Вы тут

Шэраг змен па прызначэнні і атрыманні пенсій, працяг праграмы сямейнага капіталу чакаецца з пачатку наступнага года


Прэзідэнт Беларусі падпісаў два сацыяльна значныя ўказы, адзін з якіх — «Аб сацыяльнай падтрымцы» — адмяняе абмежаванні памераў пенсій працоўным пенсіянерам, спрашчае парадак прызначэння і атрымання пенсіі, а таксама прадугледжвае дадатковую сацыяльную падтрымку сем’яў з дзецьмі і бацькоў дзяцей-інвалідаў. Асноўныя яго палажэнні ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2025 года. Другі ўказ працягнуў тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу на наступныя пяць гадоў (з 2025 да 2029) з захаваннем дзейных умоў для яго прызначэння.


Фота з адкрытых крыніц

 

Пенсіі працоўным пенсіянерам цяпер без абмежаванняў

З прыняццем указа пенсіянерам, якія працягваюць працаваць, працоўныя пенсіі па Законе «Аб пенсіённым забеспячэнні» будуць выплачвацца без прымянення абмежавання па індывідуальным каэфіцыенце заработку (ІКЗ), не вышэйшым за 1,3. Нагадаем, што па дзейных правілах працоўным пенсіянерам частка пенсіі, вылічаная з ІКЗ звыш 1,3, у перыяд работы не выплачваецца (не прымяняецца да работнікаў, занятых у вытворчасці сельгаспрадукцыі). У залежнасці ад стажу і ІКЗ сума абмежавання ў пенсіянераў розная і можа складаць да амаль 500 рублёў (пры працяглым стажы і ІКЗ 5,0 і вышэйшым).

— Сёння паніжаная пенсія ў сувязі з работай выплачваецца каля 110 тысячам пенсіянераў. Усім ім з 1 студзеня 2025 года пенсія будзе выплачвацца ў поўным памеры, што не толькі павышае пенсіённыя выплаты, але і стварае стымул як мага даўжэй працягваць працоўную дзейнасць, — адзначыла начальнік галоўнага пенсіённага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Гомарава.

Для пенсіянераў з ІКЗ не больш за 1,3 правілы не змяняюцца, паколькі ўжо сёння пенсія ім у перыяд работы выплачваецца поўнасцю, без абмежавання.

Павялічваецца тэрмін падачы заявы на прызначэнне пенсіі

Сёння заява аб назначэнні пенсіі па ўзросце падаецца ў дзень набыцця права на яе, гэта значыць, у дзень дасягнення работнікам пенсіённага ўзросту.

Для спрашчэння парадку звароту па пенсію ўказ уводзіць права звароту з заявай як за месяц да ўзнікнення права на пенсію, так і на працягу аднаго месяца пасля ўзнікнення права на яе. Калі гэты тэрмін вытрыманы, пенсію прызначаць з дня ўзнікнення права на яе. Пры пазнейшым звароце з заявай пенсія будзе прызначацца з дня звароту па яе.

Змяненні не закранаюць пенсіі па інваліднасці або з нагоды страты карміцеля (тут магчыма атрыманне пенсіі за мінулы час).

Змяняецца парадак вызначэння заробку для вылічэння пенсіі

У 2024 годзе заробак для разліку ІКЗ прымаецца за апошнія 30 гадоў запар стажу працы перад зваротам па пенсію. Штогод гэты перыяд павялічваецца на адзін год (напрыклад, у 2006 годзе ўлічваўся заробак за шэсць гадоў, у 2025 годзе гэта быў бы ўжо 31 год).

— Указ фіксуе дзейны 30-гадовы перыяд для разліку ІКЗ. Далейшае штогадовае павелічэнне гэтага перыяду спыняецца ў мэтах паступовага пераходу да пацвярджэння заробку толькі данымі індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку фонду сацабароны насельніцтва (вядзецца з 2003 года), без прадстаўлення грамадзянамі «папяровых» даведак аб заробку, — патлумачыла Алена Гомарава.

Даведка аб памеры заробку выдаецца работадаўцам (яго правапераемнікам або архівам). Аднак калі дакументы не захаваліся, то выдача даведкі немагчымая і пры назначэнні пенсіі заробак за такую работу ўлічваецца з нулявым значэннем (што зніжае памер пенсіі). Устанавіць заробак работнік можа толькі ў судовым парадку.

У мэтах абароны інтарэсаў грамадзян у такіх сітуацыях, зніжэння нагрузкі на суды ўказам прадугледжваецца права работніка не ўлічваць («прапусціць») пры разліку ІКЗ перыяды работы, дзе дакументы не захаваліся, з іх заменай больш раннімі перыядамі, дзе дакументы ёсць.

Дадатковая падтрымка сем’ям з дзецьмі-інвалідамі

Дзецям-інвалідам у выпадку смерці аднаго з бацькоў устанаўліваецца дадатковае павышэнне да пенсіі (з улікам ступені страты здароўя ад 80 да 110 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ).

Павышэнне па гэтай падставе прадугледжана і для інвалідаў з дзяцінства І і ІІ групы, старэйшых за 18 гадоў, калі карміцель памёр да іх паўналецця (у памеры 110 і 95 працэнтаў БПМ адпаведна).

Указам прадастаўлена права на датэрміновую пенсію па ўзросце татам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства), якія самастойна выхавалі дзіця, без удзелу маці. Сёння такая пенсія бацьку можа быць прызначана толькі пасля таго, як маці дзіцяці сфарміравала права на гэтую пенсію і адмовілася ад яе на карысць бацькі або не паспела скарыстацца сваім правам у сувязі са смерцю.

Датэрміновую пенсію ўзамен маці прызначаць бацьку пры дасягненні ім 58-гадовага ўзросту пры ўмове пацвярджэння факта выхавання дзіцяці-інваліда не менш як 8 гадоў да яго паўналецця, стажу работы не менш як 25 гадоў, з якіх не менш як 5 гадоў работы з выплатай страхавых узносаў (страхавы стаж).

Страхавы стаж для жанчын з чатырма дзецьмі зніжаецца

З 1 студзеня 2025 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, страхавы стаж для назначэння пенсіі па ўзросце зніжаецца з 10 да 5 гадоў, як гэта прадугледжана для жанчын з пяццю і больш дзецьмі.

Усе прадугледжаныя ўказам дадатковыя гарантыі грамадзянам будуць прымяняцца пачынаючы з 1 студзеня 2025 года. Пры гэтым змены ў частцы новых катэгорый грамадзян, каму гарантуецца права атрымліваць пенсію на пошце без аплаты паслуг, будуць дзейнічаць ужо ў лістападзе 2024 года.

Змяненне памеру пенсіі ў сувязі з адменай абмежавання па ІКЗ 1,3 працоўным пенсіянерам з 1 студзеня 2025 годзе будзе праведзена ў аўтаматычным рэжыме.

Для рэалізацыі права на іншыя прадугледжаныя Указам гарантыі грамадзянам неабходна звяртацца з праваўстанаўлівальнымі дакументамі ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства (атрымання пенсіі).

Пашыраюцца магчымасці выкарыстання сямейнага капіталу

Указ аб прадаўжэнні дзеяння праграмы сямейнага капіталу прадугледжвае некалькі навацый. Найперш дакумент пашырае магчымасці выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Так, даецца права іх датэрміновага выкарыстання пры будаўніцтве жылля незалежна ад наяўнасці накіравання мясцовага органа ўлады на такое будаўніцтва. Не ўлічваюцца ў агульную плошчу жылля, што знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, жылыя памяшканні, якія не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням. Прадугледжваецца магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў на набыццё долі (доляў) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў. Дазваляецца таксама датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на падставе дагавораў аб рэфінансаванні крэдытаў на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў, долі (доляў) у праве ўласнасці на іх.

Ва ўказе ўпершыню замацоўваюцца правы дзяцей (у тым ліку пры разводзе бацькоў) на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.

Устанаўліваецца магчымасць аплаты навучання за наступны навучальны год пры накіраванні сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі (цяпер — за бягучы і папярэдні гады). Пашыраецца пералік сродкаў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, якія можна набыць з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.

Акрамя таго, дакумент дае права на прызначэнне сямейнага капіталу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, пры набыцці імі грамадзянства не пазней як за адзін год з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей.

Указ прыняты ў мэтах паляпшэння ўмоў жыццядзейнасці шматдзетных сем’яў і іх доўгатэрміновай дзяржаўнай падтрымкі.

Магчымасць захаваць кадравы патэнцыял

Таццяна Філімонава, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

— У Федэрацыю прафсаюзаў ад грамадзян неаднаразова паступалі звароты аб тым, што асобныя пытанні ў адносінах да працоўных пенсіянераў вырашаюцца не па справядлівасці.

Так, да прыняцця ўказа пенсія пенсіянерам, якія працуюць, выплачвалася з разліку індывідуальнага каэфіцыента заработку не вышэй за 1,3. Тым самым, пенсіянеры, у якіх пры прызначэнні пенсіі ІКЗ склаў вышэй за 1,3, атрымлівалі пенсію ў перыяд працы не ў поўным аб’ёме. Варта адзначыць, што недаатрыманая сума пенсіі складала ад 10 да сотняў рублёў у залежнасці ад індывідуальных даных работніка (чым вышэйшы ІКЗ (максімум 5), тым большая сума недаатрыманай пенсіі). Пры гэтым з заработнай платы працоўных пенсіянераў узносы ў ФСАН працягваюць утрымлівацца.

Адзначу, што па ініцыятыве прафсаюзаў пытанне аб магчымасці выплаты пенсій працоўным пенсіянерам у поўным аб’ёме неаднаразова разглядалася на пляцоўцы Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Гэта падтрымалі і аб’яднанні наймальнікаў.

Важна адзначыць, што кіраўнік дзяржавы ў размове са старшынёй ФПБ Юрыем Сянько падтрымаў прафсаюзы і даручыў распрацаваць праект дакумента, які дасць магчымасць зняць абмежаванні па выплаце пенсій пенсіянерам, якія працуюць.

На сёння гэтае пытанне вырашана. З 1 студзеня 2025 года абмежаванні па выплаце пенсій будуць зняты. На нашу думку, Указ № 402 — добры стымул для людзей працягваць працаваць, а для прадпрыемстваў гэта яшчэ адна магчымасць захаваць свой кадравы патэнцыял, у шэрагах якіх застануцца прафесіяналы сваёй справы. Акрамя таго, перадача моладзі вопыту работнікаў старэйшага пакалення дасць новы імпульс да развіцця інстытута настаўніцтва і ўзняцця прэстыжу рабочых прафесій.

«Калі ёсць сілы — чаму б не працаваць далей?»

Мінчанка Марыя Сцяпанаўна, якая на пенсіі паспяхова працуе ў выдавецкай справе, за зменамі ў пенсіённым заканадаўстве сочыць уважліва.

— Першы раз аб тым, што з пенсіі не будуць рабіць вылікі ў працоўных пенсіянераў, я пачула летам, калі кіраўнік дзяржавы сустракаўся са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў краіны, — згадвае яна. — Узрадавалася такой навіне. А потым падумала: напэўна, гэта закране не ўсіх пенсіянераў, а толькі тых, хто працуе па найбольш запатрабаваных сёння спецыяльнасцях: рабочых, урачоў, настаўнікаў і гэтак далей. Ды і змірылася, бо самой грэх скардзіцца — у свае 62 я працягваю займацца любімай справай, атрымліваю зарплату, пенсію, жыву паўнавартасным жыццём... Таму прызнаюся: Указ № 402 «Аб сацыяльнай падтрымцы», які падпісаў Прэзідэнт нашай краіны 29 кастрычніка гэтага года, стаў для мяне, ды і не толькі, прыемным сюрпрызам: чаканні ўсё ж апраўдаліся і абмежаванні на памер пенсіі працоўным пенсіянерам адменяць. Я і мае «калегі», якія працуюць, будуць атрымліваць 100 % пенсіі.

Вельмі разумнае рашэнне прыняў наш Прэзідэнт. Справядлівае. Мая працоўная дзейнасць пачалася ў 1979-м. Больш за сорак гадоў верай і праўдай я служыла любімай справе і сваю пенсію зарабіла спаўна. І такіх, як я, — сотні тысяч. А калі ў іх ёсць сілы, калі думкі ясныя, а ногі ходзяць — чаму б не працаваць і далей?

Літаральна ўчора дзве мае суседкі, таксама працоўныя пенсіянеркі, якія ўжо падумвалі пайсці на адпачынак, пасля таго, як прачыталі ўказ Прэзідэнта, вырашылі: яшчэ папрацуем! З якім настроем яны гэта гаварылі, як свяціліся іх вочы — словамі не перадаць.

Любы дадатак да прыбытку — гэта заўсёды прыемна. Але нам, людзям, якія ўжо прайшлі вялікі працоўны шлях і працягваюць яго сёння, значна прыемней іншае: нас цэняць, нас рады бачыць на працы, нас стымулююць для гэтага, мы патрэбны сваёй краіне. А гэта — неацэнна.

Як працаваў — так і атрымаў. 

І гэта справядліва

Загадчыца Заронаўскага сельскага Дома культуры Віцебскага раёна Людміла Аляксеева выйшла на пенсію больш за дзесяць гадоў таму, але дагэтуль працягвае працаваць.

Навіну аб падпісанні Прэзідэнтам Беларусі Указа № 402 «Аб сацыяльнай падтрымцы» яна ўспрыняла з радасцю. Нягледзячы на тое, што змены асабіста яе не датычыцца, Людміла Рыгораўна падкрэсліла: гэта значная падтрымка для тых пенсіянераў, якія пэўны час «гублялі» напрацаванае. «Тое што цяпер людзі сталага ўзросту, якія працуюць, будуць атрымліваць пенсію ў поўным аб’ёме, нават звыш індывідуальнага каэфіцыента заробку 1,3, — справядліва. Канешне, у суме для камфортнага жыцця пенсіянеру хапала і зарплаты, і пенсіі. Аднак у тых, хто працаваў усё жыццё ў складаных умовах, недахоп выходзіў дзясяткі, сотні рублёў. Палічыўшы недададзенае за паўгода, напрыклад, набягала значная лічба. Я выйшла на пенсію з каэфіцыентам 0,77, таму, працягваючы працаваць, атрымліваю і зарплату, і пенсію поўнасцю. А вось для некаторых маіх калег і сяброў новы ўказ стане добрай фінансавай падмогай, што не можа не выклікаць станоўчыя эмоцыі. Тым больш што ва ўсіх нас дзеці, унукі, якім мы імкнёмся дапамагаць», — расказвае Людміла Аляксеева.

На думку Людмілы Рыгораўны, новы ўказ будзе працаваць на далёкую перспектыву праз цяперашнія змены. Так, моладзь не вельмі ахвотна абірае для сябе складаныя прафесіі, каб праз пэўны прамежак часу атрымліваць высокую пенсію. А дзякуючы зменам і прынцыпу «як працаваў — так і атрымаў» нашы нашчадкі будуць больш уважліва падыходзіць да выбару прафесіі і думаць аб сваёй камфортнай старасці.

Меркаванне

«Сямейны капітал — вялікая падмога»

У сям’і магіляўчан Сяргея і Юліі Дубанос выхоўваецца трое дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. У фінале нядаўняга рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» яны занялі другое месца. Шмат атрымалі эмоцый і падарункаў, у тым ліку дапамогу ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сужэнцы прызнаюцца, што планаў на вялікую сям’ю ў іх спачатку не было, а вось цяпер нават і не ўяўляюць, што магло быць інакш.

— Падтрымка сям’і дзяржавай адчуваецца літаральна ва ўсім, — падзялілася меркаваннем Юля. — Гэта і палова аплаты дзіцячага садка, і бясплатнае харчаванне ў школе, бясплатнае навучанне ў школе мастацтваў. У нас, напрыклад, там двое дзяцей вучыцца. Плюс дапамога да 1 верасня, бясплатнае наведванне музеяў, заапаркаў і гэтак далей. А яшчэ кожны тыдзень адзін з бацькоў можа скарыстацца правам на дадатковы свабодны аплатны адзін дзень. Найбольш грунтоўная падтрымка, вядома, — сямейны капітал. З дапамогай яго мы пабудавалі яшчэ адну, дадатковую кватэру. Дзеці падрастаюць, і хутка ім спатрэбіцца асобнае жыллё. Купіць або пабудаваць за свой кошт — вельмі цяжка. І мы паклапаціліся пра іх будучыню. У нас была кватэра, але не хапала некалькіх метраў. Нам іх прафінансавалі ў новай двухпакаёўцы, сямейным капіталам мы пагасілі, напэўна, трэць кошту кватэры. Плюс атрымалі льготны крэдыт на 20 гадоў. Сума, якую мы за яго выплачваем, мінімальная. Шмат хто з моладзі, напэўна, не ведае, што існуе такая падтрымка сем’ям, думаюць, што цяжка, дорага расціць дзяцей. Але яны памыляюцца. Пры такой дапамозе дзяржавы і разумным размеркаванні ўсё атрымліваецца добра.

Алена КРАВЕЦ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Алена ВІНАГРАДАВА, Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.