Вы тут

Вераснёўскі нумар «Нёмана» адкрывае ўнутраны свет пісьменнікаў


Восеньскі дождж і пахмурнае неба навяваюць на беларускіх пісьменнікаў сум і настройваюць на філасофскі лад. Гэта можна ўбачыць у дзявятым нумары часопіса «Нёман», які напоўнены лірычнымі разважаннямі аўтараў пра сэнс жыцця і месца чалавека ў гэтым свеце. Здаецца, нічога новага — тыя ж праблемы хвалююць паэтаў і празаікаў ужо не адно стагоддзе. Але вераснёўскі «Нёман» расказвае не пра агульныя праблемы светабудовы, а пра асабістыя хваляванні саміх пісьменнікаў, дзе вельмі шмат «я» і мала «іх»…


Апошнія тры нумары часопіса традыцыйна адкрывае раман Фёдара Конева «Добры парыў» (пачатак у № 7). Гісторыя, якая пачалася ў далёкія 1960-я,працягваецца ў новым тысячагоддзі. 

Галоўныя героі паступова змяняюцца, на арэну падзей выходзяць маладыя людзі, аднак з такім жа імкненнем да свабоды і справядлівасці. Банальная гісторыя кахання набыла новыя фарбы, але філасофскія разважанні пра зло і дабро надаюць твору інфантыльнага флёру, які шкодзіць агульнай трагічнай атмасферы рамана. Аўтар узнімае важныя тэмы, якія не страчваюць актуальнасці і сёння. Гэта свабода творчасці мастака і паэта, адмова людзей ад высокіх маральных каштоўнасцей і абясцэньванне мастацтва... 

Канец рамана адкрыты. Лёс герояў здаецца прадказальным, але гэта толькі здагадкі. Не хапіла яркай кульмінацыі, развіцця канфлікту, за якім чытачы сачылі б на адным дыханні. Сур’ёзная і злабадзённая праблема сучаснасці, якая так падрабязна апісвалася ў пачатку, зусім не раскрываецца ў канцы твора. Быццам аўтар вырашыў скончыць банальную гісторыю кахання такім жа банальным спосабам, не даўшы героям магчымасці расказаць аб праблемах грамадства, што пераходзяць з эпохі ў эпоху, з пакалення ў пакаленне…

Проза ў гэтым нумары носіць дэпрэсіўны характар. Аўтары сумуюць па мінулым: па дзяцінстве, што даўно скончылася, па цёплых бацькоўскіх абдымках, якіх больш ніколі не будзе, па родных мясцінах, дзе ўсё змянілася... Тут не знойдзеш цікавых паваротаў сюжэта, інтрыгі, сур’ёзных канфліктаў і вострых тэм. Для кагосьці такія апавяданні могуць здацца нуднымі, але спакойны тэмп і філасофскі настрой вельмі падыходзяць для шэрых восеньскіх будняў.

Цыкл эсэ Міхаіла Пазнякова «Жыццё — дарога» — гэта маналог-разважанне, падвядзенне вынікаў пройдзенага шляху. Пісьменнік разважае пра Бога, шчасце, сілу друкаванага слова. 

У аповесці Алены Паповай «Збіраліся на чай» — цікавыя гісторыі пра трох сябровак, якія ў маладосці часта праводзілі час у адной кампаніі. Першая і самая лірычная частка «Дзень Стані» паказвае жыццё жанчыны, якая, на першы погляд, усім задаволена. Канешне, ёсць праблемы, як ва ўсіх. Аднак Станіслава Рысакевіч-Дамадзедава-Ганібал ставіцца да жыцця лёгка, чым вельмі нагадвае сусветна вядомую гераіню рамана Маргарэт Мітчэл Скарлет О’Хара. Станіслава спачатку таксама не выклікае ў чытача сімпатыі, але яе жыццялюбства нікога не пакіне абыякавым. Дзве астатнія часткі больш цесна звязаны паміж сабой. Галоўная гераіня — сяброўка Стасі Ніна Казарцава. Звычайная сустрэча сяброў скончылася спірытычным сеансам, на якім адкрыліся дзіўныя рэчы: душа незнаёмца прыйшла прасіць дапамогі... Цікавая гісторыя з містычнымі ноткамі стане прыемным кампаньёнам у дажджлівы восеньскі вечар. 

Завяршае аповесць жыццёвая гісторыя дыпламата і перакладчыка Палянскага. Увесь час ён імкнуўся да высокай пасады, паспяховай кар’еры і ўсеагульнага прызнання. Неўзабаве гэтага аказалася мала, таму Палянскі вырашыў стаць пісьменнікам. Канкурэнтаў на гэтым шляху ён ліквідоўваў з дапамогай сувязей. І калі ўжо здавалася, што ўсё ў жыцці атрымалася, лёс наносіць герою цяжкі ўдар…

Апавяданне Андрэя Дарожкіна «Чарнавікі гарачай раніцы» расказвае пра складаны шлях паэта. Ужо доўгі час Леанід спрабуе напісаць верш, радкі якога даўно круцяцца ў галаве. Крыху стэрэатыпны погляд на паўсядзённасць паэта аўтар падае з лёгкім гумарам і тонкай іроніяй. Леанід пакутуе ад алкагольнай залежнасці. Кожная раніца для яго — падстава выпіць чарку-другую. Але адзін дзень цалкам змяняе жыццё паэта, і верш, нарэшце, можа быць скончаны. Аўтар шмат разважае пра сэнс чалавечага існавання, што можа адцягнуць увагу чытача ад асноўнага сюжэта.

Паэзія ў гэтым нумары прадстаўлена творчасцю Людмілы Воранавай, Святланы Брэус, Ірыны Захаравай і Валерыя Пазняка. Усе паэты разважаюць пра рознае: каханне, восень, дзяцінства і юнацтва. Людміла Воранава дзеліцца сваімі пачуццямі, навеянымі яркай восеньскай парой. Паэтэса не шкадуе эпітэтаў, яе вобразы гарманічныя, а эмоцыі шчырыя.

Говорят, осень — время молчанья.

Ты звучишь, моя осень, во мне

Светлой музыкой необычайной,

Как когда-то в младенческом сне.

Чистой, ласковой песней-романсом

В нежных каплях прохладных дождей,

В каждом миге, что дан мне авансом,

В голосах милых сердцу людей.

Ты звучишь, как любви моей песня,

Без надежды, но с верой в душе,

Что когда-то мы вместе воскреснем

Где-то там, далеко, в мираже.

Творчасць Людмілы Воранавай — лірычная песня, у якой з замілаваннем расказваецца пра дарагія сэрцу мясціны, пра блізкіх людзей. Пісьменніца таленавіта спалучае ўласныя пачуцці з уважлівым назіраннем за навакольным асяроддзем. Яна не прапускае ніводнага, нават самага неадчувальнага, змянення прыроды. Калі яшчэ застаўся лёгкі сум па цёплых летніх дзяньках, — паэзія Людмілы Воранавай — надзейны сябар, які дапаможа палюбіць халодную і пераменлівую восень.

Упершыню на старонках «Нёмана» — вершы Святланы Брэус. Паэтэса з цеплынёй і настальгіяй успамінае родныя мясціны, дзе калісьці была шчаслівай. Кранальны твор «Матулін грабянец» адгукнецца ў сэрцах многіх чытачоў, якім вельмі рана прыйшлося расстацца з пяшчотай родных рук. Аднак паэтэса дае надзею, што гэта несапраўднае расстанне, а будучая сустрэча стане цёплай і шчырай.

А в каждой вещи — мамина рука,

И гребешок был в волосах у мамы...

Уносит жизни быстрая река —

Ни позвонить, 

ни выслать телеграммы...

Я волосы, как мама, расчешу,

Чтоб хоть чуть-чуть быть 

на нее похожей,

И никуда, как раньше, не спешу —

Уже покрылись волосы порошей...

Нет, мама не ушла, она со мной,

Наедине мы с ней ведем беседу.

Вот гладит мои волосы рукой —

И отступают горести и беды...

Тэма кахання — шчырага, балючага, трагічнага — раскрываецца ў творчасці Ірыны Захаравай. Кожны радок прасякнуты яркімі пачуццямі, якія пакідаюць глыбокі след у сэрцах чытачоў. Стыль аўтара нагадвае матывы паэзіі знакамітай Ганны Ахматавай. Мінімалізм, псіхалагізм і глыбіня перажытых пачуццяў аб’ядноўваюць дзвюх жанчын. З-за яркіх і смелых параўнанняў здаецца, што лірычным героем усіх твораў з’яўляецца сама паэтэса. Быццам праз усе цяжкасці кахання яна праходзіць разам з чытачом.

То ли явь, то ли сон — все смешалось.

Перепутался с ночью день.

Мне вчера поутру казалось,

Что не будет цвести сирень.

Расцвела... расцвела и опала.

И заметить едва смогла,

Как цвела неприлично мало,

Я так мало сама цвела.

Облетели при первом вздохе

Грозового меча цветы.

Ну и пусть я в конце эпохи,

В середине которой — ты.

Аўтар паэтычных зборнікаў «Родны бераг», «Цвет залаты цяністай ліпы. Трыялеты», «Узмах буслінага крыла», «Іду па роднае зямлі», «З трывогай і з надзеяй» Валерый Пазняк у дзявятым нумары часопіса «Нёман» завяршае паэтычную рубрыку прыемным пачуццём настальгіі. Казачны стыль апавядання вяртае чытача ў светлыя моманты дзяцінства, дзе кожны шолах травінкі здаецца чароўнай мовай невядомых народаў. Разам з паэтам чытач прагуляецца па знаёмых сцяжынках, пасядзіць каля цёплай печкі і з сябрамі зноў праедзецца на любімым веласіпедзе.

Мой старый друг, велосипед,

Ты нынче ржав, я нынче сед.

Но до сих пор, но до сих пор

Забыть не можем школьный двор,

Откуда мы, как ветер, мчали, —

Так быстро я крутил педали.

Последний луч дневной угас.

Хотя бы кто окликнул нас.

Мы ту, что стать могла судьбой,

Легко оставили с тобой.

И вот ты ржав, и вот я сед,

Увы, назад дороги нет.

Для рубрыкі «Дакументы. Нататкі. Успаміны» Зміцер Давідоўскі падрыхтаваў публікацыю пра выдатнага бібліёграфа Ніну Ватацы. Усё жыццё Ніна Барысаўна прысвяціла даследаванню жыцця і творчасці Максіма Багдановіча і збіранню рукапісаў паэта. Яна вяла актыўную перапіску з братам Максіма Паўлам Адамавічам Багдановічам. Перапіска доўжылася тры гады — з 1965 да 1968-га. Менавіта Павел Адамавіч дапамог вярнуць у Беларусь унікальныя рукапісы аўтара «Вянка», многія з якіх лічыліся беззваротна страчанымі.

Павел Багдановіч вялікую частку жыцця пражыў у Яраслаўлі, беларускай мовы не ведаў, таму перапіска вялася выключна на рускай. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца сямейны фонд Багдановічаў. Яго аснову складаюць дакументы, перададзеныя Адамам Ягоравічам Багдановічам, бацькам паэта, яшчэ ў 1927 годзе ў Інбелкульт, адтуль у Акадэмію навук БССР і нарэшце ў БДАМЛМ.

Трэба сказаць, што фонд дагэтуль папаўняецца. Менавіта ў фондзе цяпер захоўваецца 15 лістоў Ніны Барысаўны Ватацы Паўлу Адамавічу Багдановічу.

Пра беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі пагутарыў з прафесарам Бэй Вэньлі Алесь Карлюкевіч. Абмеркавалі не толькі літаратуру, закранулі розныя сферы мастацтва і супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Больш падрабязна раскрылі дэталі работы Цэнтра вывучэнння Беларусі, які быў створаны ў 2012 годзе ва Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце. Гэта першы даследчы ўніверсітэцкі цэнтр, арыентаваны на вывучэнне Беларусі. У 2014 годзе Усходне-Кітайскі педагагічны ўніверсітэт і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве па развіцці Цэнтра вывучэння Беларусі пры УКПУ. Суразмоўцы таксама абмеркавалі папулярныя ў Кітаі творы беларускіх аўтараў і паразважалі, з якімі кітайскімі класікамі яшчэ не пазнаёміліся беларускія чытачы.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Загаловак у газеце: Сумныя адценні залатой пары

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.