Сотні кніг Уладзіміра Караткевіча выдадзены на беларускай і рускай мовах. Чытач, не чакаючы ацэнак вечнасці (пісьменнік пайшоў з жыцця сорак гадоў назад ), выдаў самую высокую адзнаку беларускаму творцу шчырым прызнаннем — прызнаннем людзей, якія чытаюць, умеюць думаць, разважаць аб прачытаным. Прызнаннем людзей самых розных пакаленняў... Творы Уладзіміра Караткевіча выйшлі ў свет на англійскай, балгарскай, венгерскай, в’етнамскай, грузінскай, іспанскай, латышскай, літоўскай, малдаўскай, мангольскай, нямецкай, польскай, рускай (некалькі дзесяткаў асобных выданняў!), славацкай, таджыкскай, узбекскай, украінскай, французскай, чувашскай, чэшскай (толькі да 1990 года — пяць кніг!), эстонскай мовах…
Новае кніжнае выданне празаічных і паэтычных твораў класіка беларускай літаратуры толькі што пабачыла свет у Баку на азербайджанскай мове. «Вершы і апавяданні» Уладзімра Караткевіча, выдадзеныя ў Азербайджане, змяшчаюць два празаічных творы («Кніганошы» і «Маленькая балерына») і трынаццаць вершаў. Творы ў 156-цістаронкавай кнізе друкуюцца на азербайджанскай і рускай мовах. Перакладчыкамі на азербайджанскую мову выступілі: апавядання «Кніганошы» — Кямран Гаджыеў,"Маленькай балерыны" — Севіндж Худзіева. Паэтычныя творы Уладзіміра пераўвасобілі Нізамі Байрамлы, Ібрагім Гуліеў, Айдан Хандан. Тэкстам самога Караткевіча папярэднічаюць артыкул увогуле пра творчасць класіка і прадмова да азербайджанскага зборніка. Аўтар грунтоўнага артыкула і прадмовы — доктар філалагічных навук Флора наджы. У афармленні вокладкі выкарыстана праца беларускага мастака Віктара Юшкевіча «Першыя промні».
З просьбай пракаменціраваць падзею мы звярнуліся да ўкладальніка і аўтара ўступных артыкулаў Флоры Наджы. І вось што пачулі ад аўтарытэтнага азербайджанскагалітаратуразнаўца:
— Выдаць Караткевіча ў перакладзе на азербайджанскую — даўняя мая мара. Кніга выдадзена як праект Навукова-даследчай лабараторыі перакладу і лексікаграфіі Бакінскага славянскага ўніверсітэта. З дапамогай гэтага выдання можна вывучаць рускую мову, знаёміцца з літаратурай, культурай і гісторыяй Беларусі. Мне даводзілася гасцяваць у Мінску, быць удзельнікам Міжнароднага сімпозіўма літаратараў «Пісьменнік і час», арганізатарамі якога выступаюць кожны год Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз пісьменнікаў Беларусі. І кожны раз я бачыла, чула, з якім піетэтам адносяцца беларускія пісьменнікі да творчасці свайго папярэдніка, сутыкалася з шырокай увагай да твораў Караткевіча з боку студэнцкай моладзі. А гэта паказчык: што чытаюць студэнты — гэта застаецца ў свядомасці наступнага пакалення. Веру, што ў Азербайджане выйдуць і іншыя кнігі Уладзіміра Караткевіча: і «Дзікае паляванне караля Стаха», і «Чорны замк Альшанскі», і «Сівая легенда», і «Чазенія»... А пакуль што жадаю азербайджанскім чытачам добрых адкрыццяў з кнігай класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча «Вершы і апавяданні»!.. Хацела б яшчэ вось што адзначыць: кніга з пачатку гэтага навучальнага года выкарыстоўваецца і як вучэбны дапаможнік на занятках па беларускай літаратуры ў Бакінскім славянскім універсітэце, дзе рыхтуюць студэнтаў па спецыяльнасці «Рэгіёназнаўства (Беларусь)».
Застаецца дадаць, што і ва Узбекістане рыхтуецца да выдання кніга У. Караткевіча. «Сівую легенду» пераклала на ўзбекскую і надрукавала ў часопісе «Шарк юлдузі» («Звезда Востока») Рысалат Хайдарава. Увага да творчасці Уладзіміра Караткевіча ёсць і ў іншых краінах свету — Казахстане, Туркменістане... Свае памкненні перакласці паэтычныя і празаічныя творы на іх родныя мовы выявілі марыец Юрый Салаўёў, башкірка Зульфія Хананава, якуцкая паэтэса і перакладчык Наталля Харламп’ева, туркмены Джумагельды Мулкіеў, Максат Бяшымаў, уйгурскі перакладчык Авут Масімаў... Казку беларускага класіка «Чортаў скарб» пераклаў на літоўскую мову і выдаў асобнай кнігай Вітаўтас Жэймантас.
Раман Сэрвач
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.