Вы тут

Як студэнтка БДУ ў Піцеры вучылася


Сумесныя праекты, падпісаныя ў рамках форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі, працягваюць рэалізоўвацца. І абмен студэнтамі — адзін з іх. Так, з лютага да чэрвеня бягучага года ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце вучылася студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Лізавета Мікуліч. Пра яе падарожжа, унікальны вопыт і праверку на трываласць — у нашым матэрыяле.


Дзяўчына даўно ведала пра існаванне падобных праграм: раней студэнтамі па абмене ўжо станавіліся яе знаёмыя. А калі ўбачыла ў пераліку даступных Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, то зразумела: калі паедзе, то толькі туды. Але аднаго жадання, вядома, недастаткова. Каб атрымаць магчымасць паўдзельнічаць у праекце, трэба прыкласці нямала намаганняў. У першую чаргу, адправіць матывацыйны ліст ва ўстанову адукацыі. Да яго прыкласці і іншыя паперы, у тым ліку спіс выбраных дысцыплін. Аднак і гэта яшчэ далёка не ўсё:

— Калі я ўжо атрымала станоўчы адказ ад прадстаўнікоў СПбДУ і радавалася свайму шчасцю, выявілася, што не ўсё так проста. Пачаўся самы доўгі і складаны працэс збору дакументаў, — дзеліцца Лізавета. — Цяпер мне нават складана ўспомніць падрабязнасці. У памяці засталіся толькі беганіна і мая настойлівасць.

Але цяжкасці дзяўчыну не спалохалі. Хоць і да апошняга было незразумела, ці атрымаецца іх пераадолець і паехаць. Па словах студэнткі, гэта залежала літаральна ад кожнай паперкі:

— Дакументы дзяліліся на тыя, што былі неабходныя БДУ, каб мяне адпусцілі, і тыя, што збіраліся для СПбДУ, каб там мяне маглі прыняць. Прычым некаторыя з іх патрабавалі адправіць на дзвюх мовах: рускай і англійскай.

Час і сілы былі патрачаны не дарма: ужо ў лютым гэтага года Лізавета на цэлых пяць месяцаў стала студэнткай аднаго з найлепшых універсітэтаў Расіі. І хутка звыкла да новых будняў.

— Канешне, першыя два тыдні было цяжкавата, — успамінае дзяўчына. — Сябры, родныя — усе засталіся ў Мінску. Яшчэ да ад’езду нават у галаве не ўкладвалася: як можна ўсё пакінуць амаль што на паўгода? Таму пасля прыезду ў Піцер спатрэбіўся час, каб перастроіцца, пераключыцца. На шчасце, мяне цёпла прынялі. Іншым студэнтам было цікава даведацца пра мой удзел у праграме абмену і пазнаёміцца бліжэй.

Нягледзячы на тое, што ў БДУ Лізавета вучыцца на спецыяльнасці «Міжнародная журналістыка», у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце яна выбрала курсы кафедры тэлерадыёжурналістыкі. І атрымала незабыўныя ўражанні:

— Было прыемна бачыць высокі ўзровень прафесіяналізму выкладчыкаў. Некаторыя з іх з’яўляюцца вядучымі і сцэнарыстамі федэральных каналаў. Асабліва запомніўся курс «Аўдыя- і відэападкаст: творчыя тэхналогіі». Спачатку мы разбіраліся ва ўсіх тонкасцях падкастаў, а потым стваралі выпуск сваіх. Таксама ў мой асабісты «топ» дысцыплін я б дадала «Тэорыю і практыку тэлерадыёжурналістыкі» і «Прафесійна-творчыя студыі: фотажурналістыка і сацыяльная псіхалогія», — распавяла студэнтка. — На занятках па фотажурналістыцы мы падзяліліся на каманды. Нашай мэтай было стварыць праект пра кіно, якое здымалі ў Санкт-Пецярбургу. Перажылі тады нешта захапляльнае! Не верылася, што я сапраўды крочу па тых месцах, дзе хадзілі легендарныя акцёры і рэжысёры вядомых кінастужак.

Запомнілася дзяўчыне і выдатнае тэхнічнае абсталяванне расійскага ўніверсітэта, у тым ліку студый для стварэння студэнцкіх праектаў. Па ўспамінах Лізаветы, не ўзнікала праблем з тым, каб дамовіцца з выкладчыкам і прыйсці ў адну з іх для запісу, напрыклад, праграмы ці падкасту. Акрамя таго, давалася магчымасць пабыць у ролі карэспандэнта на студэнцкім канале, асвятляючы падзеі з жыцця ўніверсітэта... Словам, высокія чаканні ад паездкі сябе апраўдалі:

— Я ўдзельнічала ў праграме абмену з мэтай паглыбіцца ў новае акадэмічнае асяроддзе і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. І ўсё склалася найлепшым чынам: я знайшла новых сяброў і атрымала каштоўныя веды. У пэўным сэнсе паездка падзяліла маё жыццё на «да» і «пасля». І, вядома, я пасталела маральна.

Хоць сумаваць не даводзілася, але вяртанне ў родную ВНУ было сапраўды доўгачаканым. Але час быў зноў брацца за іспыты:

— Пасля прыезду давялося здаваць індывідуальную сесію за час маёй адсутнасці ва ўніверсітэце. Карацей кажучы, у мяне атрымалася адразу дзве сесіі за вясновы перыяд. Адну я здавала перад ад’ездам з Піцера, а другую — ужо на радзіме. І паколькі рыхтавацца да іспытаў даводзілася паралельна з заняткамі, было крыху складана і нязвыкла. Але гэта ўсё было варта!

Планы на будучыню ў дзяўчыны засталіся ранейшыя: паспяхова скончыць факультэт журналістыкі БДУ і працаваць па спецыяльнасці. Але, як прызнаецца студэнтка, у спісе спраў цяпер — паехаць у Піцер на выхадныя, каб пабачыцца з новымі сябрамі. А яшчэ запрасіць іх у нашу краіну, паказаць Мінск. Экскурсія па беларускай сталіцы дакладна спадабаецца ім, як і Лізавеце — Санкт-Пецярбург. А ўсім, хто яшчэ думае пра ўдзел у праграме абмену, дзяўчына раіць не сумнявацца. У тым ліку і ў сваіх сілах:

— Я заўсёды кажу: усё атрымаецца, варта толькі паспрабаваць. Таму і ў мяне атрымалася стаць адной са студэнтак па абмене. І вельмі ўдзячная за прадстаўленую магчымасць, а сабе — за рашучасць скарыстацца ёю.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Чаканні vs рэальнасць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.