Вы тут

Адкуль пачынаецца гісторыя Навагрудскага вучылішча?


Гісторыя Навагрудскага вучылішча бярэ пачатак з сярэдзіны XVII ст., калі ў горад па запрашэнні літоўскага ваяводы Хрыстафора Хадкевіча прыбылі манахі-дамініканцы. У 1624 годзе ў самым цэнтры горада быў пабудаваны драўляны касцёл св. Яцэка (кананізаванага каталіцкай царквой дамініканскага місіянера). Праз 100 гадоў на месцы старога драўлянага касцёла быў пабудаваны новы мураваны касцёл у стылі барока. У 1751-м храм пацярпеў ад моцнага пажару. Аднавілі яго толькі ў 1805 годзе. Біскуп Валянцін Валчэцкі асвяціў яго ў гонар архангела Міхаіла, захавальніка і абаронцы Навагрудка. Побач з касцёлам быў пабудаваны манастыр, дзе была арганізавана дамініканская школа ці, як часам казалі, Калегіюм дамініканаў.


Гравюра адлюстроўвае від на дамініканскі касцёл і манастыр з боку Гандлёвай плошчы. Злева — касцёл (захаваўся да нашага часу). За ім — дамініканскае вучылішча, якое размяшчалася на тэрыторыі манастыра. У будынку вучылішча пазней размяшчаўся клуб, а потым, у пачатку 1860-х гг., — публічная бібліятэка (будынак не захаваўся). Справа, з другога боку вуліцы, — асабняк Радзівілаў (не захаваўся)

Гэта школа знакамітая тым, што з 1807 па 1815 гады ў ёй вучыліся два самыя вядомыя ўраджэнцы Навагрудчыны — паэт Адам Міцкевіч і фалькларыст Ян Чачот.

Міцкевіч, дарэчы, вучыўся добра. З чацвёртага класа імя Адама, як выдатніка, было ўнесена ў спецыяльны рапарт. У 1815 годзе ён скончыў Навагрудскую дамініканскую школу і атрымаў дыплом, які абвяшчаў: «Усім, хто павінен пра гэта ведаць, мы сведчым, што пан Адам Міцкевіч на працягу года хадзіў у шосты клас нашай Навагрудскай дзяржаўнай школы, да ўсіх навук ставіўся старанна і нічога не рабіў супраць маральнасці, а наадварот, адзначаўся набожнасцю і бездакорным паводзінамі». Пасля заканчэння вучобы выпускнікі школы мелі права вучыцца ў Віленскім універсітэце.

Большасць вучняў, якіх звалі студэнтамі, жылі каля школы пры кляштары ў келлях. Раніцай у 6 гадзін звінеў званок для прабуджэння студэнтаў, а ў палове сёмай — на кароткую службу. А сёмай гадзіне быў сняданак.

Лекцыі праходзілі з 8.00 да 10.00, а потым быў вялікі перапынак да 14.00, прызначаны для асабістых спраў студэнтаў і абеду. Днём лекцыі працягваліся з 14.00 да 16.00. Астатак дня быў прысвечаны дамашняму заданню і гульням.

Лепшыя вучні мелі права сесці на першыя лаўкі. Акрамя таго, яны насілі спецыяльныя адзнакі: вучні, якія вучыліся на выдатна — кукарду, якія вучыліся добра — стужкі за веданне спецыяльных прадметаў: чырвоную — добрае веданне рэлігіі, сінюю — латынь, жоўтую — матэматыка.

У 1832 годзе, пасля паўстання 1830-1831 гадоў, дамініканская школа была зачынена, а ў 1834 годзе пераўтворана ў гарадское вучылішча, затым у гімназію. У 1858 годзе манастыр быў зачынены. У 1864 годзе ў Беларусі не засталося дамініканцаў.

Прыкладна ў гэты ж час на грошы мясцовага дваранства для вучылішча будуецца новы каменны будынак «каля самых валоў старога замка, на маляўнічым узгорку, на адным узроўні з крапаснымі сценамі», дзе вучылішча і затым гімназія будуць размяшчацца да самага закрыцця.

У сярэдзіне пяцідзесятых гадоў там навучалася каля 100-120 выхаванцаў. Курс пяцікласных дваранскіх вучылішчаў адпавядаў першым пяці курсам гімназій, і вучні гэтых вучылішчаў прылічаліся да гімназістаў. Нягледзячы на тое, што вучылішчы называліся «дваранскімі», туды прымалі дзяцей з усіх саслоўяў, а не толькі з дваран (хоць на практыцы, вядома, дваранскіх дзяцей была абсалютная большасць). Здавалася б, арганізацыйныя адрозненні іх ад гімназій былі невялікія. Тым не менш, выкладчыкі там атрымлівалі менш, чым у гімназіях, карысталіся меншымі службовымі правамі і ў цэлым займалі як бы прамежкавае становішча паміж гімназічнымі і павятовымі настаўнікамі.

Трэба сказаць, што Навагрудак да таго часу прыйшоў у заняпад і ўяўляў сабой невялікае мястэчка Паўночна-Заходняга краю імперыі. Ці ледзь не галоўную яго вартасць бачылі ўгледжвалі ў тым, што ён ляжыць у маляўнічай мясцовасці. Пра славу старажытнай сталіцы Вялікага княства Літоўскага нагадвалі толькі дзве напаўразбураныя вежы замка, якія тады, як і сёння, узвышаліся на ўзгорку над горадам. Жыццё кіпела тут толькі падчас штогадовага кірмашу 19 сакавіка. Увесь астатні час Наваградак быў пагружаны ў сон. Пісьменнік Вінцэсь Каратынскі, ураджэнец гэтых мясцін, які ў чарговы раз наведаў Навагрудак у 1858 годзе, паўжартам заўважыў: тут настолькі ціха, што няма нават вулічнай шпаны, гэтага няшчасця любога больш-менш буйнога горада. 

На канец 1850-х гг. у Навагрудку пражывала каля 6 тыс. чал., з якіх 40% складалі яўрэі, 20% — католікі і 35% было праваслаўных, г. зн. беларусы. У той жа час у цэлым па Навагрудскім павеце доля праваслаўных (у пераважнай колькасці сялян-беларусаў) перавышала 70 працэнтаў. Такая структура гарадскога і сельскага насельніцтва была тыповая і для іншых паветаў гэтага краю.

Калі казаць пра штодзённыя клопаты гараджан, то трэба адзначыць, што ў Навагрудку адсутнічалі крыніцы пітной вады (з-за яго размешчанасці на высокіх узгорках), і яе даводзілася купляць у вадавозаў, якія напаўнялі бочкі ў наваколлі і потым везлі ў горад на конях.

У гэтым рэгіёне склалася своеасаблівая сітуацыя, калі вышэйшыя пласты грамадства цалкам складаліся з палякаў, сярэднія (гарадскія — гандлёвыя і рамесныя) пласты — з яўрэяў, а велізарная сялянская большасць насельніцтва — з беларусаў. Хоць паўночна-заходнія губерні фармальна з’яўляліся часткай Расіі і не ўваходзілі ў Царства Польскае, але ў культурных і палітычных адносінах тут дамінавалі мясцовыя палякі, якія лічылі гэтую тэрыторыю сваёй спрадвечнай вотчынай, несправядліва адарванай правінцыяй Польшчы. Уся інтэлігенцыя краю, усё больш-менш адукаванае яго насельніцтва размаўляла на польскай мове. Беларуская мова заставалася доляй толькі сялян; нават мясцовае праваслаўнае духавенства ў побыце вельмі часта гаварыла па-польску.

Вось чаму летам 1858 года Міністэрства народнай асветы прыняло рашэнне рэфармаваць пяцікласныя дваранскія вучылішчы, унесці змены ў адукацыйны працэс: некаторыя з іх былі зачынены, а некаторыя, у тым ліку і навагрудскае, пераўтвораны ў сямікласныя гімназіі. Для Навагрудка гэта была значная падзея; яна палепшыла матэрыяльнае становішча мясцовых педагогаў і значна павысіла прэстыж навучальнай установы. Адкрыццё гімназіі адбылося 1 верасня 1858 года і суправаджалася адпаведнай нагодзе цырымоніяй, на якую быў запрошаны і літаратар Каратынскі. У лістападзе таго ж года ён апублікаваў у варшаўскай «Gazeta Codzienna» нататку «Навагрудчына і Навагрудак», дзе, у прыватнасці, апісаў цырымонію адкрыцця гімназіі.

Урачыстасці пачаліся ў дзевяць гадзін раніцы, калі ўвесь штат гімназіі — 15 чалавек выкладчыкаў і адміністрацыі, а таксама 174 вучні — накіраваліся ў былы дамініканскі касцёл. Пасля імшы ксёндз Ф. Бядржынскі, школьны каплан, сказаў належную прамову на «выразнай і правільнай мове». А трэцяй гадзіне дня выкладчыкі, вучні і запрошаная публіка сабраліся ў школьнай зале. Законанастаўнік праваслаўнага веравызнання святар Іаан Ігнатавіч Чудоўскі асвяціў будынак і звярнуўся да прысутных з кароткім словам. Затым выступіў «пасівелы, але яшчэ бадзёры» князь Канстанцін Радзівіл, які на працягу многіх гадоў быў ганаровым наглядчыкам вучылішча і распараджаўся грамадскімі ахвяраваннямі. Затым выступіў дырэктар вучылішча В. Лебедзеў.

Пасля дырэктара слова было дадзена выкладчыку Міхаілу Аляксеевічу Дзмітрыеву, і ён прачытаў даклад, прысвечаны сучасным тэндэнцыям у рускай літаратуры. Гэтыя тэндэнцыі, на яго думку, былі такія: «надышоў разрыў з класіцызмам, адбываецца злучэнне з народнымі элементамі і інтарэсамі чалавецтва».

Увечары князь Радзівіл запрасіў да сябе настаўнікаў гімназіі, а таксама некаторых жыхароў і гасцей горада. Пералічваючы імёны педагогаў — інспектара і выкладчыка вышэйшай матэматыкі Э. Бяляўскага, гісторыі П. Чайкоўскага, натуральнай гісторыі і польскай мовы Р. Кабецкага, рускай літаратуры М. Дзмітрыева — Каратынскі заўважае, што «ўсе гэтыя людзі — маладыя, таленавітыя, поўныя любові да навукі і гатоўнасці да працы на грамадскай ніве».

Артыкул Каратынскага фіксуе для нас, у прыватнасці, вобраз М. А. Дзмітрыева ва ўсёй чароўнасці яго маладосці. Навагрудскі перыяд жыцця Дзмітрыева быў і самым прадуктыўным для яго этнаграфічных заняткаў. Менавіта тут, у Навагрудку, у 1854-1860 гг., ён запісвае асноўную масу фальклорных тэкстаў, якія потым будзе публікаваць, жывучы ў працуючы ўжо ў Санкт-Пецярбургу, усё жыццё да самай смерці.

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.

Сацыяльная падтрымка

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Падведзены вынікі акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы»

Сабраны мільёны рублёў, але самае галоўнае — увага і клопат