Кітай працягвае ўмацоўваць сусветнае лідарства ў фотаэлектрычнай прамысловасці, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Як паведамілі ў Міністэрстве прамысловасці і інфарматызацыі КНР, у першым паўгоддзі назіраўся значны рост вытворчасці ў асноўных галінах фотаэлектрычнай прамысловасці. Згодна з разлікамі спецыялістаў, вытворчасць ключавых кампанентаў — полікрышталічнага крэмнію, крамянёвых пласцін, фотаэлементаў і сонечных модуляў — вырасла амаль на траціну ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Экспарт сонечных модуляў павялічыўся амаль на 20 працэнтаў у гадавым выражэнні.
У Белай кнізе пад назвай «Энергетычная трансфармацыя ў Кітаі», апублікаванай у жніўні, адзначаецца, што Кітай стварыў паўнацэнную экасістэму для даследаванняў, распрацовак і вытворчасці фотаэлектрычнай прадукцыі. Эфектыўнасць пераўтварэння сонечнага святла ў электрычнасць з дапамогай элементаў на аснове крышталічнага крэмнію і пераўскіта неаднаразова ўсталёўвала сусветныя рэкорды.
Каэфіцыент карыснага дзеяння крамянёвых фотаэлементаў, якія вырабляюцца Кітаем у прамысловых маштабах, перавысіў 25 працэнтаў. Рынак сонечнай энергетыкі працягвае пашырацца, стымулюючы рост вытворчасці. Агульная магутнасць новых сонечных праектаў, рэалізаваных за першае паўгоддзе ў Кітаі, дасягнула 102,48 ГВт.
Лю Іян, намеснік генеральнага сакратара і афіцыйны прадстаўнік Кітайскай асацыяцыі фотаэлектрычнай індустрыі, падкрэсліў, што кітайскія кампаніі сонечнай энергетыкі вывелі краіну ў сусветныя лідары па аб’ёмах вытворчасці і магутнасцях у галіне. Гэта стала магчымым дзякуючы пастаянным тэхналагічным інавацыям, узмацненню ўласных даследаванняў і распрацовак, а таксама бесперапыннаму павышэнню эфектыўнасці вытворчасці. Па многіх звёнах вытворчага ланцужка Кітай дасягнуў перадавых міжнародных пазіцый.
«На працягу многіх гадоў кітайскія прадпрыемствы ў галіне сонечнай энергетыкі нястомна ўкаранялі інавацыі ў тэхналогіі вытворчасці фотаэлементаў. Гэта садзейнічала распрацоўцы і прымяненню розных высокаэфектыўных тэхналогій, а таксама іх паспяховаму выкарыстанню ў буйнамаштабнай вытворчасці», — адзначыў Лю Іян. Паводле яго слоў, у мінулым годзе ўсе дзесяць найбуйнейшых сусветных вытворцаў фотаэлементаў аказаліся кітайскімі кампаніямі. Іх сумарная вытворчая магутнасць склала 66 працэнтаў ад агульнасусветнай.
За больш як дзесяцігоддзе развіцця кітайская фотаэлектрычная прамысловасць стала ключавой рухаючай сілай у працэсе глабальнага энергетычнага пераходу. Згодна з Белай кнігай «Энергетычная трансфармацыя ў Кітаі», у апошнія дзесяць гадоў краіна забяспечыла сусветны рынак высакаякаснай прадукцыяй і паслугамі ў сферы чыстай энергетыкі, што прывяло да значнага зніжэння сабекошту ветравой і сонечнай энергіі ва ўсім свеце, робячы іх больш даступнымі.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.