Вы тут

Што пісалі пісьменнікі-дэлегаты пра Народны Сход Заходняй Беларусі


Восемдзесят пяць гадоў таму, 28–30 кастрычніка 1939 года, у будынку гарадскога тэатра Беластоку адбыўся Народны Сход Заходняй Беларусі, на якім аднагалосна была зацверджаная Дэкларацыя па пытанні аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Сярод дэлегатаў гэтага з’езда меліся і беларускія пісьменнікі. Што ж яны пакінулі ва ўспамінах і мастацкіх творах пра тую знакавую для нашага народа падзею? Давайце разам паглядзім...


«Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание»

«Дні беспрасвецця 

ў нябыт адышлі,

Сонца ўзыходзіць над краем.

Вольныя людзі раскутай зямлі,

Песняю вас мы вітаем.

Збіты кайданы чорнае ночы,

Сцёрты старыя скрыжалі.

Смела наперад, 

люд наш рабочы,

К шчасцю ў шырокія далі...»

Гэты верш народны паэт Беларусі Якуб Колас прымяркоўваў менавіта да Народнага сходу, і надрукаваны ён у газеце «Звязда» 28 кастрычніка 1939 года. Для Якуба Коласа падзел Беларусі быў вялікай трагедыяй, бо па той бок мяжы апынуліся яго радзіма і частка яго сям’і. Таму Колас адным з першых вітаў уз’яднанне. І ўжо 8 кастрычніка 1939 года ў складзе брыгады беларускіх пісьменнікаў выехаў у Беласток для правядзення творчых вечароў і ўдзелу ў падрыхтоўцы да выбараў у Народны сход. Менавіта Якуб Колас гаварыў прывітальнае слова да яго дэлегатаў.

Якуб Колас

Свае ўражанні ад Народнага сходу Якуб Колас выказаў у лісце да паэта і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага 2 лістапада 1939 года: «Вчера возвратился из поездки в Западную Белоруссию. Ездил в составе делегации от трудящихся Советской Белоруссии для приветствия Народного собрания. Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание. Мне никогда еще не случалось видеть такой съезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида... Меня также глубоко взволновало и то обстоятельство, что белорусский народ не забыл и своих певцов, меня и Купалу, и выразил нам огромную свою признательность... Я встретил много лиц, рассказавших о своём жизненном пути. Сколько тем для поэта и писателя!..»

«Аб нашай сустрэчы на вольнай і ўз’яднанай нашай роднай беларускай зямлі»

«Ты з Заходняй, я з Усходняй

Нашай Беларусі,

Больш з табою ўжо ніколі

Я не разлучуся».

На з’яднанне Беларусі адгукнуўся і Янка Купала. Разам з Якубам Коласам ён ездзіў у кастрычніку ў Беласток, сустракаўся з літаратарамі Заходняй Беларусі. Стаў ён і дэлегатам Народнага сходу. Вось што ўспамінае пра сустрэчу з ім паэт Міхась Машара:

«І вось, калі пасля вызвалення Заходняй Беларусі на Народным сходзе ў Беластоку 28 кастрычніка 1939 года мне сказалі, што на сходзе прысутнічае Янка Купала, — я не адразу паверыў у гэта. Той дзень у маім жыцці быў днём неспадзяваных сустрэч. Тут я ўпершыню пазнаёміўся з Аляксеем Сурковым і Аляксандрам Твардоўскім. Толькі расстаўся з імі, як да мяне падышоў Пятрусь Броўка.

Янка Купала

— Зараз пазнаёмлю цябе з Янкам Купалам, — сказаў ён.

Сэнс гэтых слоў не адразу дайшоў да маёй свядомасці. Янка Купала — чалавек, з якім можна было гаварыць у начной цішыні астрожных адзіночак, з якім можна было сябраваць толькі ў думках і марах, цяпер увасабляўся ў рэальнага чалавека.

Я не паспеў добра разабрацца ў агарнуўшых мяне думках і пачуццях, як ужо стаяў перад высокай постаццю нашага народнага песняра. Ён працягнуў мне руку і нешта гаварыў пра толькі што прачытаны мой верш. Я стаяў перад ім, паціскаў яго руку і не мог нават слова прамовіць ад хвалявання і разгубленасці.

У мяне ў руках быў дэпутацкі блакнот. Янка Купала ўзяў яго і, адышоўшы крыху да акна, напісаў на першай старонцы: «Дарагому Міхасю Машару на памяць аб нашай сустрэчы на вольнай і ўз’яднанай нашай роднай беларускай зямлі. Шчыра жадаю поспеху ў жыцці і працы. Янка Купала».

«Усё гэта вылівалася аж за берагі»

Да вызвалення Заходняй Беларусі Піліп Пестрак паспеў зведаць пекла панскіх турмаў напоўніцу — ад перанесеных катаванняў страціў усе валасы, займеў невылечныя хваробы... І з жонкай сваёй пазнаёміўся ў вязніцы — яна таксама была камсамолка і падпольшчыца. 17 верасня 1939 года Піліп і Анастасія сустрэлі ў гарадзенскай турме. Даведаўшыся пра наступленне Чырвонай Арміі, вязні пачалі выломваць замкі на дзвярах камер. І Пестрак змог праз краты турэмнага калідора працягнуць руку каханай: «І так упершыню нашы рукі даткнуліся адна да адной».

Піліп Пестрак

Пасля перажытае Піліп Пестрак апіша ў рамане «Сустрэнемся на барыкадах». Раман заканчваецца тым, як галоўныя героі, Андрэй і яго каханая Надзя, едуць на Народны Сход Заходняй Беларусі як члены паўнамоцнай камісіі.

«Ад Народнага Сходу засталіся ў вушах толькі адны воплескі і крыкі „ўра“... Безупынныя воплескі. Аж душа ўжо не магла іх стрымліваць. Там гаварыліся прамовы, прымаліся рашэнні аб нацыяналізацыі фабрык, заводаў, банкаў, зямлі, лясоў, рэк і азёр. Галоўнае, была радасць, было захапленне ад сустрэчы з усходнімі свабоднымі братамі. Усё гэта вылівалася аж за берагі. Хацелася толькі глядзець на іх, доўгачаканых, усміхацца і вітаць узрывамі радасці. Кожны ў душы гаварыў: „Навошта тут афіцыйныя пастановы? І так усё даўно ясна. Усё зразумела само сабою“. Але пастановы, безумоўна, патрэбны. Гісторыя народа ёсць вялікая кніга, якую трэба дапісаць, давесці да ведама ўсіх, пакінуць патомкам.

Надзя шаптала на вуха бледнаму як палатно ад бяссонніцы Андрэю. Ён быў у сваім горадзе старшынёю акруговай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў у Народны Сход і стомлены пасля бяссонных начэй прыехаў на сход як дэпутат. Надзя шэпча яму на вуха:

— Глядзі, вунь сядзіць першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі.

— Дзе, дзе? — замітусіўся Андрэй.

— Вунь, у ложы, пасярэдзіне…

Андрэй прыгледзеўся да смуглявага чалавека з чорнымі вачыма і чорнымі бровамі, у ваеннай форме. Ён сядзеў сярод ваенных, найбольш з ромбамі на пятліцах мундзіраў».

Гаворка ідзе пра першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнку — зразумела, Пестрак апісвае ўласныя ўражанні. Выказаўся ён і ў вершах:

«Рубеж крывавы змыт.

Дзяржаўны крок грыміць.

Свабодных дзён краса 

у зорах пяцікутных

Да сонца сцеле шлях 

для радаснай зямлі,

Руйнуе ўсе сляды 

народнае пакуты».

«Паслаў народ ад шэрых стрэх сялянскіх хатаў...»

Першая кніга вершаў Міхася Машары з’явілася, калі паэт сядзеў у турме, віленскіх Лукішках — дзякуючы паэтцы Людвіцы Войцік, якая насіла яму перадачы і спарадкавала перададзеныя з няволі аркушыкі з вершамі ў зборнік «Малюнкі». Надышло 17 верасня 1939 года. Міхася Машару землякі на сходзе працоўных Шаркаўшчыны вылучылі кандыдатам у дэлегаты Народнага сходу ў Беластоку, потым за яго дружна прагаласавалі — бо ўсе ведалі паэта-змагара з бядняцкага хутара. Ён браў удзел у Народным сходзе, потым у сесіі Вярхоўнага Савета СССР, дзе прымалася рашэнне аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза. Тады ж быў напісаны верш «Прывітанне»:

«Нашу ў грудзях 

я сонечнае шчасце,

У сэрцы радасці ніяк мне 

не стрымаць;

Не маю слоў, каб радасць гэту

ў рыфмы ўкласці

І гэта шчасце песні перадаць...

Учора быў батрак, 

бяспраўны і галодны,

Нялюдскі здзек,

жывое гора апяваў...

А сёння вось на Сход народны

У Савет Вярхоўны —

Народ мяне паслаў.

Паслаў народ ад шэрых стрэх 

сялянскіх хатаў,

Ад закапчоных труб 

фабрычных гарадоў,

Дзе польскі пан быў дваццаць

год ўладарным катам,

Дзе здзек гуляў і кпіў фашыст 

з людскіх правоў, —

А сёння там — народ ўладар

І Край Саветаў!

Мяжа не дзеліць 

болей Беларусь,

Я горды тым, што мне, 

бяздомнаму паэту,

Радзімай стаў увесь 

вялікі наш Саюз!»

Міхась Машара

Гісторыю напісання гэтага верша, усхвалявана-няроўнага, распавёў сам Міхась Машара ў сваіх успамінах. Яму падказаў ідэю Пятрусь Броўка там жа, на Народным сходзе, дзе Машару абралі дэлегатам у Маскву. Броўка пачаў віншаваць паэта з гэтым:

«— Кажуць, што еду, аднак, мне ніяк не верыцца ў гэта, — адказаў я.

— Як гэта не верыцца? Сам чытаў. Стаіш трэцім у спісе ўпаўнаважаных. Тут ужо ніхто не зменіць, раз пастанавіў Народны Сход, едзеш, браце. Адкінь усякі сумніў. Я вось што хачу параіць табе, як паэту: напішы добры верш. Прывітальны верш Маскве.

Я задумаўся. Пятрусь нецярпліва кранае мяне рукой за плячо:

— Чаго задумаўся? Хіба тэмы не маеш?

— А думаеш, што тэма, як паклічаш, дык адразу — з’явіцца? Не, у мяне з гэтым цяжкавата, я — тугадум, тэму прывык вынашваць, — ціха прызнаўся яму.

— Сам ведаю гэта. А ты вось што зрабі — вазьмі эпіграфам радкі з Маякоўскага, з верша пра савецкі пашпарт:

„Читайте,

завидуйте,

Я — гражданин

Советского Союза!“

Удумайся ў гэтыя радкі, і яны дапамогуць адшукаць патрэбную тэму. А каб ты не забыўся іх, дай запішу ў твой дэпутацкі блакнот. Толькі ўжо напружся, усе сілы збяры, каб верш быў што трэба. Галоўнае, старайся, каб быў шчыры і цёплы. Жадаю табе, браце, шчаслівай дарогі і поспеху ў Маскве.

Пётр Усцінавіч паціснуў мне руку і пайшоў знаёміцца з Беластокам, а ў мяне на сэрцы зрабілася радасна і цёпла. Такую спагаду і людскую шчырасць я сустракаў упершыню ў жыцці і ад чалавека, якога першы раз сустрэў тут, на Народным Сходзе».

І сапраўды, эпіграф з Маякоўскага пачынае верш Міхася Машары «Прывітанне», як і раіў Пятрусь Броўка.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».