Многія ведаюць чэшскага журналіста, літаратурнага і тэатральнага крытыка, перакананага антыфашыста Юліуса Фучыка, забітага гітлераўцамі 8 верасня 1942 года. Нават калі хто і не чытаў яго знакаміты «Рэпартаж з пятлёй на шыі», то памятаюць радок: «Людзі, я любіў вас. Будзьце пільнымі!» Так маглі б сказаць і мільёны мірных ахвяр нямецкага нацызму — расстраляных, павешаных, замучаных у засценках, спаленых жывымі. Аднак асабліва пераканаўчы голас тых, хто, змагаючыся з акупантамі, не здрадзіў Радзіме і трапіўшы ў рукі ворагаў. Сярод іх — і журналіст, паэт Іван Дзенісенка.
З вестак пра яго даваеннае жыццё няшмат. Ды і то дзякуючы Георгію Храмовічу, які ў вайну быў сакратаром Чэрыкаўскага падпольнага райкама партыі, а пасля камандзірам партызанскай брыгады. Ведаў яго з даваеннага часу. Нарадзіўся Іван Дзенісенка ў 1913 годзе ў вёсцы Наркі, цяпер Чэрыкаўскі раён. Калі памёр бацька, у пятнаццаць гадоў як старэйшы стаў кармільцам сям’і.
Скончыўшы ў 17 гадоў Чэрыкаўскую агульнаадукацыйную школу, нікуды не паступаў. Працаваў у сельскай краме, а потым — на адной з шахт у Днепрапятроўску (па іншых звестках — на шахце ў Данбасе). Паваротным у яго біяграфіі стаў 1933 год. Паступіў на завочнае аддзяленне інстытута замежных моў і ўладкаваўся на працу ў рэдакцыю раённай газеты «Сацыялістычная перамога». Прайшоўшы навучанне на курсах журналістаў у 1936–1937 гадах, вярнуўся ў Чэрыкаў. У 1939 годзе паехаў у Мінск, стаў супрацоўнікам газеты «Советская Белоруссия».
З 1937 года быў актыўным аўтарам і той жа «Советской Белоруссии», газет «Рабочий», «Сталинская молодежь» (сённяшняя «Знамя юности»). Знайшоў сваё месца і ва ўсесаюзных выданнях: газеты «Известия», «Труд». 1937 год — гэта ўжо не проста захапленне паэзіяй, якую рана палюбіў, а выступленне з вершамі ў друку. З’явіліся таксама паэмы «Егориха» (1937), «Семен Лагода» (1938), лірычныя цыклы пра каханне, дружбу, сяброўства «В разлуке», «Это не случайное свидание...».
Саюз пісьменнікаў Беларусі ў 1940 годзе запрасіў яго на семінар маладых паэтаў. Падрыхтаваў рукапіс сваёй першай кнігі, які ў 1941 годзе збіраўся аддаць у Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Ды не паспеў. Хапала штодзённых газетных клопатаў. Развітаўся з Мінскам, вярнуўся ў Чэрыкаў, працаваў сакратаром газеты «Сацыялістычная перамога».
Георгію Храмовічу ў даваенны час ён запомніўся «задумлівым, нешматслоўным, абаяльным». Задумлівасць, нешматслоўнасць — вынік цяжкай хваробы. Хварэў на рэўматызм, ды яшчэ сэрца непакоіла. Даводзілася шмат лячыцца, выязджаў і на поўдзень. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, калі б падаўся ў эвакуацыю, ніхто б не асудзіў. З такім здароўем на ўлік у ваенкамаце не ставілі. Ды Іван Дзенісенка быў тым сапраўдным камуністам, якія ў цяжкі для Радзімы час менш за ўсё думаюць пра сябе. Адседжвацца ў цішы не збіраўся.
Запісаўся добраахвотнікам у Чырвоную Армію, але часць, у якой ваяваў, трапіла ў акружэнне. Вырашыў дабірацца ў родныя Наркі. На радзіму, ледзьве жывы, вярнуўся толькі ў пачатку лістапада 1941 года. Хутка звязаўся з тымі, каму давяраў, пацікавіўся, як выйсці на сваіх. І ўжо ў канцы лістапада сустрэўся з Георгіем Храмовічам.
Спяшаўся не толькі атрымаць неабходныя ўказанні, але і падзяліцца зробленым. Ды Георгій Антонавіч і так ужо ад сувязных ведаў, што гэтыя некалькі тыдняў Дзенісенка не сядзеў склаўшы рукі. Недзе знайшоў радыёпрыёмнік, з перадач якога перапісваў зводкі Саўінфармбюро, а пасля лістоўкі з тэкстам распаўсюджваў у ваколіцах. І нават паспеў стварыць падпольную камсамольска-маладзёжную арганізацыю. Дарэчы, першую ў раёне.
Слова Георгію Храптовічу: «Глядзеў я на яго і думаў: адкуль у яго бяруцца сілы? Ён жа ледзь трымаецца на нагах. Але як здрыгануўся яго голас, як ён пакрыўдзіўся, калі я параіў яму перш за ўсё падлячыцца!
— Вы што, не давяраеце мне? — спытаў ён. — Я маю права змагацца з ворагам…
І я зразумеў, што самыя лепшыя лекі для яго ў гэтыя дні — барацьба, суровая барацьба з фашысцкімі акупантамі.
— Мы вам давяраем, — сказаў я, — і прапануем пайсці на работу ў Чэрыкаў...»
У гэты час райкам партыі падбіраў надзейных людзей, якія маглі б працаваць у акупацыйных установах. Кандыдатура Івана Дзенісенкі з яго веданнем нямецкай мовы асабліва падыходзіла.
— Працаваць на ворага? — ён не даў Георгію Антонавічу дагаварыць. — Ніколі!
Ледзьве ўгаварыў. Дамовіліся аб паролях, назвалі месца явак, прозвішчы тых, з кім выходзіць на сувязь. Калі ўзнікла пытанне аб падпольнай мянушцы, сам Іван Піліпавіч прапанаваў: Іон. Чаму — здагадацца няцяжка. Чым яно яму блізкае, сказаў у вершы «***У меня библейское имя...», напісаным у студзені 1940 года: «У меня библейское имя. // Верно, заповедано роком, //Не дорогой идти, а мимо <...>».
Стаўшы падпольшчыкам, устанавіў сувязь з падпольшчыкамі-палякамі і стварыў антыфашысцкую арганізацыю. Кіраваў ёю разам з начальнікам акруговай паліцыі Уладзімірам Гулянкам і палякам-інжынерам Кулям. Вялася разведвальная і дыверсійная работа ў Чэрыкаве, а таксама ў Прапойску, Крычаве, Рослаўлі. Распаўсюджваліся газеты і лістоўкі, якія паступалі з Вялікай зямлі. Партызаны атрымлівалі медыкаменты, соль, паперу, а часам і зброю. Здзейснілі падпольшчыкі некалькі буйных дыверсій. Так у Чэрыкаве былі знішчаны электрастанцыя, лесапільня, рамонтнамеханічныя майстэрні, пякарні.
Аднак не драмалі і ворагі. Таму, калі ў падполле паступілі звесткі, што яны ў небяспецы, Георгій Храмовіч загадаў тэрмінова адыходзіць у лес. Іван Дзенісенка згадзіўся, але папрасіў крыху пачакаць, каб узяць у палон начальніка палявой жандармерыі лейтэнанта Рыхтэра і гаўптмана Крэмпа. Не пашанцавала... Не толькі не захапілі іх, але і 5 чэрвеня 1943 года былі арыштаваны. Лічачы Івана Дзенісенку асабліва небяспечным злачынцам, яго трымалі асобна, выдзеліўшы для аховы цэлае падраздзяленне салдат. Следства вялося цэлы месяц. Яго падверглі нялюдскім катаванням. Білі жалезнымі прутамі і гумавымі дубінамі. Не дазвалялі спаць. Мучылі голадам, не давалі вады. Адмаўляўся не толькі ад прад’яўленых абвінавачванняў, але і ад наўянасці падпольнай арганізацыі. І нічога не гаварыў.
4 ліпеня 1943 года яго з Уладзімірам Гуленкам прысудзілі да смяротнага пакарання. Наступным днём смяротнікаў павезлі ў бок Крычава. У партызан, на жаль, не ставала сіл, каб напасці на гітлераўцаў. Аднак фашысты ўсё адно прынялі меры вялікай перасцярогі. Дзенісенка і Геленка з эсэсаўцамі знаходзіліся ў закрытай машыне. Рукі смяротнікаў былі звязаны, а з левага боку на грудзях зіхцелі чырвоныя зоркі. Іх збіраліся выкарыстаць у якасці своеасаблівых мішэняў. Следам ішлі дзве адкрытыя машыны з паліцэйскімі.
Страшныя фашыстам і іх памагатым Дзенісенка і Геленка былі і мёртвыя. Родных не пусцілі развітацца з імі, а ноччу целы кудысьці патаемна вывезлі. Так і засталося невядомым месца іх пахавання. А вось яго жонцы добрыя людзі перадалі перадсмяротнае пісьмо. Як і ў творчасці, ён карыстаўся рускай мовай. Некаторыя моманты з пісьма падаю ў сваім перакладзе.
Стан чалавека ў такі страшны момант, калі шляху назад няма і быць не можа, зразумелы. Зразумела і тое, як хочацца яму адкрытай споведзі, апошняй у жыцці. Тое, што прагучала ў Юліуса Фучыка: «Людзі, я любіў вас!», гучыць і ў Івана Піліпавіча, толькі прамаўляецца перад самымі блізкімі людзьмі: «Сёння я бачыў у сне свайго бацьку. <...>. Вось ён і бярэ мяне з сабой, мой стары, добры бацька. Мама, мілая мама! Даруй мне. Даруй мне, сястра Маруся. Бывайце, мае мілыя дзеці: Валюта, Коля, Лена. У вас быў бацька. У вас яго больш не будзе. Бывайце, родныя, сябры знаёмыя. Не сумуйце, бо калі-небудзь усім давядзецца памерці. Усе людзі паміраюць. Мая смерць — ад кулі. Вы калі-небудзь памраце сваёй смерцю. Усе мы будзем там. Мілая Леначка! Я спачуваю табе. Табе вельмі і вельмі цяжка. Але гора забудзецца. Беражы сябе, беражы сваё здароўе, беражы дзяцей, мілых, харошых дзяцей. Я іх больш не ўбачу. Не крыўдуйце, добрыя людзі, на тых, хто раней за вас адыходзіць у вечную дарогу».
І напамін Алене Іванаўне, які ўжо сам па сабе гучыць запаветам: «Дарагая жонка! Мая апошняя просьба: беражы дзяцей! Навучы дзяцей розуму, навучы, як жыць на свеце. Мілыя мае, дарагія мае. Жывіце шчасліва, будзьце здаровы! Не ўспамінайце ліхам таго, хто вас вельмі і вельмі любіў».
Перадсмяротны боль, які, здаецца, пранізвае цела. У лісце ён не хавае яго, але стараецца як бы абнадзеіць сябе: «Не страшна смерці. Страшна, пакуль жывы. А там, за смерцю, — нічога. Страшна таго болю, які выкліча смерць.
Што вам яшчэ сказаць? Нічога. Вы мяне ўжо не выратуеце. Ну, і прашу вас, не праклінайце мяне, не ўспамінайце ліхам». У той жа час клопат пра родных па-ранейшаму не пакідае: «Мілая Леначка! Едзь жыць куды-небудзь у вёску. Дапамогуць твае браты, дапаможа мама, дапамогуць добрыя людзі — як-небудзь пражывеш».
І вось апошнія радкі: «Бывайце. Няхай мяне не будзе. Але жыццё будзе працягвацца, жыццё будзе вельмі добрае, а я яго ўжо не ўбачу. Няўжо вас, мае дарагія, я ўжо не ўбачу больш? Вы, мабыць, і не ведаеце, што мне засталося менш часу да смерці? Усё адно! Бывайце, бывайце. Дасылаю вам сваё апошняе прывітанне. Цалую ўсіх тысячы разоў. Ваш Іван Дзенісенка».
Перадсмяротны ліст яго даўно знаходзіцца ў фондах Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Праўда, доўгі час не было першай старонкі.
Яе разам з вершам «Сосед», а таксама з апісаннем сну ад 4 ліпеня 1943 года і яшчэ адным творам — «Это снимок — память школьной жизни...» выявіў у іншай папцы Алесь Бельскі. Першы верш быў напісаны 21 чэрвеня 1943 года. Гэта 16 дзень знаходжання Івана Піліпавіча ў фашысцкіх засценках. Паколькі ён мае прысвячэнне «Моим сыновьям», яго таксама можна ўспрымаць як перадсмяротнае пісьмо.
Тады лёс Івана Дзенісенкі яшчэ канчаткова не быў вырашаны, але тыя зверствы, што чыніліся над ім, нічога добрага не абяцалі. Хацелася і некаму паспавядацца. Такога суразмоўніка ён знайшоў у турэмным двары:
За окном камеры моей
Клен стоит, едва скривившись станом.
Я прижмусь к решетке поплотней,
Говорок соседа слушать стану.
Хвалюецца, «Что он скажет, островерхий мой? // Что он слышит, прислонившись к тыну? // Может, скоро я уйду домой, // Может, скоро я навек загину?» І тут высвятляецца, што ў іх ёсць і агульнае. Клён гэтага і не хавае, таксама скардзячыся на свой лёс:
«Я сегодня под дождем промок
И потрепан ветром ураганным.
Ты, як я, забыт и одинок,
Ты опутан злобными врагами <...>».
Аднак не толькі скардзіцца, а ў нечым нават па-філасофску падыходзіць да гэтай сітуацыі. Прамаўляе тое, што пры безвыходнасці, у якой апынуўся Іван Дзенісенка, хоць часам узнімала яму настрой, наколькі гэта магчыма ў такіх крытычных абставінах: «Не тоскуй, приятель, не грусти: // Есть всему конец на этом свете. // Мне при жизни с места не сойти, // Ты — ходить не будешь после смерти». Яшчэ і абяцае клён, што, калі перажыве яго век, раскажа яго дзецям, якім добрым чалавекам быў.
Не толькі добрым, але і таленавітым, хоць не так і шмат напісаў. Але гэта відаць па тым, што дайшло да нас. Шмат таго, што пісаў у вайну, згубілася, нешта засталося ва ўрыўках. Штосьці захавалася выпадкова. Верш «Если имя твое — солдат» у 1963 годзе прыслаў у Крычаўскі краязнаўчы музей сын аднаго з нявольнікаў гестапаўскай турмы. А верш «Сосед» быў выкінуты праз акно. Так і захаваўся.
У Чэрыкаве на будынку колішняй турмы, дзе Іван Дзенісенка быў зняволены фашыстамі, устаноўлена мемарыяльная дошка. Гэта памяць пра яго — журналіста, паэта і мужнага патрыёта сваёй краіны.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!