Вы тут

Ігар Сергяенка адкрыў у Паставах новы дзіцячы дом сямейнага тыпу


У горадзе Паставы Віцебскай вобласці адкрылі новы дзіцячы дом сямейнага тыпу, які стаў другім такім аб’ектам у раёне. Урачыстае адкрыццё сімвалічна адбылося напярэдадні 7 лістапада, калі дзяржава ўжо па добрай традыцыі робіць людям падарункі ў выглядзе новых сацыяльных аб’ектаў. Чырвоную стужку на парозе новага дома дзеці перарэзалі разам са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігарам Сергяенкам.


Неабходнасць будаўніцтва другога дзіцячага дома сямейнага тыпу на Пастаўшчыне ўзнікла ў пачатку 2023 года і абумоўлена недастатковай колькасцю і перапоўненасцю прыёмных сем’яў, немагчымасцю забяспечыць сумеснае пражыванне братоў і сясцёр са шматдзетных сем’яў, якія засталіся без апекі бацькоў. Новы аб’ект разлічаны на пражыванне 10 дзяцей, у тым ліку з абмежаванымі магчымасцямі. 

На адкрыцці дзіцячага дома сямейнага тыпу Ігар Сергяенка заўважыў, што яшчэ ў 1998 годзе пачала рэалізоўвацца прэзідэнцкая праграма «Дзеці Беларусі». І новы аб’ект у Паставах — гэта яшчэ адна цаглінка ў рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне. Такі дом — ужо другі ў Паставах і адначасова 275-ы ў Беларусі. Гэта сведчыць аб вялікай увазе, якая сёння ўдзяляецца выхаванню дзяцей, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што заканадаўчая база выразна прапісана ў Кодэксе аб сям’і і шлюбе, у прыватнасці, хто можа быць бацькамі-выхавацелямі. Разам з тым сёння ў Палаце прадстаўнікоў разглядаюцца змяненні ў Кодэксе аб адукацыі. Адна з прапаноў, якая паступіла, — аднесці бацькоў-выхавацеляў да педагагічных работнікаў, паколькі яны займаюцца выхаваннем дзяцей, маюць адпаведную падрыхтоўку, самаадукацыю. 

З віншаваннямі да навасёлаў звярнуўся і старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў. «З боку дзяржавы аказваецца ўсялякая падтрымка, каб такія сем’і, як ваша, ні ў чым не мелі патрэбу і дзеці былі па-сапраўднаму шчаслівыя, акружаны клопатам і любоўю і адчувалі бацькоўскі плячо і ласку», — сказаў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны. 

Бацькамі для тых, каму патрэбна падтрымка і любоў, стала сям’я Пупкевічаў, якія ўжо выхавалі траіх сваіх і дваіх прыёмных дзяцей. А калі апошнія былі гатовыя да самастойнага жыцця, прынялі ў сям’ю яшчэ семярых — дзетак асаблівых, з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Размаўляючы з Луцыяй і Валерыем Пупкевічамі, Ігар Сергяенка адзначыў, што трэба мець вялікае сэрца і любіць дзяцей, каб узваліць на сябе такі груз адказнасці, і гэта заслугоўвае самай высокай павагі і ацэнкі. 

Многія з пастаўчан уразіліся ўчынкам сям’і. Яго параўноўваюць з бацькоўскім подзвігам, калі кожны дзень трэба змагацца за жыццё падапечных, вучыць найпростым навыкам, цяплом і клопатам растапіць іх страх перад навакольным светам. Таму ўдзячных слоў і пажаданняў у гэты дзень Валерый і Луцыя пачулі шмат, а самі не пераставалі дзякаваць усім, хто падарыў сям’і новы дом. 


У гэты дзень у рамках рабочага візіту ў Пастаўскі раён Ігар Сергяенка наведаў Пастаўскі ільнозавод і правёў сустрэчу з працоўным калектывам. У мінулым годзе на прадпрыемстве завяршылася мадэрнізацыя, якая працягвалася 12 гадоў. Па словах дырэктара Алены Юрынёнак, год таму з дзяржаўнай падтрымкай устанавілі новае абсталяванне, што паспрыяла паляпшэнню фінансава-эканамічных паказчыкаў і павышэнню зарплаты работнікаў. Завод сам нарыхтоўвае сыравіну, якую потым самастойна перапрацоўвае, у гэтай галіне сёлета таксама высокія паказчыкі — прадпрыемства сабрала рэкордны ўраджай аб’ёме 6200 тон. У перспектыве — асваенне вытворчасці смесавых нітак. «Дзяржава сёння падтрымлівае прадпрыемствы, якія займаюцца перапрацоўкай такой культуры як лён. Асноўная затратная частка пры вырошчванні лёну — гэта набыццё угнаенняў і дызельнага паліва. І тое, і другое фінансуецца дзяржавай. Пры здачы валакна нам таксама ідзе кампенсацыя ў залежнасці ад нумара», — адзначыла дырэктар ААТ «Пастаўскі льнозавод». 

«Немалаважна, што амаль тры гады тут працуе новы кіраўнік —энергічная жанчына, якая здолела аб’яднаць калектыў і наладзіць на працу. Вытворчыя паказчыкі пайшлі ў лепшы бок, як і заработная плата. Адсюль і настрой людзей. Сёння гэтаму прадпрыемству патрэбна дапамога дзяржавы, але неабходна працаваць над тым, каб павышаць якасць той прадукцыі, якую мы сёння выпускаем», — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў у размове з журналістамі. 

Падчас сустрэчы таксама ішла размова аб рабоце парламента нашай краіны, эканамічнай і сацыяльнай палітыцы дзяржавы, забеспячэнні міру і будучых выбарах Прэзідэнта. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

Сілавыя структуры

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.