Літаратурная карта Берасцейшчыны досыць багатая і на імёны пісьменнікаў, хто творчасцю сваёй ўзбагаціў рускую паэзію, рускую прозу. Адна повязь Грыбаедава з Брэстам, Берасцейшчынай чаго вартая!
А вось пра судакрананне з тагачасным Брэст-Літоўскам Сцяпана Грыгор’ева... Пра гэта якраз амаль нічога невядома. А між тым паэт-самавук, паходжаннем з сялян, Сцяпан Грыгор’еў служыў арцельшчыкам на Смаленска-Брэсцкай чыгунцы. З 1873 — у Вязьме, пасля ў Брэсце, па тым часе, вядома ж, у Брэст-Літоўску. Вядома, што жыў Грыгор’еў і на адной з маленькіх станцый паблізу ад Брэст-Літоўска...
Летам 1874 года ў паэта адкрылася чахотка. Пражыўшы два месяцы ў Маскве ў доме І. Сурыкава, Сцяпан Аляксеевіч памёр у Мар’інскай бальніцы.
Колькі слоў пра літаратурную дзейнасць Сцяпана Грыгор’ева. Першая публікацыя — у часопісе «Воскресный досуг» у 1865 годзе: песня «То не туча плывет по небу».
Ужо з першых публікацый было відавочна, што як паэт Грыгор’еў знаходзіцца пад моцным уплывам Нікіціна, Сурыкава, Някрасава. Большасць вершаў паэта-вяціча вызначае наступны кампазіцыйны прыём: вобраз прыроды напачатку. Пасля — кантрастнае апісанне бязрадаснага чалавечага жыцця.
Ці працаваў у Брэст-Літоўску Грыгор’еў як літаратар? Магчыма, і працаваў. Бо якраз да 1873–1874 гадоў адносяцца публікацыі паэта-самавука ў часопісе «Грамотей». І калі пісаў, то не выключана, што вершы яго тады былі надзвычай драматычнымі. Менавіта перад прыходам на чыгунку Сцяпана Аляксеевіча напаткала асаблівая жыццёвая калізія: ад яго сыйшла жонка, пакінуўшы 4-гадовага сына, да чалавека, які абвінаваціў Грыгор’ева ў крадзяжы 7 тысяч рублёў...
Такі вось маленькі штрышок, такі след з гісторыі прысутнасці рускіх пісьменнікаў у Беларусі... Але і гэтую драбязу не хацелася б пакідаць па-за ўвагай. Мо раптам знойдуцца і перакладчыкі вершаў паслядоўніка Някрасава на беларускую мову?..
Раман Сэрвач
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.