Жаночыя раманы — асаблівы і даволі цікавы феномен, які, магчыма, чакае пэўнага асэнсавання з пункту гледжання ўплыву на чытачоў.
З аднаго боку, гэты кірунак па вызначэнні нібыта абмяжоўвае чытацкае кола. А з іншага, у час, калі кажуць пра агульнае зніжэнне ўвагі да кнігі, сам факт таго, што гэта даволі запатрабаваны варыянт чытва, сведчыць пра яшчэ не страчаныя надзеі на чалавека ў дачыненні да кнігі. Бо, калі чытаюць жанчыны — жонкі, маці, бабулі, — гэта цудоўны прыклад для тых, хто жыве побач і глядзіць на іх у гэты момант. Нават калі яны чытаюць выключна пра каханне (а ці гэта не адна з вечных і несканчоных тэм у сусветнай літаратуры?), сам факт існавання чалавека з кнігай у руках можа выхоўваць, зараджаць аптымізмам і натхняць.
А сёлета ў Беларусі цікавасць і ўвага да такіх кніг падмацавана яшчэ і адмысловай адзнакай: Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют» атрымала Алеся Кузняцова за раман «Калі трашчыць лёд». І ўжо вядома, што спыняцца не збіраецца: ёсць другі — «Рускі пасадобль», на падыходзе трэці — «Святло за гарамі». Наогул запланавана серыя з пяці кніг пад агульнай назвай «Адна сустрэча, якая перавярнула ўсё жыццё» — грунтоўны падыход для дэбютанткі.
— Алеся, наколькі прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі для вас важнае? Бо да гэтага ў вас былі ўзнагароды ў Расіі.
— Чалавек, які не абапіраецца на моц сваёй краіны, на яе рэсурс і патэнцыял, — нібыта дом без падмурку ці дрэва без каранёў. Але калі чалавек дакладна разумее, хто ён ёсць, якое яго месца на сваёй зямлі, то паняцце радзімы для яго — асаблівае. Яно трапяткое, нездарма ж фраза «няма прарока ў сваёй айчыне» людзі звычайна кажуць з вялікім болем. Гэта боль чалавека, які не можа рэалізоўвацца на сваёй радзіме. Дык вось я той шчаслівы чалавек, які можа рэалізоўвацца на радзіме і які атрымлівае падтрымку сваёй краіны. Гэта вельмі каштоўна і важна — ад гэтага вырастаюць крылы. З’яўляецца разуменне таго, што ты можаш. Атрымліваеш вялікую матывацыю ствараць далей.
Другі момант — высокая ступень адказнасці, таму што Нацыянальная літаратурная прэмія — гэта вяршыня, да якой многія літаратары ідуць не адзін год і, магчыма, нават не адно дзесяцігоддзе. Але мне аказалі давер — беларускае грамадства, літаратары, члены камісіі (не ведаю, хто прымаў гэтае рашэнне), — і я з трапятаннем і адказанасцю стаўлюся да таго, што мая кніга атрымала перамогу ў намінацыі «Дэбют». Я разглядаю гэта як аванс, які беларускае грамадства выдала мне як аўтару. Гэта значыць, што цяпер я павінна даказаць, што гэта напраўду быў толькі дэбют, і паказаць добры вынік у будучыні. Таму я пішу, у мяне шмат задум. Працягваю развівацца і вельмі радуюся таму, што чытачоў у мяне становіцца ўсё больш.
— Вас ведалі па рабоце ў шоу-бізнесе дзякуючы папулярнасці Арт-групы «Беларусы». Праца прадзюсера і дырэктара музычнага калектыву патрабуе часу і аддачы. Але калі пісаць раманы?..
— Першапачаткова пісьменніцтва было для мяне як хобі, якое давала аддушыну. Увесь мой графік звязаны з пастаяннымі пераездамі, сустрэчамі, неабходнасцю прымаць рашэнні. А што такое праца пісьменніка? Гэта адзінота, цішыня, магчымасць заплюшчыць вочы і падумаць. Ты сам-насам з сабой. Вядома, абапіраешся на свой досвед, на чужыя гісторыі, якія даводзілася чуць ці назіраць у жыцці. Але пісаць я стала ўсё ж для сябе. Дапамагла пандэмія: у нас тры месяцы не было канцэртаў. Я падумала, што любая складаная сітуацыя можа стаць пунктам росту для чалавека: раптам гэтая паўза ў гастрольнай дзейнасці дадзена для таго, на што ў звычайным жыцці ў мяне не было часу? Тады я вырашыла дыстанцыйна асвоіць адразу некалькі курсаў. І нечакана трапіла на вэбінар для пісьменнікаў. Аказалася, гэта вельмі займальна! Вырашыла асвоіць поўны курс у Маскве. Патроху пачала пісаць, але зусім не планавала гэта публікаваць. Але калі мне прапанавалі нешта прадставіць на конкурс, то падумала: чаму б не паспрабаваць? А калі ўбачыла сваё прозвішча ў лонг-лісце расійскага конкурсу «Кнігатэрапія», дзе ўдзельнічала маё першае апавяданне, перажыла сапраўдны шок. Тады падумала пра раман…
— Атрымліваецца, што ў беларускую прастору ён прыйшоў з-за мяжы...
— Свой раман я спачатку сапраўды апублікавала на інтэрнэт-платформе «Літрэс». Быў позні вечар... Раніцай прачынаюся — у мяне інфармацыя ад «Літрэс» пра першую пакупку кнігі «Калі трашчыць лёд»... Мой першы раман некалькі месяцаў быў хітом продажу на гэтай расійскай платформе, атрымаў шмат водгукаў з розных гарадоў, трапіў у агляды кніжных блогераў. І нават перамог у конкурсе «Каханне паміж радкоў» у намінацыі «Найлепшы сучасны любоўны раман» на рускамоўнай пляцоўцы «Літрэс». На кнігу прыязна адрэагавалі і расійскія кніжныя блогеры. І што мне вельмі дапамагло — пісьменніцкія чаты, у якіх удзельнічаюць і пачаткоўцы, і паспяховыя аўтары, у каго ўжо не адна выдадзеная кніга.
Мы дзелімся інфармацыяй адзін з адным. Я пазнаёмілася з пісьменнікамі, якія жывуць у розных краінах, адчула падтрымку.
У той момант, калі зразумела, што ўсё атрымалася, ува мне ўключыўся прадзюсар, і я падумала пра тое, як рэкламаваць кнігу. Таму што з рознымі рынкамі працуюць па адной і той жа тэхналогіі. Калі ты ўмееш прэзентаваць і прадаваць кагосьці ці нешта, то зможаш гэта рабіць у любой галіне, бо ёсць разуменне, як падкрэсліць моцныя бакі, як знайсці мэтавую аўдыторыю. Дадаткова я ўзяла яшчэ майстар-класы па прасоўванні кнігі.
Але галоўнае — у мяне ёсць патрэба пісаць і мець сваю чытацкую аўдыторыю. Мне падабаецца, што ўсё развіваецца нібы само па сабе, без майго ўдзелу. Звычайна гавораць, што аўтар павінен напісаць кнігу, потым знайсці выдавецтва, доўга грукацца ў дзверы, прасоўваць гэтую кнігу і шукаць сваіх чытачоў. А ў мяне ўсё атрымалася наадварот: я адпусціла кнігу ў свет (у электронным выглядзе), і мне сталі пісаць людзі з розных гарадоў, якія яе прачыталі...
Няўжо я магла ўявіць, што выйду на расійскі рынак і знайду першых чытачоў менавіта там? Што атрымаю прапанову аб супрацоўніцтве ад Саюза пісьменнікаў Беларусі? З яго старшынёй Алесем Карлюкевічам мы былі знаёмыя раней па музычных імпрэзах і прэзентацыях кніг, у якіх брала ўдзел Арт-група «Беларусы». Але пра мой першы раман ён даведаўся таму, што сочыць за навінкамі ў літаратурным свеце, папрасіў пачытаць... Пасля прапанаваў выдаць кнігу — так я стала аўтарам аднаго з найбуйнейшых выдавецтваў Беларусі. А яшчэ праз некаторы час на мяне выйшлі прадстаўнікі буйнога расійскага выдавецтва і прапанавалі супрацоўніцтва. Былі перамовы, і два выдавецтвы знайшлі кампраміс. Як я зразумела, гэта адзін з першых выпадкаў, калі расіяне пайшлі на тое, каб супрацоўнічаць з пісьменнікам, які паралельна з’яўляецца аўтарам іншага выдавецтва ў сваёй краіне. Яны збіраюцца выдаць серыю маіх кніг.
— Некаторыя баяцца зрабіць нават крок убок, а вы, ужо будучы чалавекам паспяховым, не пабаяліся пайсці ў іншую галіну дзейнасці…
— Дык мне ж не ўпершыню! Па спецыяльнасці я журналіст, але 20 гадоў таму рэзка змяніла сферу дзейнасці на прадзюсарства. Пачынала фактычна з нуля, бо аб прасоўванні музыкі не ведала нічога. Але мой муж музыкант, скончыў кансерваторыю, потым перайшоў на эстраду. І я стала асвойваць прафесію музычнага прадзюсара, каб дапамагчы яму зрабіць папулярным новы гурт, які з’явіўся ў Беларусі. Не баялася прасіць дапамогі ў незнаёмых людзей, многія адгукаліся. У выніку Арт-група «Беларусы» праехала з гастролямі па розных гарадах нашай краіны, выступала ў Расіі, у краінах Прыбалтыкі. Праект аказаўся паспяховым. І мой досвед дырэктара і прадзюсара цяпер аказаўся вельмі каштоўны для работы над кнігамі: я сустракала шмат розных людзей з цікавымі лёсамі і драматычнымі асабістымі гісторыямі. Магчыма, гэта адыграла сваю ролю ў тым, што мне захацелася выказацца. Наогул, шоу-бізнес — бясцэнная скарбніца ідэй для кніг розных жанраў.
А калі па шчырасці, то я не разлічвала на такі поспех. Спачатку гэта было для мяне прыемнае баўленне часу.
Мне было цікава прадумваць сюжэтныя лініі, разважаць, што можа здарыцца з героямі далей. Мы часта абмяркоўвалі гэта з мужам за кубкам кавы: на ім тэсціравала, наколькі ўдалыя сюжэтныя хады, — ён як чалавек творчы падтрымаў маё жаданне пісаць. А гэта вельмі важна, бо той, хто спрабуе нешта новае, павінен адчуваць за сабой надзейны тыл. Мне пашчасціла і з каханым, і з сынамі: тры нашы хлопцы — творчыя людзі і дапамагаюць мне ў рабоце па афармленні вокладак кніг, афіш сустрэч і прэзентацый. Мае блізкія мелі дачыненне і да запісу аўдыякнігі «Калі трашчыць лёд», якую агучыў Руслан Чарнецкі.
— Лічыцца, што літаратура — спецыфічны прадукт, з якім складана працаваць на рынку. Аўтар жа заўсёды спадзяецца, што яго твор будзе запатрабаваны…
— Наш свет мяняецца вельмі хутка, і кніга, каб быць запатрабаванай, павінна адказваць на ўнутраныя пытанні сучаснага чалавека. Другі момант: адказваючы на гэтыя пытанні, яна павінна даваць магчымасць крыху аддыхацца, адпачыць ад нашага рытму жыцця, пераключыцца з уласных праблем на праблемы выдуманых герояў.
І, можа быць, нават даць нейкія падказкі, якія ўчынкі можна зрабіць у той ці іншай сітуацыі. Мы можам пражыць чужыя эмоцыі, каб убачыць, якія ёсць выхады з падобных сітуацый, што адбываюцца ў нашым жыцці. Мастацкая літаратура заўсёды давала прыклады паводзін: калі ты зробіш як гэты персанаж, з табой здарыцца нешта падобнае, а ў іншай кнізе ў такой жа сітуацыі героі зрабілі не такі выбар і атрымалі не такі вынік. Прачытаўшы пэўную колькасць кніг на адну тэму, чалавек атрымлівае некалькі сцэнарыяў развіцця падзей, некалькі выхадаў з розных сітуацый, ён можа прымяніць іх у сваім жыцці. Таму, на маю думку, мастацкая літаратура будзе заўсёды запатрабавана. Іншая справа — у якім варыянце, таму што тэхналогіі развіваюцца. Гэта, дарэчы, дапамагае і аўтарам, бо тая ж электронная кніга дазваляе ўбачыць і ўдасканаліць тэкст. У той час як друкаваны варыянт — гэта вывераная ва ўсіх адносінах кніга.
Са здзіўленнем даведалася, што чытачы за мной сочаць у сацсетках, назіраюць і за канцэртнай часткай жыцця — яна ім таксама цікавая. Мы з мужам адкрылі свой уласны прадзюсарскі цэнтр «Залатыя галасы» ў 2009 годзе, я з’яўляюся яго дырэктарам, маем дачыненне да арганізацыі многіх канцэртаў і фестываляў. Дзеля таго, каб рабіць гэта як мага больш эфектыўна, захацелася атрымаць прафесійную адукацыю рэжысёра канцэртаў — цяпер у мяне ёсць другі дыплом. Я ведаю практычны бок справы, як арганізаваць работу, якую не бачыць глядач. І гэта веды, якія таксама дапамагаюць у рабоце з кнігамі. Вельмі часта, калі мы арганізоўваем нейкі фестываль, то ў яго межах ладзім літаратурную гасцёўню. Мне вельмі падабаецца, што ў нас нацыя, якая чытае. Я прыязджаю ў любы горад — там працуюць бібліятэкі, у якія прыходзяць людзі, у тым ліку моладзь: творчыя сустрэчы праходзяць заўсёды пры поўных залах.
Ларыса ЦІМОШЫК
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
«Машынай хто заўгодна можа кіраваць».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.