Маладым мастакам — жывапісцам, графікам, аўтарам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — бывае цяжка заявіць аб сабе. Аднак ёсць тэмы, з дапамогай якіх моладзь звяртае на сваю творчасць увагу прафесіяналаў, у тым ліку ў галіне музейнай справы. Безумоўна, гаворка і пра тэму Вялікай Айчыннай вайны, якой у Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага, асабліва сёння, у гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у час, калі ідзе падрыхтоўка да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Штогод у нас праводзяцца разнастайныя конкурсы, выстаўкі, фестывалі, прысвечаныя гэтай тэме. Час ідзе, таму грамадства цікавіць, чым жыве моладзь, як яна мысліць, што ведае і якой уяўляе Вялікую Айчынную. Таму, бадай, і для самых першых спроб маладым мастакам даюцца пляцоўкі — не толькі школьныя і студэнцкія залы, але і музейныя, галерэйныя, каб выказалі думкі аб падзеях мінулага і да таго ж прадставілі свае работы перад шырокім колам гледачоў. Карысць такога вопыту для аўтараў-пачаткоўцаў вялікая.
Сёння насустрач маладым мастакам ідзе і адна з галоўных выставачных пляцовак краіны — Нацыянальны мастацкі музей. На мінулым тыдні тут адкрылася выстаўка работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кедышкі. Назва невялікай экспазіцыі — «Рэха вайны: галасы пакаленняў» — гаворыць сама за сябе. Удзельнікі прадставілі работы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, сюжэты, зразумелыя кожнаму: развітанне маці з сынам, які адпраўляецца на фронт, раненне салдата і дапамога медыцынская сястры, смерць байца... Усе выявы выразныя па змесце — да асаблівай метафарычнай вобразнасці ў творчасці маладыя аўтары пакуль не імкнуцца. Некаторыя творы расказваюць пра мірнае жыццё, і, зразумела, яны напоўнены ўспамінамі продкаў аб перажытым. Даніна памяці і павагі выказваецца кожным з аўтараў. «Юныя мастакі падыходзяць да адлюстравання ваенных сюжэтаў рознабакова, узнаўляючы ў работах як уласнае ўяўленне аб гераізме і самаахвяраванні, так і вобразы трагедыі, болю і шматлікіх ахвяр таго страшнага часу», — адзначаюць у музеі.
У стварэнні выстаўкі паўдзельнічалі 15 навучэнцаў каледжа пад кіраўніцтвам выкладчыка Валерыі Еляневіч. Працуюць яны ў тэхніках графікі і гуашавага, акрылавага і алейнага жывапісу.
Дарэчы, творы суправаджаюцца лаканічнымі апісаннямі — такім чынам аўтары расказваюць пра свае думкі і перажыванні, якія паўплывалі на стварэнне сюжэтаў.
— Нацыянальны мастацкі музей вельмі рады супрацоўніцтву з Мінскім дзяржаўным каледжам рамесніцтва і дызайну імя Мікалая Аляксандравіча Кедышкі, — адзначыла падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце Вікторыя Кузьміна. — Сёлета, вясной, было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве, і ўжо прайшло некалькі сумесных мерапрыемстваў, якія выклікалі станоўчыя эмоцыі ў гасцей музея. Напрыклад, праводзіліся незвычайныя майстар-класы падчас акцыі «Ноч музеяў» — крэатыўныя ідэі, ажыццёўленыя на нашай пляцоўцы, прывабілі наведвальнікаў. Адкрыццё выстаўкі «Рэха вайны: галасы пакаленняў» — кульмінацыя супрацоўніцтва, гэта знакавае мерапрыемства для краіны. Тэма Вялікай Айчыннай вайны дастаткова складаная, аднак мы бачым работы юных мастакоў, якія здолелі адчуць боль беларускага народа. Такое глыбокае разуменне трагічных падзей не можа застацца незаўважаным.
Выстаўка «Рэха вайны: галасы пакаленняў» будзе экспанавацца да 4 лістапада ў галоўным корпусе НММ. Куратарам выступае Маргарыта Каберна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу музея.
Яўгенія ШЫЦЬКА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!