Вы тут

У што ператварылася перадвыбарная гонка ў ЗША?


Амерыканскія выбаршчыкі выказваюць сур’ёзныя апасенні наконт стану дэмакратыі. Аб гэтым сведчаць вынікі апытання The New York Tіmes і Sіena College, паведаміла ТАСС. У той жа час 75 працэнтаў апытаных мяркуе, што дэмакратычнае кіраванне знаходзіцца пад пагрозай, а звыш 60 працэнтаў упэўна, што ўрад больш служыць інтарэсам эліты, чым грамадства ў цэлым. Больш за палову рэспандэнтаў (58 працэнтаў) лічаць, што палітычнай сістэме краіны патрэбны сур’ёзныя рэформы ці поўная перабудова. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць рост незадаволенасці на фоне складаных эканамічных умоў, высокага ўзроўню інфляцыі і палярызацыі грамадства, што асабліва яскрава праявілася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У што ператварылася перадвыбарная гонка ў ЗША?


538 выбаршчыкаў

Літаральна праз некалькі дзён — 5 лістапада — у ЗША пройдуць прэзідэнцкія выбары — мабыць, самыя непрадказальныя ў сучаснай гісторыі. Вельмі верагодна, што другі раз за XXІ стагоддзе — і шосты раз за ўсю гісторыю Злучаных Штатаў — пераможцам стане кандыдат, які не набраў большасці галасоў выбаршчыкаў. Уся справа ў асаблівасцях выбарчай сістэмы ЗША. Вось ужо некалькі стагоддзяў амерыканскія выбаршчыкі на прэзідэнцкіх выбарах фактычна галасуюць не за саміх кандыдатаў, а за выбаршчыкаў, якія абавязваюцца падтрымаць кандыдата, які перамог у штаце.

У кожнага штата ёсць пэўная колькасць выбаршчыкаў, роўная суме яго прадстаўнікоў у Кангрэсе — сенатараў (заўсёды два) і членаў Палаты прадстаўнікоў, колькасць якіх вар’іруецца ў залежнасці ад насельніцтва штата. Усяго выбаршчыкаў 538, і для перамогі аднаму з кандыдатаў неабходна пераадолець адзнаку 270 галасоў. У пераважнай большасці штатаў дзейнічае правіла «пераможца атрымлівае ўсё»: калі кандыдат адной партыі набраў, напрыклад, 51 працэнт галасоў, а яго сапернік — 49 працэнтаў, то ўсе да аднаго голасу выбаршчыкаў ад гэтага адыдуць першаму. Выключэнне складаюць толькі Небраска і Мэн: там выбаршчыкі размяркоўваюцца па змешаным прынцыпе, адзначае lenta.ru.

Цяпер інстытут выбаршчыкаў выглядае архаічным і ўсё часцей падвяргаецца крытыцы як з боку простых выбаршчыкаў, так і з боку юрыстаў, палітолагаў і палітычных актывістаў Праціўнікі калегіі выбаршчыкаў сцвярджаюць, што, для таго каб ЗША маглі па праве называць сябе прадстаўнічай дэмакратыяй, прэзідэнцкія выбары павінны стаць прамымі, а перамагаць у іх павінны тыя, хто набярэ большасць галасоў простых выбаршчыкаў па ўсёй краіне.

«Мёртвыя душы» і «Каруселі»

Цяпер вынікі усенароднага галасавання не адыгрываюць асаблівай ролі: адзін кандыдат можа набраць больш галасоў простых выбаршчыкаў, але пры гэтым саступіць апаненту па галасах выбаршчыкаў і тым самым прайграць прэзідэнцкія выбары. Так здарылася, напрыклад, з Альбертам Горам у 2000-м і Хілары Клінтан у 2016-м. Гісторыя ведае не менш чым 15 прыкладаў, калі прэзідэнтамі ЗША станавіліся палітыкі, якія набралі менш за 50 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў: сярод іх — Гары Трумэн, Рычард Ніксан, Джон Кенэдзі і Біл Клінтан.

Менавіта таму кандыдаты гатовыя адступіцца галасамі выбаршчыкаў у традыцыйна «чырвоных» (рэспубліканскіх) і «сініх» (дэмакратычных) штатах (бо ім і так дастануцца ўсе іх выбаршчыкі), замест гэтага кідаючы сілы і рэсурсы на заваяванне «вагальных» штатаў. Гэта выклікае зразумелае абурэнне і апатыю сярод астатніх амерыканскіх выбаршчыкаў: выходзіць, што іх галасы не адыгрываюць істотнай ролі. Іншы прадмет незадаволенасці — розніца ў «курсе» галасоў: напрыклад, на голас аднаго выбаршчыка ў Каліфорніі прыпадае прыкладна 680 тысяч галасоў звычайных выбаршчыкаў, а ў Ваёмінгу ў 3,5 раза менш — усяго 190 тысяч, адзначае партал 270toWіn.

Як адзначыў gazeta.ru палітолаг Пётр Колчын, архаічнасць і адсталасць саміх выбарчых механізмаў садзейнічалі фарміраванню шырокага абшару для рознага роду маніпуляцый. Палітычныя і эканамічныя эліты ЗША актыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс для падтрымкі сваіх кандыдатаў. Напрыклад, падчас выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе быў выяўлены шэраг маштабных фальсіфікацый: паштовае галасаванне, дзе Байдэн паказаў анамальна высокія вынікі, галасаванне «мёртвых душ» (з’яўляліся бюлетэні ад ужо памерлых выбаршчыкаў), традыцыйныя «каруселі» (падвоз падстаўных выбаршчыкаў) і нават крадзяжы бюлетэняў. Асабліва інтэнсіўныя махінацыі былі ў «вагальных» штатах, дзе Трамп і Байдэн ішлі з мінімальным адрывам.

Пытанне аб міжнародных назіральніках, якое ЗША вельмі актыўна ўзнімаюць у дачыненні да сваіх апанентаў, амерыканскія выбарчыя камісіі практычна не хвалявала. Законы шэрагу рэгіёнаў нават не меркавалі іх удзел. У 2020-м для назірання былі запрошаныя міжнародныя назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека пры АБСЕ ў колькасці некалькіх дзясяткаў чалавек на шматмільённую краіну. Але нават прадстаўнікі праамерыканскай назіральнай арганізацыі былі вымушаны прызнаць, што фінансаванне кампаній кандыдатаў было зусім непразрыстым, а ў 18 штатах міжнародных назіральнікаў не пусцілі на выбарчыя ўчасткі. У Тэхасе іх пагражала арыштаваць мясцовая пракуратура.

«Пра якую дэмакратычнасць і транспарэнтнасць выбараў можа весціся гаворка ў такіх умовах, — адзначыў Пётр Колчын. — „Эталонная дэмакратыя“ даўно стала зламаным механізмам, максімальна далёкім ад прынцыпаў народнага волевыяўлення, празрыстасці і галоснасці». Палітычная сітуацыя ў ЗША з’яўляецца не дэмакратыяй, а катастрофай, з яе смяецца ўвесь свет. Аб гэтым раней заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Журналісты на допыце

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што допыт расійскіх журналістаў «Известий» у аэрапорце ЗША супярэчыць прынцыпам свабоды СМІ. Ён дадаў, што для Расіі гэта непрымальна. "Пасля выканання ўсіх фармальнасцяў, усіх працэдур па атрыманні ўсіх дазволаў на ўезд такое стаўленне да журналістаў супярэчыць прынцыпам свабоды СМІ. І, вядома, для нас гэта з’яўляецца непрымальным«,— сказаў Дзмітрый Пяскоў падчас прэс-кола.

Як вядома, 29 кастрычніка ў аэрапорце Вашынгтона адправілі на допыт здымачную групу «Известий», якая прыбыла ў ЗША для асвятлення прэзідэнцкіх выбараў. Паведамляецца, што журналістаў падвергнулі шматгадзінным допытам. Аператара са здымачнай групы трымалі на граніцы дзесяць гадзін, пасля чаго яму адмовілі ва ўездзе ў ЗША.

Амерыканскія СМІ знаходзяцца ў жаху ад ходу выбарчай кампаніі ў ЗША, таму адмаўляюцца ад традыцыі падтрымліваць каго-небудзь з кандыдатаў у прэзідэнты краіны, адзначыла падчас брыфінгу афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава, паведаміла РІА «Новости». Паводле яе слоў, амерыканскі народ пакутуе «ад вар’яцтва, у якое ператварылася амерыканская ўнутры- і знешнепалітычная сістэма». «Нават гэтыя традыцыі, вы бачыце, зайшлі ў тупік таму, што яны, па-мойму, з жахам адрынулі ад таго, што бачаць і што зараз у ЗША адбываецца», — падкрэсліла Марыя Захарава. Яна адзначыла, што падчас выбарчай кампаніі ў ЗША назіраюцца «дзікая рыторыка» і раздробленасць грамадства.

Раней амерыканская газета USA Today адмовілася падтрымаць каго-небудзь з кандыдатаў на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Да гэтага Los Angeles Tіmes, якая амаль 20 гадоў падтрымлівала Дэмакратычную партыю, абвясціла, што сёлета не будзе выказвацца за каго-небудзь з кандыдатаў. 

The Washіngton Post таксама ўпершыню з 1988 года не будзе выступаць у падтрымку кандыдата. З-за гэтага WP ужо страціла больш за 200 тысяч падпісчыкаў.

Паток абраз

Прэзідэнцкая гонка ў Злучаных Штатах ператварылася ў не што іншае, як бясконцы паток нападак і абраз, пазбаўлены ўсялякага сэнсу. Такое меркаванне выказаў аглядальнік газеты The Wall Street Journal (WSJ) Дэніэл Хенінгер, паведаміла ТАСС. «На завяршальнай стадыі перадвыбарная гонка 2024 года стала зусім негатыўнай падзеяй, пазбаўленай зместу», — напісаў ён. Журналіст прывёў у прыклад параўнанне рэспубліканца Дональда Трампа з Гітлерам і сцвярджэнні аб тым, што кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Камала Харыс «дурная». Пры гэтым, на думку журналіста, больш за ўсіх абражаным у гэтай сітуацыі павінен адчуваць сябе амерыканскі выбаршчык і, у прыватнасці, прыхільнікі Трампа.

На думку Хенінгера, палітычныя каментатары часта мяркуюць, што іншыя павінны думаць гэтак жа, як і яны, і прыраўноўваюць усю Рэспубліканскую партыю да Трампа. Аднак, калі нехта назваў Трампа «фашыстам», нельга лічыць мільёны грамадзян, якія падтрымліваюць рэспубліканцаў, «фашыстамі».

28 кастрычніка, выступаючы на адкрыцці перадвыбарчага мітынгу Трампа ў Нью-Ёрку, амерыканскі комік Тоні Хінчкліф няўдала пажартаваў, назваўшы Пуэрта-Рыка «плывучым смеццевым востравам». Перадвыбарчы штаб кандыдата ад Рэспубліканскай партыі адхрысціўся ад слоў артыста.

29 кастрычніка Байдэн заявіў, што пуэртарыканцы — добрыя людзі, а «адзінае плывучае смецце», якое ён бачыць у гэтай краіне, — прыхільнікі Трампа. Пазней прэзідэнт паспрабаваў змякчыць сваё выказванне, заявіўшы, што пад смеццем меў на ўвазе словы коміка, якія распальваюць нянавісць у адносінах да лацінаамерыканцаў. Прыхільнікі Трампа назвалі абразы Байдэна ў свой адрас агіднымі. На іх думку, Байдэн назваў смеццем палову насельніцтва ЗША.

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп праехаў па Вісконсіне на смеццявозе. Пра гэта паведамляе CNN. Экс-прэзідэнт ЗША сядзеў у смеццявозе з лагатыпам Трампа ў Грын-Бі (штат Вісконсін) і сказаў іранічна: «Як вам мой смеццявоз? Гэта ў гонар Камалы і Джо Байдэна». Фота і відэа гэтага апублікавалі многія сусветныя СМІ.

Прадчуванне грамадзянскай вайны

Прадстаўнікі абедзвюх партый у Кангрэсе ЗША выказваюць апасенні наконт магчымага ўсплёску палітычнага гвалту ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Аб гэтым паведаміў партал Axіos са спасылкай на заканадаўцаў. Як лічаць апытаныя парталам дэмакраты, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп «амаль напэўна» захоча апратэставаць вынікі выбараў, калі ён пацерпіць паражэнне. На іх думку, гэта можа прывесці да беспарадкаў па ўсёй краіне ці нават да новага штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа, як гэта было ў студзені 2021 года.

У той жа час рэспубліканцы адзначаюць, што «рэальная пагроза» з’явіцца ў тым выпадку, калі віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс прайграе і дэмакраты не змогуць змірыцца з перамогай Трампа. Рэспубліканец Дон Бэкан зазначыў, што верагоднасць гвалту «вышэйшая, калі Трамп пераможа». На фоне падобных апасенняў, паведаміў Axіos, праваахоўныя органы на федэральным і мясцовым узроўнях ужо пачалі ўзмацняць меры бяспекі ў Вашынгтоне напярэдадні дня выбараў, а паліцыя Капітолія правяла вучэнні па эвакуацыі пацярпелых.

Тым часам стала вядома, што больш за чвэрць амерыканцаў апасаюцца, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне можа пачацца грамадзянская вайна. Пра гэта паведаміла РІА «Новости» са спасылкай на газету The Tіmes, якая прыводзіць вынікі апытання кампаніі YouGov. Пры гэтым 84 працэнты апытаных заявіла, што дзяржава стала больш раз’яднанай.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.