Вы тут

Голас пакалення Максіма Лужаніна


З паэтычнай кайстры Максіма Лужаніна (сапр. Аляксандр Каратай; 02.11.1909–13.10.2001) набярэцца нямала вершаў, у якіх аўтар у філасофскіх роздумах імкнецца спраўдзіць адмеранае яму лёсам. Пацвердзяць гэтую сентэнцыю не толькі рыфмаваныя радкі.


 Максім Лужанін, 1969 г.

«Першамайская вуліца» (1932) — зборнік, экзэмпляр якога зберагаецца ў фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі), утрымлівае дарчы інскрыпт: «Петрусю Глебку. У дружбе міналіся дні, пісаліся кнігі. У дні нашай восені (няхай яна не прыходзіць) успомнім усё жыццё да апошняга радка. 7/Х 32 Максім Лужанін». 

У 1975-м, маючы за плячыма ўжо даволі важкую ношу — 66 гадоў, аўтар прымерваўся да новага творчага этапу:

Можа ў скрутнай гадзіне, 

мой клопат узважыўшы,

Скажуць:

рату яшчэ папрацуй, калі дуж.

Я падумаю, мусіць, згаджуся, 

таварышы,

Як там, часе, з умовай?

Бяруся за гуж. 

Рата, пра якую ішла гаворка ў вершы «Умова з часам», пацягнула яшчэ на чвэрць стагоддзя насычанай, плённай дзейнасці. 91 год жыцця і сёлетнія 115 з дня нараджэння. Дзве ўнушальныя лічбы, прымерваючы да біяграфіі чалавека.

Сёння ў пары творчай сталасці знаходзяцца тыя людзі, якія кантактавалі з пісьменнікам, наталяліся яго мудрым словам, будучы зусім маладымі. Прадстаўнікі старэйшай генерацыі майстроў пяра таксама гатовы сведчыць пра гады знаёмства і плённага супрацоўніцтва з патрыярхам літаратуры. 

Паплечнікамі Максіма Лужаніна былі паэты, што пачалі ўзыход на літаратурны Парнас у 1920-х гг.: Уладзімір Дубоўка, Сяргей Дарожны, Уладзімір Жылка, Уладзімір Хадыка, Тодар Кляшторны і інш. Сёлетні юбіляр працаваў поруч з Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Міхасём Лыньковым. Меў цесныя стасункі з сям’ёй Янкі Купалы, шмат гадоў быў сакратаром-рэферэнтам віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР Якуба Коласа…

Такім чынам, гэтае імя — Максім Лужанін, — якое прагучала разам з дэбютным вершам яшчэ ў 1925 годзе, на асобасным узроўні забяспечвае пераемнасць ідэйна-мастацкіх традыцый, лучыць розныя перыяды культурнага жыцця рэспублікі. 

Голас пакалення

Тэма паэта і паэзіі хрэстаматыйная для разгляду. У прыватным прызнанні яна раскрываецца па-свойму, па-свойску. Дарчы надпіс Ніне Глебка, датаваны 27 кастрычніка 1930 г., на асобніку паэмы «Неаплочаны рахунак», выдадзенай асобнай кніжкай у 1930 г.

Генерацыя новай фармацыі. У першым радзе сядзяць (злева направа) Мікола Хведаровіч, Максім Лужанін, Змітрок Астапенка, Васіль Сташэўскі, Алесь Звонак, Тодар Кляшторны. Стаяць: Пятро Глебка, Ізі Харык, Уладзімір Хадыка, 1931 г.

«Можа яно й так,

можа яно й гэтак,

што найлепшая з кветак

мак.

Ведаеш сама:

Цяжка быць паэтам.

Так?

Ніне — у знак маіх асабістых сімпатый.

Максім».

У самім творы на ўсю моц дэкларуецца сіла творчасці і гістарычная місія паэта. Першыя радкі «Неаплочанага рахунка»: 

Дзень нараджаецца.

Выбухнуў зніч.

Валяцца 

іскры

з крэсіў.

Гэта:

ізноў расцвітаюць агні

маіх

ненапісаных

песень.

Архітэктоніка працытаванага твора відавочна арыентаванана на вельмі папулярную ў той час візуальную арганізацыю друкаванага тэксту — знакамітую «лесвічку» трыбуна рэвалюцыі Уладзіміра Маякоўскага.

Паэтычны зборнік «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!» (1931) закліканы прадэманстраваць ідэйную платформу творчага пакалення бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года. Вершы скампанаваны ў раздзелы «Дужасць», «Дні спаткання са зброяю», «Крок ад лірыкі».

Максім Лужанін прад’яўляе максімалісцкія патрабаванні да асобы новай грамадскай фармацыі. Страфа з верша «Вясновы сігнал», метафарычна датаванага аўтарам — «12-я вясна Кастрычніка»:

Я хачу, каб пульсам уздрыгваў век,

каб быў чалавек, а не проста апара,

і каб тварыў жывы чалавек,

а не гальштук і піджачая пара.

Прыведзены ўрывак дазваляе прыпыніць увагу на важным аспекце ў творчай майстэрні аўтара. М. Лужанін пастаянна вяртаўся да напісанага і апублікаванага, увесь час нешта правіў. Гэта фактаграфічна ілюструюць рукапісныя зборы ЦНБ НАН Беларусі. Вось як выглядае згаданая вышэй страфа ў першым томе Збору твораў у чатырох тамах (1979 год):

Трэба ж, каб пульсам уздрыгваў век,

Каб жыў чалавек, а не кіслая рошчына,

І каб тварыў жывы чалавек,

А не гальштук і дзве калошыны. 

Паэтычныя радкі-плакаты генерацыі барацьбітоў з верша «Дзень гневу» (снежань 1930 г.):

Нервы,

цягліцы,

твар

голас —

нам апалілі

паходаў вятры.

У-ух!

Як здорава

б’ецца моладасць

ўзмахам

дужых

нястрымных

крыл.

Сталасць і праца

Вогненныя саракавыя гады, пасляваенны час кардынальна мяняюць эўфанічны і вобразна-выяўленчы рэгістр паэзіі М. Лужаніна. З творчым рахункам гэтага жыццёвага перыяду знаёміць зборнік памеру кішэні салдацкай гімнасцёркі — «Шырокае поле вайны» (1945):

Мне здалёк па табе сумавалася часта,

Я хацеў аднаго —

каб да стрэчы дажыць.

І вось — 

горад маленькі.

На стрэхах купчастых

штосьці шэрымі ніткамі шыюць 

дажджы.

(«На вызваленай зямлі»).

Вершаваны, перакладчыцкі ўмалот шчодра збіраўся ў нізкі і зборнікі. Спраўна з’яўляліся ў друку кароткія апавяданні і аповесці, артыкулы М. Лужаніна. 

Паэмныя вехі творчасці нітаваліся ў ліра-эпічныя палотны, сярод якіх нельга не згадаць асабліва адметныя ў жанравым плане, апрабаваныя гадамі мастацкіх пошукаў, моўнай шліфоўкі: «Кладкі Градоўскага» (1949), «Сілівонавы прыгоды» (1952–1969) — «паэма з усмешкаю»; «Хто робіць пагоду» (1959) — «нібыта казка»; «Шумігайцы» (1953–1959), «Матчын дом» (1969), «Волжскі сшытак» (1957–1958), «Як нараджаўся новы свет» (1957–1973).

Дарчы надпіс аўтара «Колас расказвае пра сябе» (1982) Яўгеніі Пфляўмбаўм.

Проза багацела вобразнай палітрай, падказанай памятнымі сустрэчамі, навеянай філасофскімі развагамі, грамадска-культурнымі клопатамі: лірычныя мініяцюры ў прозе (іншае жанравае вызначэнне — абразкі) «Дванаццаць вячорных вогнішчаў» (1946–1976); аповесць-эсэ «Колас расказвае пра сябе» (1964); крытычны агляд рэчаіснасці ў ЗША «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» (1968, 1971)…

Шанаваць і памятаць

Творчыя пуцявіны таленавітага аўтара звязаны з літаратурнымі аб’яднаннямі і аднайменнымі часопісамі — «Маладняк» і «Узвышша», газетай «Звязда», часопісам «Вожык», кінастудыяй «Беларусьфільм». 

На рахунку грамадскай дзейнасці М. Лужаніна — шэраг пачэсных абавязкаў дзяржаўнага ўзроўню: дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1967–1985), член беларускай дэлегацыі на ХХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1968). 

Праца на карысць Радзімы адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 2-й ступені, Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі; Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Малдаўскай і Літоўскай ССР.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1969), заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1975).

Вялікі жыццёвы і творчы багаж пісьменніка адклаўся ў архіўныя зборы. Аб’ёмісты персанальны фонд вядомага аўтара — 2577 адзінак захоўвання — сёння знаходзіцца ў ЦНБ НАН Беларусі. Пра яго спарадкаванне і вопіс рупілася вопытны спецыяліст Марына Ліс. 

Бачыць малое, спазнаваць вялікае

Між зацемак пісьменніка на схіле веку:

«15 лютага 98 г. Жэніна кветка, цыкламен, апошняй наквеці якога яна так і не дачакалася, праз год успомніў свае абавязкі, зацвіў. І цвіце трэці месяц. Спачатку, амаль у адзін дзень, выбухнуў цэлы букет, не менш за дзесяць кветак. Калі якая ападала, на яе месца вылазіла новая. Цяпер забялелі дзюбкі яшчэ ў дзвюх наквеццяў. 

Кожную раніцу наведваюся да іх і заўважаю, што ў самым нізе завязваецца некалькі зусім маленькіх. Хочуць зірнуць на свет божы. І глянуць, калі ў цыбуліны хопіць клёку падняць іх».

Дзённікі Максіма Лужаніна, якія ўтрымліваюць і рэфлексіі на актуальныя падзеі асабістага, грамадскага жыцця, і ўспаміны пра мінулае, апрацаваны ў фондах ЦНБ НАН Беларусі толькі часткова. Знаёмства з імі аўтара гэтых радкоў пераконвае: яны могуць стаць
адметным хранографам у спазнанні ўласна аўтара, асобных постацей мінулага, а таксама гістарычных перыядаў жыцця краіны. 

Стыль запісаў спецыфічна пісьменніцкі — з багатай палітрай фарбаў, шырокім дыяпазонам эмоцый, пераказам драматычных і анекдатычных сітуацый у былой творчай грамадзе. Напярэдадні і пасля сыходу Яўгеніі Пфляўмбаўм, мудрай жонкі і таленавітай дарадцы, паболела мінорных нотак. Чытаеш гэтыя зацемкі і не можаш не адчуць эмоцый пісьменіка. Не пакідае раўнадушным ні датклівая сузіральнасць усяго, што побач, ні дыхтоўнасць слова, якое засталося нам ў спадчыну ў шматлікіх мастацкіх творах прызнанага майстра — Максіма Лужаніна. 

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук 

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фондаў ЦНБ НАН Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.