Карэлічы, Карэліцкі край, старажытны Мір — багатая асветніцкая прастора. Частка Навагрудскай зямлі, Карэліччына, дала сілу, дала талент і натхненне многім пісьменнікам. З гэтай старонкай звязаны імёны народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, літаратуразнаўца Уладзіміра Калесніка, паэта Рамана Тармолы, дзіцячага пісьменніка і паэта Міколы Бусько і іншых таленавітых мастакоў слова. На Карэліччыне здаўна шануюць прыгожае пісьменства, друкаваную кнігу.
Яркай падзеяй у асветніцкім жыцці Карэліч і Карэліцкага раёна з’яўляецца Міжрэгіянальны фестываль-конкурс «ПРОдвижение книги. Библиотечные ступени», які сёлета, 22 лістапада, пройдзе ў гарадскім пасёлку па адрасе: Карэлічы, плошча 17 Верасня, дом 8 ужо ў пяты раз. Пачатак — а 11-й гадзіне. Арганізатар кніжнага, бібліятэчнага свята — Карэліцкая раённая бібліятэка. Па традыцыі ўдзел у мерапрыемстве прыме і Выдавецкі дом «Звязда», які заўсёды прэзентуе на «ПРОдвижении...» свае навінкі. У ранейшыя гады ўдзельнікамі свята былі пісьменнікі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Віктар Шніп, Дзмітрый Мікалаеў і іншыя паэты і празаікі, чыя творчасць добра вядомая сучаснаму чытачу.
Гасцей фестываля «ПРОдвижение книги. Библиотечные ступени» чакаюць прэзентацыі кніжных навінак ад беларускіх выдавецтваў, аўтограф-сесіі дзіцячых пісьменнікаў краіны. Мяркуецца, што свята апраўдае свой міжрэгіянальны характар — і ў Карэлічах збяруцца кіраўнікі, супрацоўнікі бібліятэчнай галіны з суседніх раёнаў не толькі Гродзенскай, але і Мінскай і Брэсцкай абласцей. Правядзенне фестываля ў старажытным паселішчы Гродзеншчыны традыцыйна падтрымлівае і Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Раман СЭРВАЧ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.