Рухальная сіла спорту — удасканаленне. З кожным стартам, з кожным годам станавіцца лепей — дзеля гэтага спартсмены жывуць і трэніруюцца. Сваім прыкладам гэта нядаўна даказаў і Ягор Шчалканаў, чэмпіён Паралімпійскіх гульняў у Парыжы па плаванню, які выступае сярод спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. На папярэдняй Паралімпіядзе ў Токіа ён заняў другое месца на дыстанцыі 100 метраў на спіне. Сёлета сярэбраны медаль змяніўся на залаты, а вынік 1.00,76 стаў новым рэкордам Паралімпійскіх гульняў у гэтым класе і на гэтай дыстанцыі. За гады ад Токіа да Парыжа адбылося шмат чаго. Толькі спорт адышоў ад каранавіруснай навалы, як абрынулася адхіленне ад міжнародных стартаў. Здаецца, такое можа выбіць з каляіны каго заўгодна. Але, як відаць па выніках, наш герой — выключэнне. Сваімі думкамі на гэты конт ён падзяліўся і з «Чырвонкай. Чырвонай зменай».
— Разуменне, што я паралімпійскі чэмпіён, не прыйшло і праз два месяцы пасля перамогі. Падчас розных мерапрыемстваў (а іх цяпер шмат), калі мне нагадваюць пра перамогу, я разумею, наколькі гэта важна. У паўсядзённым жыцці такіх думак нават і няма. Медаль дома, гляну на яго — успомню. А так на дасягнутым не зацыкліваюся.
— Я не адмаўляюся ні ад інтэрв’ю, ні ад мерапрыемстваў. Калі мяне запрашаюць, значыць, я людзям цікавы. Таму лічу, што не маю права адмаўляцца.
Ды і гэта не самы складаны занятак. Удзельнічаць у спаборніцтвах, дзе абсалютна ўсё залежыць толькі ад цябе, у разы складаней, чым удзельнічаць у мерапрыемствах. Асабліва запомнілася сустрэча з Прэзідэнтам, калі ён уручаў нам дзяржаўныя ўзнагароды. Гэта было незабыўна, і засталіся цёплыя ўспаміны. Адчувалася, што кіраўнік дзяржавы хацеў асабіста падзякаваць кожнаму з нас.
— Насамрэч, дыстанцыя 100 метраў на спіне для мяне няпрофільная. Была ў Токіа. Мы яе тады толькі апрабавалі і пасля сярэбранага медаля зразумелі, што ў яе ёсць патэнцыял і рэзерв. І вырашылі, што ў Парыж будзем рыхтаваць адну дыстанцыю, але зробім усё на выдатна. Лепш мець адно «золата», чым два «серабры». Таму мы паклалі ўсе сілы на падрыхтоўку 100 метраў на спіне. Астатнія спосабы ўжо былі як дапаможныя. Ёсць і яшчэ адна вельмі важкая прычына. Мы выбралі спіну, таму што тут вядучая роля належыць рукам і корпусу. А гэта вельмі важна, улічваючы мае абмежаванні з нагамі. У плаванні на спіне ногі амаль не задзейнічаны, таму ў мяне ёсць пэўная перавага.
— Пра паралімпійскі рэкорд не думаў зусім. Пра тое, што я яго пабіў, даведаўся ўжо пасля. У планах было пабіць сусветны рэкорд, які ўсяго на секунду хутчэйшы за мой вынік у Парыжы. Цяпер сусветны рэкорд — адзіная вяршыня, якую мне трэба пакарыць на дыстанцыі 100 метраў на спіне.
— Я разумею, што яшчэ не дасягнуў сваёй мяжы ў спорце. Мне гэта падабаецца, я развіваюся, кожны дзень удасканальваюся, не толькі фізічна, але і псіхалагічна. З кожным годам, з кожным турнірам набіраюся досведу. Плаванне цудоўнае тым, што тут нямала дыстанцый, на якіх можна і трэба пазмагацца. Адзіны від, які наўрад ці мне пакарыцца, — брас. Вельмі асаблівы від. Усе плыўцы дзеляцца або на брасістаў, або на тых, хто не ўмее ім плаваць. На Паралімпіядзе ў Токіа я выступаў на дыстанцыі 200 метраў комплексам. І з-за таго, што брас мне не пакарыўся, заняў чацвёртае месца, астатнія тры віды былі добрыя. Таму цяпер мы брас не трэніруем, але працы хапае.
— Розніца паміж першай і другой Паралімпіядай каласальная. Першая была як нешта нязведанае. Я не разумеў да канца, што гэта такое. Аднак зусім не хваляваўся, бо ад мяне ніхто нічога не чакаў, я быў навічком. У Парыж ужо прыехаў сярэбраным прызёрам, і мне трэба было даказаць свой аўтарытэт. Нават мама казала: «Колькі можна „серабро“ прывозіць?! Давай „золата“!». Гэта надавала сіл. Таму задача на Парыж стаяла канкрэтная — як мінімум сярэбраны медаль, як максімум — залаты.
— Я не магу перадаць, што адбывалася ў мяне ўнутры, калі ўбачыў, колькі людзей сабралася на трыбунах. Гэта быў першы заплыў Ігара Бокага. У яго, як і ў мяне, галоўны сапернік — француз. Калі я ўбачыў, як яго падтрымліваюць балельшчыкі, быў вельмі ўзрушаны. Аж у самога з’явіўся ўнутры азарт, захацелася як мага хучтэй выступіць. У Токіа людзі на трыбунах адсутнічалі, а ў Парыжы за намі назіралі іх тысячы. І я разумеў, што яны падтрымліваюць не мяне. Але, па-першае, гэта ўсё роўна стварае выдатную атмасферу. Па-другое, чаканні тысяч чалавек ціснулі на француза. Калі столькі чалавек чакаюць ад цябе перамогі — ты адчуваеш адказнасць, не можаш іх падвесці. Я ж у гэтым плане быў пазбаўлены ўсялякай адказнасці. Часткова таму мае выступленні не глядзіць мама. Яна вельмі моцна перажывае. І здараліся выпадкі, калі маці хвалявалася, а ў мяне не атрымлівалася. Таму вырашылі, што самі заплывы ці прамыя трансляцыі яна глядзець не будзе.
— Наша праца з трэнерамі будуецца на даверы. Яны разумеюць, што, калі я сапраўды стаміўся, значыць мне можна і знізіць нагрузку, паплаваць вальней. Мы ўсе прафесіяналы, і трэнеры разумеюць, што я не буду іх ашукваць, бо мне самому гэта трэба. Падманваць трэнераў увогуле няма сэнсу, паколькі ты трэніруешся дзеля сябе, а не дзеля іх.
— Я атрымліваю вялікае задавальненне ад таго, якая дружная каманда ў нас склалася. Няма такога, каб мы абыякава ўспрымалі выступленне нашых таварышаў. Мы сапраўды вельмі дружныя. Рабяты добрыя, у нас няма ніякіх падстаў для сварак, мы не канкурыруем. І чаму б нам не быць такой вялікай дружнай сям’ёй.
— Мы былі адхілены ад міжнародных стартаў амаль на два гады. І ўвесь гэты час мы не здаваліся, рыхтаваліся да Паралімпійскіх гульняў. Першым стартам пасля вяртання стаў этап Кубка свету. Было вельмі хвалююча. Найперш таму, што з’явілася шмат новых правіл, абавязковых для выканання. І я вельмі баяўся, калі нешта не выканаю і гэта паўплывае на ўсю каманду. Але радасць ад вяртання была большай. Калі параўнаць вынікі чэмпіянату свету 2023 года, дзе мы не ўдзельнічалі, з маімі, то стане зразумела, што я меў бы чатыры медалі. Але, на жаль, вось так.
— Многія кажуць: па мне не відаць, што ў мяне пэўныя асаблівасці са здароўем. Ды я і сам іх не надта заўважаю. Я раблю абсалютна ўсё, магу гуляць у актыўныя гульні. Але не факт, што мае пратэзы гэта вытрымаюць, бо яны любяць паламацца. І апошнім часам я хвалююся, што, калі буду гуляць у футбол, пратэзы могуць зламацца. А рабіць новыя доўга. Не зразумела, на чым хадзіць. Меў горкі досвед. Аднойчы ў школе, гуляючы ў баскетбол, я падскочыў, каб закінуць мяч у кальцо, і пратэз зламаўся. Прыйшлося са школы ехаць дадому і мяняць. Яны часта ў мяне ламаюцца. Буду хутка бегчы — можа зламацца. Але часам гэта можна нават пераўтварыць у жарт. Помню адну гісторыю. Гулялі з сябрамі ў футбол, і адзін хлопец першы раз аказаўся ў нашай кампаніі і пра мае пратэзы не ведаў, а я быў у штанах. І мне хтосьці на нагу наступіў, я ўпаў, нага адляцела ў адзін бок, я — у другі. Усе смяюцца, а ён проста ў шоку, увесь белы. Я яшчэ пачаў крычаць, каб яго напалохаць, ён там ледзь прытомнасць не страціў. А цяпер мой найлепшы сябар.
— Перш за ўсё спорт даў мне магчымасць быць тым, хто я ёсць. Я пераехаў у Мінск, знайшоў шмат сяброў, магчыма, нават фанатаў, хаця не ведаю, ёсць такія ці не. Фінансавы дабрабыт. У прынцыпе спорт з мяне іншага чалавека зрабіў. Вельмі часта думаў, кім бы я быў, калі б не стаў спартсменам, і яснай карціны ў мяне няма. Нешта рабіў бы, але наўрад ці адчуваў бы сябе такім шчаслівым.
Валерыя СЦЯЦКО
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.