Вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Магілёўскай вобласці былі падведзены на выязным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай у Кіраўску. Пасяджэнне адбылася на базе ААТ «Рассвет ім. К. П. Арлоўскага». Удзел у ім прынялі сенатары, прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады, Маладзёжнага парламента, грамадскіх арганізацый.
— Работа са зваротамі грамадзян прыярытэтная ў нашай дзейнасці, — падкрэсліла Наталля Качанава напачатку сустрэчы. — Гэту форму мы выкарыстоўваем пастаянна, таму што законы, як кажа наш Прэзідэнт, павінны ісці ад зямлі.
Спікер верхняй палаты падкрэсліла, што ў краіне выразна выбудавана работа са зваротамі грамадзян. І эфект вялікі. Але жыццё ідзе і ўзнікаюць новыя пытанні. І ў іх трэба вельмі ўважліва разбірацца.
— Людзі на прыём прыходзяць розныя, — аргументавала Старшыня Савета Рэспублікі. — Да ўсіх трэба ставіцца з павагай і цярпеннем. Выслухаць і ўзяць на заметку. З пытанняў, якія да нас паступаюць, фарміруюцца ў тым ліку і прапановы па змяненні ў законы. Калі ёсць новыя выклікі ці праблемы, гэта трэба рабіць.
Вельмі эфектыўная форма, якую практыкуе Савет Рэспублікі, — гэта правядзенне адзінага дня прыёму грамадзян у рэгіёнах. Нядаўна такі адбыўся ў Магілёўскай вобласці. Савет Рэспублікі азнаёміў прысутных з вынікамі такой работы за апошнія два гады. Як адзначыў у сваім дакладзе загадчык аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і ўнутраным кантролю Сакратарыята Савета Рэспублікі Максім Шэко, колькасць зваротаў да сенатараў зніжаецца, але назіраецца рост паўторных і калектыўных. На першым месцы пытанні ЖКГ, землекарыстання, землеўпарадкавання.
Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Дзядкоў дэталёва расказаў, якая праводзіцца работа з насельніцтвам у рэгіёне. Яна досыць эфектыўная. Па выніках разгляду зваротаў у 2022-2023 гадах, станоўча вырашаны шэраг значных для жыхароў вобласці пытанняў у сферы жыллёва-камунальнага будаўніцтва і інжынерна-транспартнай структуры, прынятыя меры па паляпшэнні якасці пасажырскіх перавозак, даступнасці аказання медыцынскай дапамогі. Сёння ў прыярытэце тая ж тэматыка — жыллёва-камунальная гаспадарка, архітэктура і будаўніцтва, жылы фонд, землеўпарадкаванне і землекарыстанне, гандаль і спажывецкі рынак, транспарт, праца, занятасць насельніцтва, ахова працы, сацыяльнае і пенсійнае забеспячэнне.
Вопытам работы з насельніцтвам падзяліліся прадстаўнікі райсавета, сельсаветаў. Наталля Качанава ўхваліла форму работы Крычаўскага райсавета з органамі тэрытарыяльнага грамадскага савета — актыўнымі прадстаўнікамі насельніцтва. Яна лічыць, што гэты вопыт павінен быць распаўсюджаны і на іншыя рэгіёны. Бо гэта форма працуе на папярэджанне скаргаў і стварэнню згоды ў грамадстве.
— Мы павінны захаваць мір і стабільнасць у краіне, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — У краіне шмат чаго робіцца для таго, каб жыццё было камфортным і спакойным. Прэзідэнтам пастаўлена задача адкрываць прадпрыемствы, развіваць эканоміку. У гэтым годзе наша эканоміка вельмі добра спрацавала. Гэта бачна па таму, як працуюць сацыяльныя праграмы. Двойчы павышаліся пенсіі, падоўжаны тэрмін дзеяння сямейнага капіталу, пашыраны магчымасці яго прымянення. Укладаюцца вялікія сродкі ў будаўніцтва дарог, жылля. Пра гэта таксама павінна ведаць насельніцтва. Бо ўсё, што робіцца, накіравана выключна на росквіт нашай краіны і рост дабрабыту людзей. Пра гэта вельмі важна помніць у такі неспакойны час, калі вакол краіны ідзе нагнятанне абстаноўкі, вядуцца спробы ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы. Трэба ўсяму гэтаму супрацьстаяць.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Рассвет ім. К. П. Арлоўскага» Аляксандр Багель падкрэслівае, што работа з насельніцтвам дапамагае адчуваць настрой грамадства.
—Трэба быць уважлівым к прапановам людзей, калектываў, без гэтага нельга, — заўважае ён. — Розныя пытанні паступаюць — зямельныя спрэчкі, непаразуменне з суседзямі, дрэнныя дарогі. Яны вырашаюцца, магчыма, дзесьці на іх не паспелі прарэагаваць. Шмат пытанняў вырашаюцца ў працэсе. Калі людзі пачынаюць запісвацца на прыём да сенатара, выканкамы імкнуцца зняць праблему яшчэ да прыёму. Гэта нядрэнна, бо людзі задаволеныя.
Пасля пасяджэння Наталля Качанава наведала мемарыяльны комплекс ў вёсцы Боркі, дзе прыняла ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак да памятнага знаку «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». А затым наведала палацава-паркавы ансамбль Булгакаў у аграгарадку Жылічы, які быў адноўлены па інвестпраграме «Культура Беларусі».
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота: БелТА
Кіраўск
Аб чым яшчэ ішла размова на выязным прэзідыуме Савета Рэспублікі ў Кіраўску, чытайце ў бліжэйшым выпуску «Мясцовага самакіравання»
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.