Юбілейны XXX Мінскі міжнародны кінафестываль (ММКФ) «Лістапад» пройдзе ў Беларусі з 1 па 8 лістапада пад лозунгам «Кіно са знакам якасці», паведамляе БелТА.
Першы фестываль «Лістапад» адбыўся ў 1994 годзе. Кінафорум быў прызначаны аб’ядноўваць лепшыя карціны (ігравыя і дакументальныя), створаныя на постсавецкай прасторы. Дэбютаваў ён пад назвай «Фестываль постсавецкага кіно «Лістапад». У першых форумах прымалі ўдзел фільмы з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. З часам кінафестываль пашырыўся, заваяваў аўтарытэт, а ў 2003 годзе афіцыйна набыў статус міжнароднага. Тады ў Мінску былі прадстаўлены карціны з Польшчы, Расіі, Сербіі, Балгарыі, Чэхіі, ЗША, Ірана, Кітая і Японіі.
Свой вердыкт на конкурсе першапачаткова выносілі журы кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў. У 1996 годзе было прынята рашэнне зрабіць галоўнай узнагародай кінафестывалю прыз глядацкіх сімпатый. Да гэтага ўсе тры ўзнагароды (кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў) былі раўнапраўнымі. З 2010 года пераможцу вызначае прафесійнае журы.
У 2001 годзе ўрачыстае адкрыццё «Лістапада» ўпершыню прайшло на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны — у Палацы Рэспублікі.
Галоўнымі тэмамі юбілейнага XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» стануць 100-годдзе беларускага кіно і 30-годдзе фестывалю. Запланавана вялікая пазаконкурсная праграма і паказы кінакарцін, якія былі адзначаны ўзнагародамі фестывалю ў мінулыя гады.
У 2024 годзе для ўдзелу ў фестывалі было пададзена больш за 3,4 тыс. заявак са 124 краін свету. Будуць прадстаўлены традыцыйныя конкурсныя праграмы: ігравое, неігравое, анімацыйнае кіно, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», «Кіно маладых».
Акрамя таго, у бягучым годзе ў конкурсную праграму кінафестывалю вернуты два конкурсы: нацыянальны і нацыянальных кінашкол. У нацыянальным конкурсе будуць паказаны фільмы, створаныя таленавітымі беларускімі рэжысёрамі. У конкурсе нацыянальных кінашкол будуць прадстаўлены яркія студэнцкія работы прадстаўнікоў вядучых кінематаграфічных ВНУ.
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця юбілейнага кінафестывалю пройдуць на сцэне Палаца Рэспублікі. Адкрыецца «Лістапад» беларуска-расійскай стужкай «Чорны замак», створанай па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі».
Паказы фільмаў адбудуцца ў кінатэатрах «Перамога», «Мір», «Цэнтральны», «Піянер» і «Беларусь».
Таксама ў кінатэатры «Перамога» пройдуць Дні нацыянальнага кіно, на якіх акрамя кінакарцін будуць прэзентаваны выставы, прысвечаныя краінам-удзельніцам. Беларусы змогуць убачыць рэдкае і экзатычнае кіно. Выбраны карціны з Індыі, Ірана, Пакістана, Узбекістана, Зімбабвэ і Рэспублікі Саха (Расія).
У склад журы XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю ўвойдуць вядомыя дзеячы і вядучыя эксперты ў галіне кіно міжнароднага класа.
Арганізатары «Лістапада» абяцаюць насычаную праграму. У рамках фестывалю, акрамя конкурсных і пазаконкурсных паказаў, будуць арганізаваны дні адкрытых дзвярэй на кінастудыі «Беларусьфільм». Таксама пройдуць творчыя сустрэчы і майстар-класы ад прафесіяналаў кінаіндустрыі.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!