера пайшоў хейт, аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, Ягор не кінуў сваёй справы і працягнуў займацца блогам. Разам з аўдыторыяй рос і яго прафесіяналізм. Калі хлопец стаў карэспандэнтам тэлеканала «Гродна плюс», яго кантэнт змяніўся: замест гісторый з жыцця ў акаўнтах «С КЕПКОой» сталі публікавацца кароткія ролікі-навіны.
— У блогу я распавядаю, што адбываецца ў нашым рэгіёне, краіне. Сутыкнуўся з тым, што мерапрыемстваў, у тым ліку і для моладзі, мноства, але не ўсе пра іх ведаюць. Спачатку шукаў сябе, свой стыль і тое, што будзе падабацца аўдыторыі. І нарэшце знайшоў. Рэпартажы з Дня Перамогі, Фестывалю нацыянальных культур, Дня горада набралі самую вялікую колькасць праглядаў — у сярэднім па 100 тысяч. Дарэчы, гэта толькі пачатак. Наперадзе хочацца ахапіць не толькі гарадскія і рэгіянальныя падзеі, але і рэспубліканскія. Несці нешта карыснае аўдыторыі — мая звышзадача. І мне ўсё роўна, будуць гэта 10 чалавек ці 100 тысяч, — дзеліцца сваёй гісторыяй пошуку сябе Ягор.
Вялікая Айчынная вайна, спорт, булінг... Спектр тэм, якія ўздымаюць у сваіх тэкстах маладыя журналісты, вельмі шырокі. У кожным матэрыяле яны не толькі падаюць факты, абрамленыя ў мастацкія абароты, але і раскрываюць сваю душу, паказваюць чытачу, што іх хвалюе, чым яны захапляюцца і чаго баяцца. Карына Вальшонак не магла заставацца раўнадушнай да праблемы кіберзлачынстваў, таму і ініцыіравала стварэнне праекта «Кіберзлачыннасць: падман віртуальны — вынік рэальны». Задума даволі простая — бліжэй пазнаёміць аўдыторыю з сутнасцю кіберзлачынстваў, іх вынікамі і сродкамі барацьбы з гэтай з’явай. Таму на працягу чатырох месяцаў выходзілі матэрыялы, падрыхтаваныя сумесна з навагрудскімі праваахоўнікамі, псіхолагам, іншымі асобамі, кампетэнтнымі ў пытаннях інфармацыйнай бяспекі.
— Натхнілі мяне, калі можна так сказаць, да стварэння праекта гісторыі блізкіх і знаёмых мне людзей. На жаль, на многія рэчы глядзіш інакш, калі яны закранаюць каго-небудзь з твайго асяроддзя. Так і з’явілася думка стварыць праект. Я разумею, што гэтыя матэрыялы паўплываюць не на кожнага, але калі хоць бы аднаму чалавеку са ста праект дапаможа, гэта будзе маім маленькім унёскам у агульную барацьбу з кіберзлачыннасцю.
У намінацыі «Найлепшы праект у новых медыя» спектр тэм таксама даволі шырокі. Аднак ёсць тое, што іх яднае, — у цэнтры знаходзіцца чалавек. І не мае розніцы, мужчына гэта ці жанчына, студэнт ці сталы чалавек, гуманітарый ці тэхнік, творчы або зусім не. Чалавечае жыццё — самае галоўнае і каштоўнае, што ёсць на свеце. У праекце «Горад маладых» Паліна Макей паказвае маладых людзей да 35 гадоў, робіць акцэнт на справе іх жыцця. Аднак важнае ўдакладненне, прафесія героя павінна быць рэдкай, унікальнай або нейкай зусім незвычайнай, мець сацыяльны падтэкст. Паліна патлумачыла:
— Я ставіла сваёй мэтай раскрыць, з якімі праблемамі і цяжкасцямі чалавек сутыкаецца, як падае, але ў выніку зноў падымаецца, у чым знаходзіць сілы і натхненне, які шлях і чаму абірае. Галоўнае, каб герой вельмі любіў сваю работу і меў пэўныя дасягненні, каб сваім прыкладам паказваў, чаго можна дасягнуць дзеля роднай Беларусі.
Пераможцы конкурсу будуць вызначаны і ўзнагароджаны на Форуме маладых журналістаў у снежні.
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ
Фота аўтара і з Т/К БРСМ: live
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!